Праваабарончая ініцыятыва «Лекары за праўду і справядлівасць» на працягу апошняга года вывучала тэму прадстаўлення медычнай дапамогі жанчынам у беларускіх месцах зняволення. Падчас даследвання праваабаронцы размаўлялі з былымі палітзняволенымі беларускамі, падрабязна распытвалі пра праблемы са здароўем, з якімі давялося сутыкнуцца, і як іх дапамагалі (а часцей – не дапамагалі) вырашыць. Вынікі былі прадстаўленыя на канферэнцыі «Жаночае здароўе ў беларускай турме», якая прайшла ў Вільні 29 лістапада.
Медычны агляд праз «кармушку»
«Прыходзіць лекарка, загадвае праз «кармушку» – падыміце майку. Штосьці там памацала і кажа – ну так, у вас пухліна, трэба вас везці ў лякарню, але цяпер няма магчымасці. І сышла», – так апісала медычны агляд у калоніі адна з былых палітзняволеных жанчын.
У Беларусі – вельмі шмат зняволеных жанчын, і іх колькасць сур’ёзна вырасла цягам апошніх чатырох гадоў, за кошт «палітычных» прысудаў. Ва ўсім свеце колькасць зняволеных жанчын – ад 2 да 9%. У Беларусі у 2023 годзе былі асуджаныя 5726 жанчын – 17% ад усіх асуджаных – такую інфармацыю прыводзяць праваабаронцы.
«Лекары за праўду і справядлівасць» на працягу 5 месяцаў апыталі 20 жанчын, якія знаходзіліся ў калоніях. Ім прапанавалі анкеты з 90 пытаннямі. Асноўны вынік, які праваабаронцы атрымалі пасля вывучэння запоўненых анкет – у месцах зняволення ў Беларусі вельмі вялікая праблема з доступам да медычнай дапамогі.
,,«Толькі адна жанчына адказала, што атрымала дапамогу па першым запыце. Восем – пасля настойлівых патрабаванняў. Усім астатнім сказалі, што іхны стан не патрабуе медычнага ўмяшальніцтва», – распавяла Вольга Вялічка, заснавальніца публічнай установы «Лекары за праўду і справядлівасць», аўтарка даследванняў турэмнай медыцыны і псіхалогіі.
Таксама вялікая праблема існуе з атрыманнем інфармацыі пра свой стан здароўя, калі да лекара ўсё ж атрымалася трапіць і былі праведзеныя абследаванні. Жанчынам не выдаюць на рукі вынікі аналізаў. Калі штосьці атрымалася даведацца, жанчына часта не можа перадаць інфармацыю пра стан свайго здарояў сваякам на волю і папрасіць прынесці патрэбныя лекі.
«Узяцце эндаметрыю на аналіз без наркозу»
Пасля 2021 года стала амаль немагчыма атрымаць антыковідную вакцыну – толькі 4 з апытаных жанчын дамагліся яе.
Сур’ёзная праблема існуе з псіхалагічнай дапамогай жанчынам у калоніі.
«14 з 20 жанчын адзначылі, што з імі працаваў псіхолаг, 7 жанчын распавялі, што ў калоніі былі групавыя заняткі. Лічу, што гэта неблагі паказальнік у адрозненні ад мужчынскай калоніі. Аднак, турэмны псіхолаг, які працуе з жанчынамі ў зняволенні, відавочна супрацоўнічае з аператыўнымі службамі», – зазначае Вольга Вялічка.

У анкеце таксама было пытанне пра сексуальнае жыццё і патрэбы за кратамі. Па выніках, 85% жанчын адказалі, што хацелі б захоўваць права на сексуальнае здароўе ў зняволенні. У 70% сексуальнае жаданне адсутнічала, у 30% праяўлялася эпізадычна. 21% апытаных жанчын займаліся мастурбацыяй, але хавалі гэта. 21% хацелі, але не мелі магчымасці, астатнія не хацелі.
У жанчын запыталіся, які ўспамін з калоніі для іх – самы жахлівы. Вось што яны назвалі:
· узяццё эндаметрыю на аналіз без наркозу ў калоніі, патрыятычнае мерапрыемства праз 5 хвілінаў пасля працэдуры,
· працяканне пры менструацыі ноччу ў калоніі і адмова на просьбу аб пранні рэчаў не па графіку (прала і мылася тайком),
· панічныя атакі ў страі пры вывадзе на фабрыку,
· першы выклік да аператыўнага супрацоўніка па даносе ў калоніі,
· колькасць галодных людзей у калоніі,
· колькасць даносчыц у калоніі.
