Гісторыі

Як ажаніцца за мяжою без даведкі з загсу? Пацікавіліся ў амбасадах, ці працуюць новыя правілы

Маладыя на вяселлі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Маладыя на вяселлі. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

З пачатку 2025 года загсы Беларусі больш не выдаюць даведак пра адсутнасць зарэгістраванага шлюбу. Цяпер пра тое, што ў вас няма перашкодаў для стварэння сям’і, заяўляеце вы самі ў прысутнасці натарыуса. Як гэта выглядае на практыцы, ці ўсім беларусам за мяжою навіна спрасціла жыццё і ці можна не хвалявацца, што новага дакументу дзесьці не прымуць? Спраўдзілі ў амбасадах Беларусі ў розных краінах. Таксама запыталі ў беларусаў, пабраных нядаўна шлюбам за мяжою, які шлях яны абралі.

Заява замест даведкі з загсу


У большасці краінаў для рэгістрацыі шлюбу патрабуюць афіцыйны дакумент пра тое, што замежнік не мае шлюбнага саюзу на радзіме. Такі дакумент раней выдаваў загс паводле месца рэгістрацыі грамадзяніна. Беларусам за мяжою, якія не могуць паехаць на радзіму, даць рады гэтай праблеме было вельмі цяжка. Адпаведна, і стварыць сям’ю.


Цяпер жа, з 1 студзеня 2025 года, згодна з арт. 19-1 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, замест такой даведкі ўводзіцца заява грамадзяніна пра адсутнасць перашкодаў да шлюбу. Сапраўднасць подпісу ў заяве сведчыцца натарыяльна ці службовай асобаю, якая, у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, мае права здзяйсняць натарыяльныя дзеянні. 


Фактычна заява пра адсутнасць перашкодаў да шлюбу складаецца са словаў заяўніка – і ён жа нясе адказнасць за дачу няправільных звестак. Натарыус не мусіць пацвярджаць праўдзівасць гэтай інфармацыі, а толькі сапраўднасць подпісу заяўніка.


У заяве трэба ўказаць, што на момант яе падачы заяўнік не мае шлюбу, то бок ніколі не быў у ім або ранейшы шлюб быў скасаваны (з указаннем даты і падставы скасавання). Таксама трэба пазначыць, што на момант напісання заявы ў заяўніка няма перашкодаў для шлюбу.


Як аформіць заяву?


Для пацверджання скасавання папярэдняга шлюбу трэба дадаць да заявы адпаведныя дакументы: пасведчанне аб скасаванні шлюбу, пастанова суда аб скасаванні шлюбу, што набыла законную моц, пасведчанне аб смерці сужэнца.


Зрабіць такую заяву на падставе даверанасці нельга, да натарыуса (а тым, хто за мяжою, у амбасаду) давядзецца ісці асабіста. Раней загс выдаваў даведку бясплатна, у натарыуса за пацверджанне подпісу давядзецца заплаціць 33,6 рубля, за мяжою – яшчэ болей.


У Беларусі з заяваю для пацверджання сапраўднасці подпісу можна звярнуцца да любога натарыуса і паставіць апастыль у галоўных упраўленнях юстыцыі ў Менску ці абласных цэнтрах. Для краінаў, што не прынялі Гаагскай канвенцыі 1961 года, – у галоўным консульскім упраўленні МЗС пасля папярэдняга засведчання ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У выпадку натарыяльнага засведчання заяваў беспасярэдне ў замежных установах там, дзе гэтага патрабуюць (не ўва ўсіх краінах патрэбная легалізацыя), консульская легалізацыя такіх дакументаў павінна ажыццяўляцца ў МЗС краіны перабывання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Копія скарочанага пасведчання аб шлюбе ў Польшчы. Фота: Arkadiusz Ziolek / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Копія скарочанага пасведчання аб шлюбе ў Польшчы. Фота: Arkadiusz Ziolek / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жонка і муж фатаграфуюцца пасля вяселля ў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў Менску, Беларусь. 30 чэрвеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood / Getty Images

Што не так у Беларусі са статыстыкай шлюбаў? І з самімі шлюбамі таксама

Аналітыка

Іспанія: новая заява і сярэднявечная традыцыя


Не ўсе беларусы разумеюць, як працуе гэтая новая заява замест колішняй даведкі з загсу, як яе атрымаць і ці паўсюль яе прымуць ва ўстановах замежных дзяржаваў. З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся ў амбасады Беларусі ў розных краінах, а таксама ў польскі загс (urząd stanu cywilnego).


