Гісторыі

«Нас вырашылі зусім звесці са свету». Ксенія Луцкіна і Яна Жураўлёва – пра жыццё за кратамі

Жанчыны прыбіраюць тэрыторыю калоніі № 4 у Гомлі
Жанчыны прыбіраюць тэрыторыю калоніі № 4 у Гомлі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі. Скрыншот: kinopoisk.ru
podpis źródła zdjęcia

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў агляд парушэнняў правоў жанчын у месцах няволі ў Беларусі. Справаздачы далі назву «Нас вырашылі зусім звесці са свету» – гэта цытата палітзняволенай Валерыі Касцюговай. Такімі словамі яна апісвала ўмовы ў СІЗА. На прэзентацыі, што адбылася 8 сакавіка, пра свой досвед зняволення распавялі Яна Жураўлёва і Ксенія Луцкіна.

Як ігнаруюць асаблівыя патрэбы жанчын


Паводле «Вясны», станам на 1 сакавіка 2025 года ў Беларусі былі 154 палітзняволеныя жанчыны. 1562 жанчыны былі асуджаныя паводле палітычных матываў з 2020 да 2024 года. Праваабаронцы падкрэсліваюць: палітычных прысудаў можа быць больш, не пра ўсе можа быць вядома.


Цягам 2020–2024 гадоў не менш як 634 жанчыны былі пакараныя «хатняй хіміяй», не менш як 348 – асуджаныя на пазбаўленне волі, каля 100 – на «хімію» з накіраваннем. Нашмат большая колькасць жанчын за гэты перыяд зазнала адміністратыўны пераслед.


Праваабаронцы звяртаюць увагу, што жанчыны маюць асаблівыя патрэбы, якія сістэматычна ігнаруюць адміністрацыі пенітэнцыярных установаў.


Сярод такіх патрэбаў:


·      доступ да медычнай дапамогі, у тым ліку рэгулярныя гінекалагічныя агляды;
·      захаванне рэпрадуктыўнага здароўя;
·      забеспячэнне сродкамі асабістай гігіены;
·      абарона ад гвалту, дамаганняў і дыскрымінацыі з боку персаналу і іншых зняволеных;
·      псіхалагічнае падтрыманне і захаванне сувязяў з сям’ёй.


У зняволенні жанчыны сутыкаюцца з прыніжэннем, фізічнымі і псіхалагічнымі катаваннямі паводле гендарнай прыкметы, сексуалізаваным гвалтам. Працаўнікі дакранаюцца да жанчын без іхнай згоды, ставяць у нязручныя, прыніжальныя позы.

,,

«Адна жанчына распавядала, што яе прымушалі сядзець на каленях на падлозе, упіраючыся тварам у калені працаўніка, што выклікала ў яе пачуцце прыніжэння і сораму», – распавядае прадстаўніца «Вясны», якая дакументуе перажытае жанчынамі.


«Адзін задзірае майку, другі здымае на тэлефон»


Вельмі прыніжальныя – так званыя «голыя» дагляды, без адзення, у прысутнасці мужчынаў, калі жанчын прымушаюць прысесці, нахіліцца.


 «І ён (працаўнік УУС) проста паставіў мяне каля сцяны і як стаў мне гарлапаніць на вуха, што мая праца – гэта смактаць у мужыкоў. Разумееце, я стаю, мяне проста паліваюць брудам, што такіх, як я, трэба забіваць, што я нявартая наогул жыць, і пайшло, і паехала, што я бэчэбэшная сука, вось у такім вось родзе, разумееце?», – прыводзіцца ў справаздачы адзін з аповедаў былой зняволенай.


З моманту затрымання жанчыны сутыкаюцца з абразамі і брыдкімі словамі на свой адрас. Самая жорсткая сітуацыя – дамаганні і сексуалізаваны гвалт. Жанчыны, якія перажылі зняволенне, распавядаюць пра свой досвед:


«Яны мяне не білі кулакамі. Пляснулі па задніцы. Усё гэта суправаджалася пагрозамі групавога згвалтавання. Ва ўсіх фарбах апісвалі, што будзе, калі не здам усе паролі. Майку задзіралі. Адзін задзірае, а другі здымае на тэлефон. Гэта так зневажальна».


«Рукамыйніцы яны вынеслі асобна і туды паставілі камеры відэаназірання. А нам жа трэба было неяк мыцца, таму даводзілася голымі пад гэтымі камерамі ўсё рабіць. І калі разумееш, што на твае голыя грудзі глядзяць мужчыны, то гэта вельмі непрыемна, мякка кажучы. Але ад гэтага нікуды не схавацца».