На што хварэюць беларускі за кратамі?
Эксперт, які знаходзіцца ў Беларусі, мае дачыненне да пенітэнцыярнай сітэмы, і пажадаў застацца ананімным з меркванняў бяспекі, зрабіў для праваабаронцаў ацэнку тэрапеўтычнай дапамогі жанчынам за кратамі. Агульная выснова: пасля 2020 года нават зняволеныя, якія трапілі ў калонію раней, заўважылі пагаршэнне з доступам да медыцыны.
Паводле эксперта, на першы месцы сярод захорванняў у жанчын у калоніях – гіпертанічная хвароба, ішэмічная хвароба сэрца, парушэнні сардэчнага рытму, атэрасклероз, тромбы. Узнікаюць яны як на фоне стрэсаў, перажыванняў, так і як ускладненне інфекцыйных захворванняў – ангіны, грыпу, ВРВІ. Апошнія, калі пераносяцца на нагах, могуць прывесці да міякардзітаў, а тыя ў сваю чаргу – да хваробаў сэрца.
У зняволенні ў Беларусі ўтрымліваюць жанчын, якіх не павінна там быць праз іхныя захворванні.
,,«Нам вядома пра асуджаную жанчыну з хранічным лейкозам, які ўваходзіць у пералік хваробаў, з якімі нельга змяшчаць у калонію, аднак яе ўсё роўна асудзілі да пазбаўлення волі», – зазначаецца ў даследванні.
Вялізнай праблема з’яўляецца тое, што калі жанчына да змяшчэння ў калонію мела нейкія праблемы са здароўем і праходзіла лячэнне, за кратамі яно, хутчэй за ўсё, не будзе працягнутае, лекі ад сваякоў не прымуць, што прыводзіць да ўскладненняў і трывалай страты здароўя.
На другім месцы – хваробы страўніка і страўнікава-кішэчнага тракту.
«Тут таксама граюць ролю стрэс і непаўнавартаснае харчаванне, на якое скардзіліся амаль усе. У выніку ў жанчын узнікалі ці абвастраліся гастрыт, панкрэатыт, халецыстыт, язвенныя хваробы. Усе мы ведаем пра тое, што адбылося з Марыяй Калеснікавай, таму што было яўнае неаказанне дапамогі і ўсё цягнулася да апошняга. Хранічны панкрэатыт у Паліны Шарэнды-Панасюк – гэта патэнцыйна смяротнае захворванне», – кажа эксперт.
Жанчыны з дыягназамі не могуць працягнуць лячэнне, якое атрымлівалі на волі

Далей ідуць захворванні органаў дыхання: пнеўманіі, астма, бранхіты. Шмат жанчын прайшлі праз кавідныя пнеўманіі, якія не лячыліся ў дастатковым аб’ёме, не праводзіліся дастатковыя асбледаванні, а менавіта – кампутарную тамаграфію, у выніку ў жанчын адбываліся змяненні ў лёгачнай тканцы, якая можа заставацца на ўсё жыццё.
«Пры бранхіяльнай асме мікраварсінкі ад тканіны могуць выклікаць абвастрэнні, аднак нікога гэта не хвалюе – усе ішлі працаваць на фабрыку, ніякіх дыферэнцыйных рэкамендацыяў па працы ў залежнасці ад хваробаў», – зазначае даследчык.
Шмат жанчын у калоніях з цукровым дыябетам, які таксама становіцца сур’ёзнай праблемай.
«Пры гэтай хваробе патрэбнае правільнае харчаванне і кантроль цукру у крыві – тэст-палоскі, глюкометры, чаго ў нікога са зняволеных няма, а ад сваякоў іх таксама часта не прымаюць. Калі ж дыябет не лечыцца, гэта можа прывесці да дыябетычнай комы, гэта вельмі небяспечна», – зазначае эксперт.
