Дзяржаўныя медыя апублікавалі звесткі, якія тычацца шлюбаў і разводаў у Беларусі за 2024 год. Некаторыя з лічбаў, мякка кажучы, здзіўляюць. «Белсат» паразмаўляў з экспертамі і высветліў, што, мяркуючы з усяго, беларусам зноў паказваюць зручныя лічбы. І вось чаму.
Толькі за апошнія некалькі тыдняў дзяржаўныя СМІ апублікавалі некалькі матэрыялаў, гаворка ў якіх ідзе пра колькасць зарэгістраваных за мінулы год шлюбаў, узросце жаніхоў і нявест, а таксама пра разводы.
Так, напрыклад, у Менску назвалі сярэдні ўзрост жаніхоў і нявест у 2024 годзе: 33 і 30 гадоў адпаведна. Узрост беларусаў, якія вырашылі звязаць сябе сямейнымі вузамі, расце, прытым даволі хуткімі тэмпамі. Для параўнання: у 2021 годзе сярэдні ўзрост жанчынаў, што ўступаюць у шлюб, у Беларусі складаў 26 гадоў, а ў мужчынаў – 28.
Пры гэтым, як паведамляе minsknews.by, розніца ўзроставага парогу шлюбаў у 2024 годзе фіксавалася ад 19 да 68 гадоў у мужчынаў і ад 18 да 63 гадоў у жанчынаў. У рэгіёнах лічбы, як аказалася, амаль сенсацыйныя. Так, напрыклад, у Ляхавіцкім раёне, у лістападзе мінулага года сярэдні ўзрост жаніха быў 52 гады, нявесты – 49. Наймаладзейшаму жаніху быў 41 год, нявесце – 29 гадоў. Найстарэйшаму жаніху – 73 гады, нявесце – 72.
Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя: за апошнія некалькі гадоў у Беларусі нібыта стала менш разводаў. Гэта вынікае са статыстыкі, апублікаванай Белстатам. Калі яшчэ ў 2020 годзе ў краіне было зарэгістравана больш за 35 000 разводаў, дык ў 2023 – 33 900.
Дарэчы, дзяцей у Беларусі таксама стала нараджацца менш. Так, напрыклад у 2024-м у краіне зарэгістравалі самую нізкую нараджальнасць за апошнія 70 гадоў. Паводле афіцыйнай версіі, прычына «ў скарачэнні колькасці насельніцтва ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў». Але, як мы высветлілі, справа не толькі ў «дэмаграфічнай яме», і нават не ў масавай эміграцыі беларусаў, якую ўлады замоўчваюць.
Адкуль усё ж маглі з'явіцца такія тэндэнцыі і чаму мы назіраем «шлюбныя арэлі», паразважалі з экспертамі.
«Спад нараджальнасці цягне за сабой зніжэнне матывацыі да шлюбу»
«Калі не браць у разлік кахання, дык з гледзішча эканомікі шлюб – гэта пагадненне паміж людзьмі пра тое, што яны абавязваюцца дзяліць даходы і спажыванне, а таксама страхаванне адно аднаго за кошт даходаў адно аднаго, – распавядае акадэмічны дырэктар Даследчага цэнтра BEROС Леў Львоўскі. – Шлюб – гэта легальныя абавязацельствы весці сумесную гаспадарку і падзяляць спажыванне. Усё астатняе можна рабіць і без шлюбу. Можна заводзіць дзяцей без шлюбу, жыць разам без шлюбу, здымаць адну кватэру на дваіх».
Іншымі словамі, шлюб, на думку эксперта, – гэта легальнае права на даходы іншага чалавека. Умоўна: муж страціць працу – можна пажыць на заробак жонкі, і наадварот. Разведзяцеся – па палове нажытых сумесна ў шлюбе даходаў і маёмасці адыдзе кожнай з бакоў гэтага пагаднення. Яшчэ адзін плюс сумеснага пражывання – эканомія спажывання рэсурсаў. Жывяце разам – патрэбныя не дзве кватэры, а адна, і г. д.