«У МУС на мяне была асобная інструкцыя»


Затрыманні, допыты найчасцей праводзяць мужчыны, і толькі гэта ўжо ставіць жанчын у больш уразлівае становішча. Гэта можа палохаць жанчын, яны могуць пачувацца няёмка ці ў небяспецы, калі застаюцца сам-насам ці ў пакоі з некалькімі мужчынамі, і пад ціскам могуць прызнавацца ў злачынствах, якіх не здзяйснялі.


 «Мозг не хацеў падпускаць да сябе сексісцкія жарты, спробы мяне падсцябаць, пытанні, навошта мне ў тэлефоне голыя фотаздымкі. Страшная сітуацыя, калі ты адна там, дзе ніхто не ведае, куды цябе павезлі і што з табой могуць зрабіць. Было страшна ўсведамляць, што з табой можа адбыцца што заўгодна, пры гэтым ты не можаш даць фізічны адпор. Гэта было ўсведамленне, што ты ўвогуле нічога не можаш», – распавядае Яна Жураўлёва (доктарка-ветэрынарка, была затрыманая 23 лістапада 2021 года; правяла за кратамі 3 гады паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).


Ксенія Луцкіна. Фота: Наша Ніва
Ксенія Луцкіна. Фота: Наша Ніва
Выява мае ілюстрацыйны характар. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

«У вас пухліна, трэба ў лякарню, але няма магчымасці». Што адбываецца са здароўем беларусак у калоніях?

навіны

Былая палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна зазначае, што ў прадстаўнікоў розных органаў адрозны падыход да камунікацыі са зняволенымі, а таксама ёсць інструкцыі (Ксенія Луцкіна была затрыманая 22 снежня 2020 года і асуджаная на 8 гадоў паводле арт. 357 Крымінальнага кодэксу – «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Журналістку вызвалілі 20 жніўня 2024 года на падставе «памілавання». У пачатку сакавіка 2025 года з'ехала з Беларусі).


«Я ведаю, што ў МУС на мяне была асобная інструкцыя. Мне, напрыклад, нельга было на допыце піць. З Валадаркі мяне вывозілі і білі тварам аб дзверы машыны. ГУБАЗ грубы. Яны мне казалі, што ў мяне вусны надзьмутыя, а грудзі – не вельмі, відаць, грошай не хапіла. Але гэта прасцей перажываецца, чым псіхалагічны ціск ад КДБ. На Валадарцы быў такі працаўнік Міша – ён стаяў і глядзеў, як мне рабілі ўкол, хоць паводле інструкцыі МУС ён не меў на гэта права. Але большасць тых, хто насамрэч ведае, што такое сексуалізаваны і псіхалагічны гвалт, усё яшчэ сядзяць на Антошкіна», – кажа былая палітзняволеная.


Самы цяжкі досвед – у Марфы Рабковай


Самымі цяжкімі для Ксеніі Луцкінай былі першыя 4 месяцы ў СІЗА на Валадарцы: у 2020-м – пачатку 2021 года там стварылі рэжым як у турме.


«На Дзень Волі ў 2021 годзе яны чакалі асады Валадаркі і былі на вайсковым становішчы. Дзяжурны бегаў у бронекамізэльцы і касцы. Адна з жаночых камераў бегала з матрацамі, а тры мужчынскія – хадзілі «каруселлю» – з усімі рэчамі ўверх-уніз. Але Валадарку ніхто асадай не ўзяў, рэжым паступова стаў вяртацца да ранейшага. Хоць у мяне быў рапарт за ляжанне. Я прыйшла пасля ўколу і прылегла, і на мяне склалі рапарт, хоць мне можна было прылегчы», – прыгадвае журналістка.


Але самы цяжкі досвед, са словаў Ксеніі, у праваабаронцы «Вясны» Марфы Рабковай:

,,

«Калі яна выйдзе, яна сама распавядзе пра гэта. Але тое, што перажыла яна, не перажыла ніводная з палітзняволеных жанчын. І яна была першай, і сядзіць даўжэй за іншых жанчын. Пасля ейнага досведу, на мой погляд, ніхто не можа скардзіцца і казаць "мне было кепска"».


Страта ідэнтычнасці


Жанчыны, якія вызваляюцца з месцаў зняволення, распавядаюць пра цяжкасці з доступам да сродкаў гігіены, і не толькі да пракладак ці тампонаў – часам не выдаюць нават туалетнай паперы. Праваабаронцы і медыі публікавалі ўжо шмат сведчанняў пра абмежаваны доступ да душу, свежага паветра ў ІЧУ, СІЗА і калоніях.