Значнае месца сярод захворванняў жанчын у месцах зняволення займаюць праблемы са шчытападобнай залозай. Пры чым, яны часта застаюцца схаванымі, бо абследванні не праводзяцца. Ніводнай з апытаных жанчын у калоніі медыкі не глядзелі шчытападобную залозу, нават пальпатарна, не кажучы ўжо пра УГД. Тыя ж жанчыны, якія мелі дыягназ на момант змяшчэння ў калонію, гублялі магчымасць кантраляваць сваё захворванне, бо не мелі магчымасці атрымаць кансультацыю эндакрынолага і лекі ад сваякоў.
«Жанчыне ў турме цяжэй, чым мужчыне»
Асобнае месца ў даследванні праваабаронцаў займае гінекалагічнае і рэпрадуктыўнае здароўе жанчын у калоніях.
,,«На ахову здароўя мае права не толькі сама жанчына, якую пасадзілі, а таксама яе будучыя дзеці, якія яшчэ не нарадзіліся і не былі пачатыя. У турмах церпіць рэпрадуктыўнае здароўе жанчыны, дзякуючы якому нараджаецца здаровае патомства. Менавіта з улікам гэтага трэба асаблівым чынам ахоўваць здароўе жанчын. <…> Захаване здароўя жанчын актуальны з пункту гледжання здароўя будучых пакаленняў беларусаў», – кажа лекар-гінеколаг Таццяна Дубавец, якая прадставіла на канферэнцыі сваё даследванне.
Паводле спадарыні Таццяны, жанчыне цяжэй у турме, чым мужчыне, найперш таму, што ў мужчын няма менструацыяў, якія для беларусак за кратамі становяцца дадатковай праблемай. У 70% жанчын, якія трапілі за краты, на волі не было праблемаў з менструальным цыклам. У зняволенні на фоне стрэсу цыкл парушаецца ў 80% жанчын, і толькі ў 37% ён потым аднаўляецца, у 63% фармуецца сталае парушэнне. Найперш гэта затрымкі менструацыяй.
«І як бы гэта цынічна ні гучала, лекары кажуць жанчынам у такіх выпадках – радуйся. Не таму, канешне, што ты хворая, а таму, што будзе менш праблемаў з гігіенай», – кажа Таццяна Дубавец.
Месячныя могуць наадварот стаць больш абільнымі і даўжэйшымі.
«Гэта стварае праблему, калі ноччу баішся, што будзе працечка, бо за гэта будзе пакаранне, дзе ўзяць пракладкі, дзе памыцца. Калі месячныя балезненныя, гэта дадатковыя праблемы – жанчыны ад болю могуць губляць прытомнасць. Калі месячныя абільныя, можа падаць гемаглабін, павялічвацца нагрузка на сэрца, пераахалождванне можа выклікаць запаленне, а потым спайкі ў малым тазу, і як вынік – бясплоддзе», – распавядае лекарка.
Забарона на пракладкі і душ як пакаранне

У калоніі ўсталяваная норма пракладак для жанчын – 10 штук у месяц. Таццяна Дубавец кажа, што не можа зразумець, адкуль такая лічба, бо нават у сацыяльных установах, дамах-інтэрнатах, напрыклад – 20 пракладак на месяц. У калоніі жанчын могуць пазбавіць пракладак у якасці пакарання, не прыняць перадачу з прадметамі гігіены з волі.
«Разам з абмежаваннем на карыстанне душам - гэта цяжкі маральны і фізічны ціск. У гэты перыяд трэба абавязкова хадзіць у душ двойчы на дзень і кожныя 4 гадзіны мяняць пракладку. Гэтага нашыя жанчыны ў турмах пазбаўленыя на 100%. Гэта рызыка інфекцыяў», – зазначае гінеколаг.
Калі жанчына на волі прымала нейкае лячэнне, напрыклад, гарманальныя таблеткі як тэрапію эндаметрыёзу, у калоніі яна больш не мае такой магчымасці. Мясцовы гінеколаг пры гэтым, па словах жанчынаў, не звяртае ўвагі на скаргі, агляд носіць фармальны характар.
«А той жа эндаметрыёз лечыцца абавязкова гарманальынмі прэпаратамі, і калі зрабіць перапынак, захворванне будзе прагрэсаваць», – падкрэслівае спадараныя Таццяна.
Асобная група жанчынаў, якія маюць праблемы ў турме – у перыядзе клімаксу. У гэты час падвышаецца рызыка розных захворванняў – цукровага дыябету, анкалагічных захворванняў.