На сайце беларускай амбасады ў Іспаніі паведамляецца, што з 1 студзеня 2025 года даведка аб шлюбнай дзеяздольнасці – Certificado de capacidad matrimonial – не выдаецца. Замест яе заяўнік мусіць асабіста звярнуцца ў амбасаду па натарыяльнае завярэнне заявы аб адсутнасці перашкодаў да ўзяцця шлюбу. Дзеля гэтага ён мусіць падаць:


•   заяву з указаннем адрасу фактычнага пражывання і кантактнага тэлефону заяўніка;


•   пашпарт і копіі наступных старонак пашпарту: старонка з фотаздымкам, старонка з расейска-беларускім напісаннем прозвішча, старонка са штампам аб адрасе рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь;


•   дакумент, што пацвярджае законнасць пражывання на тэрыторыі Іспаніі, і яго копія;


•   чэк аб аплаце 50 еўраў консульскага збору.


Даведка будзе выдадзеная на іспанскай ці беларускай / расейскай мовах (трэба ўказаць патрэбную). На сайце амбасады ёсць спасылка на ўзоры заяваў, бо яны розныя, у залежнасці ад таго, быў чалавек раней у шлюбе, удавец ён ці не і інш.


Пад выглядам беларуса, які збіраецца пабрацца шлюбам, наш журналіст патэлефанаваў у беларускую амбасаду ў Іспаніі і запытаўся: а ці прымуць новы дакумент у мясцовым загсе, ці зразумеюць яны, што за паперку ім прынеслі?

,,

«Гэтая заява – адносна нядаўняя норма. Мы паведамілі іспанскаму боку, што ў нас ёсць такія змяненні. Узгадняць мы з імі гэтыя працэдуры не мусім. Пакуль да нас ніхто не вяртаўся і не казаў, што чагосьці не прынялі. Думаю, праблемаў быць не мусіць. Іспанскаму боку такія рэчы добра знаёмыя, і ў іспанскай натарыяльнай справе яны таксама выкарыстоўваюцца. Калі раптам не прымуць дакументу, будзем разбірацца ў гэтай сітуацыі», – сказалі ў амбасадзе.


Беларуская амбасада скіравала запыт у іспанскі МЗС датычна неабходнасці легалізацыі заявы аб адсутнасці перашкодаў для ўзяцця шлюбу, аднак пацверджання такой патрэбы пакуль не атрымала. Але, са словаў працаўніка амбасады, і ранейшыя даведкі не легалізоўваліся ў МЗС – Іспанія не патрабавала гэтага, таму ёсць спадзевы, што так будзе і далей.


Таксама нас папярэдзілі, што ў выпадку шлюбу ў Іспаніі трэба памятаць пра такую рэч, як публікацыя эдыктаў – Certificado de publicación de edictos.


«Мы выдаём пры неабходнасці даведку пра тое, што паводле беларускага заканадаўства эдыкты не публікуюцца. Гэта абвестка аб шлюбе, на якую любы чалавек можа выказаць свае пярэчанні з аргументамі. Гэта даўняя традыцыя, з Сярэднявечча яшчэ захоўваецца», – зазначылі ў амбасадзе. 


У Літве – самая танная заява


У амбасадзе Беларусі ў Літве нашаму журналісту пацвердзілі, што з 1 студзеня выдаюцца натарыяльна завераныя заявы аб адсутнасці перашкодаў для ўзяцця шлюбу. Робяць іх на расейскай мове. Пра пераклад трэба паклапаціцца самастойна, і патрабаванні да яго ўдакладніць у літоўскага боку, са словаў працаўніка амбасады.


Каб зрабіць заяву, трэба загадзя запісацца. З сабою трэба мець пашпарт грамадзяніна Беларусі, дазвол на жыхарства ў Літве і 35 еўраў – самы нізкі кошт з усіх амбасадаў, з якімі мы размаўлялі.


«Мы нічога не правяраем, быў у вас раней шлюб ці не, заяву вы пішаце самі і ў ёй распавядаеце, а мы пацвярджаем. Калі быў шлюб, патрэбныя дакументы аб скасаванні. Калі не было, то гэта простая фармальнасць», – зазначылі ў дыпламатычнай установе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від з паветра на Тбілісі, Грузія. Фота: Sergey Orlov / Design Pics / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від з паветра на Тбілісі, Грузія. Фота: Sergey Orlov / Design Pics / East News

Польшча: запіс на даведкі на лістапад


На сайце беларускай амбасады ў Польшчы пазначана, што для ўзяцця шлюбу на тэрыторыі гэтае краіны афармляецца даведка аб адсутнасці перашкодаў для шлюбу, якая каштуе 50 еўраў.