«Да таго ж, чым лепш людзі жывуць, тым шлюб становіцца менш важным для іх. Калі вы дастаткова зарабляеце, дык можаце жыць самастойна. Чым багацейшыя людзі, тым больш яны самастойныя, і тым менш ім патрэбны шлюб. Гэта і ёсць эфект страхоўкі», – кажа Леў Львоўскі.
Беларусы, як сцвярджае эксперт, сапраўды становяцца багацейшымі; асабліва гэтая тэндэнцыя акрэслілася ў апошнія два гады. Бо ў нас назіраецца вялікі недахоп людзей на рынку працы, пачалі сур'ёзна расці рэальныя заробкі.
«Яшчэ адна прычына таго, што беларусы ўсё радзей ствараюць сем'і, – шлюб звязаны з нараджэннем дзяцей», – працягвае наш суразмоўца.
Нараджэнне дзяцей, як кажа эксперт, – гэта вялікая інвестыцыя. Вы бераце на сябе абавязацельствы, што будзеце вельмі шмат рэсурсаў выдаткоўваць на дзіця, як мінімум, у бліжэйшыя 18 гадоў, і гэтыя абавязацельствы таксама лягчэй выконваць ўдвох. Нараджаецца менш дзяцей – неабходнасць у шлюбе скарачаецца. Нараджальнасць пры гэтым у нас моцна падае.
«Нам проста паказваюць зручныя лічбы»
Асобнае пытанне – чаму дзяцей сталі нараджаць нашмат меней. Сур'ёзнае падзенне нараджальнасці пачалося прыкладна з 2017 года. І, на думку эксперта, акрамя той самай дэмаграфічнай ямы на гэта ёсць і іншыя прычыны.
У дадзеным выпадку Беларусь можна разглядаць як частку развітога свету. Па ўзроўню эканомікі мы краіна ў стадыі развіцця. Але па ўсіх фактарах, звязаных з чалавечым капіталам, тэхналогіямі і ўдзелам людзей у рынку працы – Беларусь развітая краіна. У нас поўны ахоп школьнай адукацыі, вялікая доля людзей з вышэйшай адукацыяй. У жанчын ёсць усе базавыя правы – яны ўдзельнічаюць у рынку працы, актыўна будуюць кар'еры.
«Мяркуючы з усяго, крытычная колькасць беларусак пачала пакутаваць менавіта ад часовага кошту дзіцяці. Трохгадовы перапынак у кар'еры, а менавіта столькі па шэрагу прычын беларускі часцей знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, для сучаснай жанчыны – занадта шмат. За гэты час многія губляюць сваю кваліфікацыю. Дый па многіх іншых паказчыках у Беларусі цяжка сумяшчаць кар'еру і мацярынства. У выніку ўсё больш беларусак выбіраюць кар'еру замест дзіцяці. Адпаведна, і патрэбы выходзіць замуж асабліва няма», – каментуе Львоўскі.

«Яшчэ адзін нюанс – сёння людзі прад'яўляюць да партнёра вельмі шмат патрабаванняў. Часам, такіх, якія нават складана задаволіць, – дапаўняе думку гендарная і медыя даследніца Ірына Сідорская. – Вельмі шмат складнікаў. І гэта яшчэ адна прычына, чаму людзі ўсё радзей ідуць на шлюбныя адносіны».
Што тычыцца лічбаў разводаў, якіх нібыта стала менш, дык тут адразу ў дваіх нашых экспертаў зъявіліся сумневы.
«Да 2020 года быў хоць нейкі давер да дзяржстатыстыкі, – кажа Ірына Сідорская. – Зразумела, вядома, што яны і тады падавалі лічбы так, як ім зручна. Але лічбы тыя больш-менш адлюстроўвалі рэальны стан спраў. Цяпер жа, калі вы звернеце ўвагу, даюць абсалютныя лічбы. Гэта значыць паказваюць, колькі ўсяго шлюбаў і колькі ўсяго разводаў. Гэтыя лічбы самі па сабе не інфарматыўныя. Каб можна было нешта аналізаваць і рабіць высновы, трэба, каб было відаць суадносіны – колькі разводаў прыпадае на канкрэтныя шлюбы».
Як распавяла эксперт, у папярэднія гады статыстыка па разводах сведчыла як раз пра тое, што іх становіцца больш. Цяпер жа чамусьці іх стала менш.
«Проста задумайцеся, на падставе чаго ў Беларусі паменее разводаў? – разважае суразмоўніца. – Жыццё, наадварот, стала больш складаным, больш нестабільным, людзям усё больш складана спраўляцца з праблемамі, рэпрэсіямі, вайной, эміграцыяй... З'явілася мноства фактараў, якія, наадварот, вядуць да яшчэ большай колькасці разводаў. Так што ў мяне, калі шчыра, ёсць вялікія сумневы з нагоды лічбаў, якія цяпер паказваюць беларусам».

Чаму ў рэгіёнах такі высокі сярэдні ўзрост жаніхоў і нявест? Тут да статыстыкі ў экспертаў таксама пытанні.
На думку Льва Львоўскага, гэтыя лічбы кажуць, як мінімум пра тое, што насельніцтва Ляхавіцкага раёна вельмі нешмтлікае. Падобныя лічбавыя выкіды ў статыстыцы здараюцца, калі вельмі маленькая выбарка. Да прыкладу, у Менску з насельніцтвам у 2 млн чалавек такія выкіды немагчымыя. Хтосьці ажэніцца ў 52 гады, але гэты ўзрост будзе ўраўнаважаны людзьмі, якія жэняцца вельмі маладымі».
«Гэта сведчыць і пра тое, што ў гэтым рэгіёне больш пажылое насельніцтва, – кажа Ірына Сідорская. – Моладзь з'язджае ў больш камфортнае і выгаднае для сябе асяроддзе – абласныя гарады і Менск. Рэгіёны ж, як мы бачым, старэюць. Ну і лагічней было б, вядома, для аналізу, паказаць больш інфарматыўныя звесткі, якія сведчаць пра ўзрост уступлення ў першы шлюб. А не наогул пра сярэдні ўзрост усіх тых, хто ў шлюбе. Так, ён павялічваецца па ўсёй краіне, гэта наогул агульнасусветная тэндэнцыя, але не настолькі ж».
І ўсё ж, на думку гендарнай даследчыцы, каштоўнасць шлюбу для беларусаў і беларусак важная, у тым ліку і для старэйшых узроставых групаў.
Надзея Вольная / ЮК belsat.eu