,,«Жанчынам у гэты час патрэбны доступ да лекараў. Нікому ў турмах не праводзіцца гармона-замяшчальная тэрапія ў перыяд клімаксу», – кажа лекарка.
Высновы медыкаў і былых палітзняволеных жанчын
Медыкі і праваабаронцы, якія даследвалі здароўе жанчын у беларускіх калоніях, прыйшлі да наступных высноваў:
· пенітэнцыярныя ўстановы ў Беларусі абсалютна не адпавядаюць патрабаванням, заснаваным на павазе да правоў чалавека, агульнапрынятым міжнародным рэкамендацыям і прынцыпам сацыяльнай справядлівасці.
· у месцах пазбаўлення волі не забяспечваюцца элементарныя медыка-санітарныя патрэбы зняволеных.
· парушаюцца асабістыя межы і інтымнасць, не выконваецца канстытуцыйнае права на ахову здароўя.
· медычны персанал часта выкарыстоўваецца як карная, а не лячэбна-аздараўленчая структура.
У жанчын запыталіся, што б яны самі параілі змяніць у пенітэнцыярных установах. Атрымалі наступныя адказы:
· прыбраць кайданкі пры транспартаванні зняволеных у лякарню,
· забяспечыць паўнавартаснае харчаванне і выдачу вітамінаў,
· не абмяжоўваць сустрэчы са сваякамі, дазволіць сустрэчы з сябрамі, даваць працяглыя спатканні не радзей, чым раз на месяц, а кароткія – два разы на месяц,
· званкі і відэасувязь – не радзей трох разоў на тыдзень,
· выключыць сістэму даносаў як карупцыйную схему,
· змяніць форму адзення,
· дазволіць атрымоўваць грошы і пасылкі не толькі ад сваякоў.
«Крычаць на ўвесь свет пра тое, што робіцца з жанчынамі ў турмах Беларусі»

Медыкі і праваабаронцы перакананыя, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі павінна ўзяць на сябе адказнасць за прадстаўленне медычных паслугаў жанчынам у зняволенні.
«Павінна быць працягнута лячэнне менавіта ў такім аб’ёме, калі б жанчына заставалася на волі, з паліклінік павінны быць прадстаўленыя дакументы ў калонію. Пасля вызвалення павінна быць выдадзеная падрабязная выпіска з апісаннем усіх аналізаў, скаргаў, дыягназаў, якія былі ў калоніі. Медычны персанал мусіць мець поўную незалежнасць у прыняцці рашэнняў. Калі медпрацаўнік бачыць, што ў жанчыны пагоршыўся стан здароўя, ён павінен мець права прымаць рашэнне, што жанчыну трэба звазіць да вузкага спецыяліста ці ў лякарню. Тут не павінна быць дазволу начальніка калоніі, які не мае медычнай адукацыі», – кажуць прадстаўнікі ініцыятывы «Лекары за праўду і справядлівасць».
Беларускія праваабаронцы сумесна з медыкамі плануюць распрацаваць дакументы і накіраваць сваё бачанне неабходных зменаў нават у сённяшніх умовах у дэпартамент па выкананні пакаранняў.
Васіль Завадскі, былы турэмны лекар, зазначае, што права на здароўе – істотны аспект права чалавека на жыццё, і без права на задроўе немагчыма казаць пра іншыя правы.
«Жанчына і турма – рэчы неспалучальныя. Жанчыны найбольш уразлівыя ў турме», – перакананы медык.
Былая палітзняволеная Вольга Скрашчук, якая правяла ў зняволенні два гады, лічыць, што сёння пра праблемы жанчынаў у беларускіх турмах трэба казаць больш і паўсюль, дзе толькі можна.
,,«Мы павінны крычаць на ўвесь свет пра тое, што робіцца з жанчынамі ў турмах Беларусі», – кажа беларуска.
Праваабаронцы і медыкі ініцыятывы «Лекары за праўду і справядлівасць» падчас анкетавання задавалі жанчынам таксама пытанні пра адносіны з дзецьмі, і як на іх паўплывала турма. Гэтую вельмі ўразлівую тэму, як зазначыла Вольга Вялічка, ініцыятыва плануе далей даследаваць у наступным годзе.
Ганна Ганчар belsat.eu