Для атрымання даведкі трэба падаць у амбасаду шэраг дакументаў, сярод якіх – заява аб выдачы даведкі, пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, пасведчанне аб нараджэнні заяўніка, дакументы, што пацвярджаюць скасаванне папярэдняга шлюбу, калі ён быў, даведка з польскага загсу аб адсутнасці запісаў аб шлюбе, дакумент, што пацвярджае права на пражыванне ў Польшчы, пашпарт ці пасведчанне асобы будучага мужа ці жонкі. У гэтым спісе таксама ёсць даведка з беларускага загсу аб адсутнасці запісаў аб шлюбе. Пра новую заяву на сайце беларускай амбасады ў Польшчы гаворкі няма.


Беларус, які збіраецца ажаніцца, запытаў у амбасадзе, які дакумент цяпер трэба атрымліваць і як гэта зрабіць. Малады чалавек апавёў нам, што яму адказалі ў консульскім аддзеле амбасады РБ у Варшаве:

,,

«Гэтую даведку вы можаце атрымаць у амбасадзе на падставе вашых натарыяльна зацверджаных (афармляецца падчас візіту) словаў пра адсутнасць запісаў аб шлюбах у Беларусі. Цяпер запіс вядзецца на лістапад у амбасадзе ў Варшаве. Таксама вы можаце звярнуцца ў беларускія консульствы ў Беластоку і Белай Падляскай».


У варшаўскім загсе «Белсату» расказалі, што ў выпадку, калі шлюб хоча ўзяць грамадзянін Беларусі, ён мусіць падаць даведку аб адсутнасці перашкодаў, аформленую ў амбасадзе. Істотнай розніцы паміж даведкай і заявай ва ўстанове не ўбачылі.


«Гэта мусіць быць афіцыйны дакумент, які пацвярджае адсутнасць перашкодаў. Калі вы не можаце звярнуцца ў амбасаду, вы можаце пайсці ў любы раённы суд і папрасіць вас вызваліць ад неабходнасці атрымліваць даведку. З пастановаю суда можна будзе рэгістраваць шлюб», – распавяла працаўніца загсу.


Найпрасцей усё роўна ў Грузіі


Грузія апошнімі гадамі сталася самым папулярным кірункам у беларусаў, якія хацелі ажаніцца, але не маглі паехаць на радзіму па даведку з загсу, бо ў гэтай краіне такога дакументу ўвогуле не патрабавалі. Працэдура афармлення натарыяльна зацверджанай заявы таксама выглядае вельмі проста ў параўнанні з вышэй пералічанымі краінамі.


,,

«Вы можаце прыйсці ў амбасаду, напісаць заяву ад вашага імя (у нас ёсць узор), што вы не маеце шлюбу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а мы пацвярджаем ваш подпіс пад гэтай заявай, консул ставіць пячатку і свой подпіс. Гэтага будзе дастаткова, каб зарэгістраваць шлюб у Доме юстыцыі. У Беларусь па даведку ехаць неабавязкова», – распавялі «Белсату» ў консульскім аддзеле амбасады РБ у Грузіі.


Для візіту ў амбасаду трэба загадзя запісацца. На месцы давядзецца заплаціць 50 еўраў збору гатоўкаю.


Зрэшты, каб зрабіцца мужам і жонкаю ў Грузіі, заўсёды было дастаткова толькі пашпартоў і сведак. Гэткай простай працэдурай скарысталіся ўжо дзясяткі беларусаў, а таксама на карысць сабе яе выкарыстоўваюць грузіны, ствараючы «шлюбныя агенцтвы», якія прапаноўваюць поўны набор паслуг для ўзяцця шлюбу.


У адно з такіх агенцтваў у гэтым лютым звярнуліся беларусы Надзея і Алег (імёны змененыя з меркаванняў бяспекі). Нават нягледзячы на тое, што цяпер дзеля даведкі з загсу не трэба ехаць у Беларусь, маладыя людзі пабачылі, што ў Грузіі ўзяць шлюб будзе прасцей, чым у Польшчы, дзе пара цяпер жыве.