У справаздачы «Вясны» прыводзяцца такія аповеды:


 «Мы прасілі даць нам пракладкі, але нам не давалі. Калі мы прыехалі з Акрэсціна, то ў нас яшчэ былі месячныя, а потым яны зніклі дзесьці месяцы на тры ад стрэсу. Таксама не выдавалі нам і туалетнай паперы. Калі давалі трохі і мы прасілі зноў, то працаўнікі пыталіся: «Што вы там сабе ўсё траце?».


«Праблема для ўсіх дзяўчат была з пракладкамі. Іх можна прасіць толькі ў медычнага працаўніка. <…> Могуць даць толькі адну на дзень. Адной дзяўчыне не давалі, таму яна падчас месячных карысталася нейкай анучай, якую потым мыла ў халоднай вадзе і сушыла».


«Ёй патрэбная была пракладка на гадзіну, ну ўмоўна. І ёй не давалі пракладак. І ў нейкі дзень мы вырашылі, каб яна проста прайшла – там з раніцы ідзе агляд камеры і мы выходзім на калідор літаральна на пару хвілінаў – і мы ёй сказалі, каб яна нічога не падкладала. І яна прайшлася і заліла крывёю ўвесь калідор ім. І толькі пасля гэтага нам далі пачак пракладак».


Паводле праваабаронцаў, якія дакументуюць перажытае палітзняволенымі жанчынамі, адсутнасць сродкаў гігіены, магчымасці памыцца прыводзяць да інфекцыяў, гінекалагічных праблемаў. Стрэс вядзе да збою цыклу ці поўнай страты месячных. Гэта ў тым ліку моцнае псіхалагічнае ўзрушэнне для жанчын за кратамі, бо яны ўспрымаюць гэта як страту сваёй ідэнтычнасці ў сувязі з парушэннем рэпрадуктыўнай функцыі.


Умовы «выпраўлення» жанчын у калоніях


Тэрыторыя жаночай калоніі ў Гомлі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі
Тэрыторыя жаночай калоніі ў Гомлі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі

Жанчын прымушаюць выконваюць цяжкую, часта бессэнсоўную працу на холадзе, у нязручнай вопратцы, без магчымасці сугрэцца, пераапрануцца. Калі жанчыны трапляюць у калоніі, у іх забіраюць рэчы, а ўзамен даюць формавае адзенне: ружовую сукенку, зялёны касцюм – пінжак і спадніцу, сінюю целагрэйку.


 «Ты не можаш не апрануць гэта. І ты не можаш дапускаць нейкіх вольнасцяў – напрыклад, апрануць спартовыя штаны пад сукенку. Калі зверху з-пад сукенкі выглядвае чорны трохвугольнік майкі ці за рукаў сукенкі выступае чорны рукаў майкі, можа быць рапарт і пазбаўленне спаткання ці перадачы. Я абрэзала нажніцамі ўсё, што магло выступаць за сукенку. Часцей за такія рэчы прыцягвалі палітычных, у звычайных зняволеных маглі і не звяртаць увагі».


Ксенія Луцкіна звяртае ўвагу, што мужчынам дазваляецца перадаваць у калонію больш вопраткі, чым жанчынам:

,,

«У нас дзве майкі, у мужчынаў – 10 з рознай даўжынёй рукавоў. У іх асобна ўлічваецца тэрмабялізна, у нас яна ідзе разам са звычайнай. Мужчынам можна пашыць форму паводле памеру для кожнай калоніі ў менскім атэлье. А нам што выдалі, крывое, касое, у тым і хадзі. Напрыклад, жанчыне з 40-м памерам даюць форму 56-га. І перашываць яе нельга. І пытанне ўжо не ў прыгажосці, а ў тым, што задувае».



Belsat

«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі

навіны

Узімку жанчын перад або пасля працы масава прымушаюць прыбіраць снег. Яго спачатку адкідаюць, а пасля выносяць у торбах. Калі рыдлёўкай немагчыма раскідаць снег, то яны вёдрамі носяць кіпень, растапляюць, а потым лужы зграбаюць у вёдры і выносяць. Пасля гэтага ў жанчын няма магчымасці прасушыць свае рэчы, пасля прыбірання снегу яны могуць увесь дзень хадзіць у мокрай вопратцы ці абутку.


Здароўе за кратамі


Калі чалавек трапляе за краты, ягоным сваякам трэба вельмі хутка сабраць усе медычныя дакументы, што пацвярджаюць наяўнасць у яго нейкай хваробы, кажа Ксенія Луцкіна. Зрабіць гэта трэба таму, што ні ў СІЗА, ні ў калоніі зняволенаму не будуць верыць на слова, што ў яго ёсць нейкія праблемы са здароўем.