«Я чытала пра ўзяцце шлюбу ў Польшчы, і мне падалося, што там гэта вельмі складана. Ды нават заручальныя пярсцёнкі было складана купіць – трэба было чакаць іх месяц, а каб за 7 дзён зрабілі, даплаціць 30 % ад цаны», – апавяла Надзея.


Беларусы звярнуліся ў грузінскае агенцтва, заплацілі 400 долараў – і больш ні пра што не пераймаліся. Па прылёце ў Тбілісі нарачоныя пайшлі ў Дом юстыцыі, дзе ўжо быў зарэзерваваны для іх час, і ажаніліся, наконт чаго атрымалі прыгожае пасведчанне. 


,,

«З дакументаў былі патрэбныя толькі пашпарты. Ніякіх даведак пра тое, што ў нас не было раней шлюбаў. А яшчэ дзяўчына з агенцтва падказала нам адрасы, дзе ў Тбілісі можна набыць пярсцёнкі. Мы прыляцелі і за дзень іх купілі – выйшла танней, чым у Польшчы», – кажа суразмоўца.


Альтэрнатыва для вынаходлівых – онлайн-шлюб у ЗША


А некаторыя беларусы знайшлі такі прыём – жэняцца ў ЗША, у штаце Юта. Там дазволеныя онлайн-шлюбы і не патрэбныя даведкі з беларускага загсу ці амбасады.


«Пры гэтым сам шлюб – абсалютна афіцыйны. Мы аформілі яго там, потым нашыя дакументы прыйшлі ў Польшчу, мы пайшлі ў мясцовы загс і атрымалі польскае пасведчанне аб шлюбе на падставе амерыканскага. У амерыканскім нават няма пазнакі, што гэта онлайн-шлюб», – расказаў беларус, які ажаніўся ў Юце праз інтэрнэт.


У Польшчы нават з’явіліся фірмы, што прапануюць паслугі ў арганізацыі амерыканскага онлайн-шлюбу. Адну з такіх адкрылі ўкраінцы, і ў сваіх абвестках абяцаюць зрабіць усё за 7 дзён. Ад нарачоных патрабуюцца толькі дзейсны пашпарт і 800 долараў.


«Падпісваем дамову, запаўняем заявы на атрыманне дазволу на шлюб. Цягам трох дзён прыходзіць адказ, і тады дамаўляемся аб канкрэтным дні правядзення цырымоніі онлайн праз платформу ZOOM. Для цырымоніі абавязкова трэба мець двух сведак», – распавялі нам у фірме.


Калі сведак няма, вам іх дадуць, дадаткова плаціць не трэба – усё ўжо ўключана ў тыя 800 долараў.


Пасля цырымоніі трэба да трох тыдняў чакаць арыгінал пасведчання аб шлюбе.


«На падставе амерыканскага пасведчання мы атрымліваем польскае (гэта таксама ўсё ўжо ў кошце), то бок, нашая дамова разрываецца тады, калі ў вас на руках ёсць польскае пасведчанне аб шлюбе», – зазначае фірма.


Для каго навіна нічога не змяніла?


Для тых беларусаў, якія маюць статус уцекача ці дадатковую абарону. Рэч у тым, што любы кантакт такіх людзей з амбасадаю Беларусі можа разглядацца як добраахвотнае паўторнае прыняцце дзяржаўнай абароны, што ёсць падставаю для пазбаўлення статусу.


У Польшчы гэтую праблему можна абысці праз зварот у суд, як мы згадвалі вышэй. Шмат беларусаў пайшлі такім шляхам. З іхнага досведу, чаканне судовага паседжання можа заняць некалькі месяцаў, а потым яшчэ месяц ці два трэба чакаць пастановы суда.


«Ідзяце ў суд – любы, хутчэй будзе ў прадмесці, прапіска не мае значэння. Там запаўняеце заяўку на дазвол распісацца ў Польшчы без дадатковых дакументаў з краіны грамадзянства. Чакаеце паседжання суда. Нас выклікалі праз тры месяцы. Суд самы сапраўдны, з суддзём. Могуць даць перакладчыка, калі вы не разумееце польскай мовы. Потым пастанова суда – яшчэ праз два месяцы. А потым ідзяце ў польскі загс (Urząd stanu cywilnego), і праз месяц рэгістрацыя. У нас на ўсё пайшло паўгода», – распавяла ў «Фэйсбуку» беларуска.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10