«У мяне ўсе эпікрызы і выпіскі пра мой стан былі ўдома. Напэўна, гэта мне ўратавала жыццё. Ведаю, што паліклінікі проста так не даюць сваякам на рукі дакументы, трэба падключаць адваката, і гэта можа быць доўга», – кажа Ксенія.

Сталовая ў жаночай калоніі ў Гомлі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі. Скрыншот: kinopoisk.ru
Сталовая ў жаночай калоніі ў Гомлі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі. Скрыншот: kinopoisk.ru

У пенітэнцыярных установах вязняў правяраюць на сімуляцыю, і гэта мае сэнс, бо «зэкі любяць сімуляваць», зазначае Луцкіна:


«Калі я сказала пра свой дыягназ, лекар запытаўся – а чым дакажыце? Я першы раз была ў сітуацыі, калі мне не верылі. Праз некаторы час я зразумела, чаму не вераць. Таму неабходна мець пацверджанне захворвання, інакш будзе вельмі складана».


Абдымеш – данясуць пра «лесбійскія адносіны»


Акрамя фізічнага здароўя, вельмі няпроста ў месцах зняволення захаваць псіхалагічнае. Яна Жураўлёва распавядае, што імкнулася трымаць сябе ў руках, а таксама звяртала ўвагу на іншых. І калі нейкая жанчына пачынала сумаваць, Яна імкнулася пераключыць ейную ўвагу, папіць разам гарбаты, пагутарыць.


Вельмі цяжка перажываецца адсутнасць лістоў.


«Калі доўга не прыходзіць ліст, ты паспяваеш усіх пахаваць, пражыць усе найгоршыя сцэнары. Яшчэ горш, калі ты тэлефануеш – і табе не адказваюць. Мне запомнілася, як адной жанчыне мама праз тэлефон паведаміла, што ў яе памёр тата. Гэта было страшна. Чалавек пачаў крычаць, у гэтым крыку было столькі болю. І ёй не далі ні бальнічны, нічога, толькі нейкія супакаяльныя. Яна была як у ваду апушчаная некалькі тыдняў», – прыгадвае Яна.

Лісты Юліі Маўшук. Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Лісты Юліі Маўшук. Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года. Фота: Белсат

Агулам жа, кажа палітзняволеная, у калоніі няма магчымасці пабыць на самоце, паплакаць. Акрамя таго, перш чым падтрымаць іншую жанчыну, абняць яе, некалькі разоў падумаеш, бо хтосьці можа данесці адміністрацыі, што ў вас «лесбійскія адносіны».


«Пасля вызвалення я спала па 12–14 гадзінаў, а таксама плакала з любых дробязяў», – зазначае Яна.


«Тваё дзіця вырасце і не пазнае цябе»


Асобны від катаванняў жанчын у месцах зняволення – шантаж дзецьмі, пагрозы забраць дзіця ў дзіцячы дом, забараніць спатканні з сям’ёй, паставіць сям’ю на ўлік. Страшна гучаць словы «будзеш сядзець столькі, што тваё дзіця вырасце без цябе і цябе не пазнае» – гэта вельмі моцна ўплывае на эмацыйны стан жанчын, зазначаюць праваабаронцы.


Ксенія Луцкіна кажа, што ўвесь час чула на допытах, што яе пазбавяць матчыных правоў.

,,

«Гэта быў моцны інструмент маніпуляцыі. І гэта была прычына, праз якую я прызнала віну», – кажа журналістка.


Ксенію пазбаўлялі лістоў ад сына. 


«У мой другі Новы год у СІЗА – 2022-і – я атрымала шмат дзіцячых паштовак, і ніводнай ад свайго дзіцяці. Потым я атрымлівала шмат дзіцячых лістоў, але ніводнага – ад свайго сына. Мне адмаўлялі ў спатканнях і казалі: дзеці не мусяць бачыць бацькоў у такіх месцах», – распавядае былая палітзняволеная.

Жаночая папраўчая калонія № 4 у Гомлі. Фота: АВ / Белсат
Жаночая папраўчая калонія № 4 у Гомлі. Фота: АВ / Белсат

Першы раз пасля затрымання Ксенія ўбачыла сына толькі праз 1,5 года, а абняць змагла яго праз 2,5 года.


«Калі я выйшла, ён быў вышэйшым за мяне. Мае 4 гады адсутнасці вельмі бачныя. Гэта скрадзеныя гады дзяцінства майго дзіцяці. Ён стаў вельмі дарослым. У мяне было шмат мацярынскіх страхаў, але, на шчасце, мой сын заўсёды разумеў, што адбываецца, я ніколі не была для яго злачынцай», – кажа Луцкіна.


Поўны тэкст справаздачы «Нас вырашылі зусім звесці са свету» можна прачытаць па спасылцы.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10