Аналітыка

Рэкорд Лукашэнкі на «выбарах» назвалі кампенсацыяй за псіхалагічную траўму 2020-га

img
Акцыя беларусаў супраць бязвыбараў. Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: БелсатJaap Arriens/NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

За 70-гадовага Аляксандра Лукашэнку, які кіруе Беларуссю 30 гадоў, нібыта прагаласавалі 86,82 % выбарнікаў. Аналітыкі канстатавалі: палітык не наважыўся «пераплюнуць» вынік Уладзіміра Пуціна, які, паводле тамтэйшага Цэнтрвыбаркаму, на выбарах летась атрымаў 87,28 % галасоў, што таксама стала рэкордам у Расеі.

«Рэкордны паказнік Лукашэнкі – гэта кампенсацыя за псіхалагічную траўму 2020 года, калі яго, паводле неафіцыйнага альтэрнатыўнага падліку, перасягнула дзякуючы магутнаму пратэставаму галасаванню тагачасная хатняя гаспадыня Святлана Ціханоўская», – так вынік «выбараў» каментуе палітычны аглядальнік агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Ствараць атмасферу свята падчас выбараў адпраўляюцца працаўнікі культуры. Фота: Министерство культуры Республики Беларусь / Telegram

Выбарчы «крынжапад»: яскравыя моманты выбараў у Беларусі

навіны

Пасля закрыцця выбарчых участкаў праўладны экзітпол даў Лукашэнку 87,6 %, але Цэнтрвыбаркам адкарэктаваў вынік да 86,82 %. Што першая, што другая лічба – рэкорд, столькі палітыку ніколі не малявалі.


«Аляксандр Лукашэнка, як бачым, усё-ткі не наважыўся пераплюнуць „старэйшага брата“, аднак ушчыльную падышоў да ягонага паказніку: Уладзімір Пуцін на леташніх выбарах, паводле афіцыйнай версіі, набраў 87,28 %», – заўважае Класкоўскі.


Ён мяркуе, што гэтая электаральная кампанія была такой нуднаю і прадказальнаю, што «найбольшае ажыўленне незалежных медыяў выклікаў шпіц Умка», які «памеціў тэрыторыю» на выбарчым участку:

,,

«Пра дэградацыю палітычнага жыцця ў краіне красамоўна кажа той факт, што шпіц Умка становіцца, бадай, больш яскравым ньюсмейкерам, чымся ягоны гаспадар».


На тое, што Лукашэнка не наважыўся перавысіць пуцінскую лічбу, звяртае ўвагу і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:


«Смеласці апярэдзіць „старэйшага брата Пуціна“ хапіла толькі на некалькі гадзінаў: Цэнтрвыбаркам Беларусі скарэктаваў вынік Лукашэнкі да рэкордных, але ўсё-ткі больш-менш сціплых 86,82 %. Не буду хаваць, што Лукашэнка не апраўдаў маіх чаканняў».


Раней Фрыдман не выключаў, што Лукашэнку дадуць больш за 90 %, і тое магло б сведчыць, што гэтыя «выбары» – апошнія для палітыка:

Марш беларусаў супраць бязвыбараў у Варшаве, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Марш у Варшаве. Фотарэпартаж

навіны

«Плюс-мінус 90 % даволі часта сустракаюцца ў гісторыі „апошніх выбараў“ у дыктатурах. Паставіўшы асабісты рэкорд у раёне плюс-мінус 90 %, Лукашэнка паказаў бы, што ён не выключае таго, што праводзіць свае „апошнія выбары“ і не жадае адкладаць „абсалютны трыумф“ да святога нігды».


Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч адзначае, што ўпершыню Лукашэнка зладзіў прэс-канферэнцыю ў дзень «выбараў». Звычайна такое адбывалася на другі дзень пасля галасавання, калі ўлады абвяшчалі вынікі, і палітык адказваў на пытанні журналістаў у статусе «абранага прэзідэнта»:


«Цяпер жа сітуацыя такая, што „выбары“ не скончыліся, вынікаў фармальна і няма, таму незразумела, у якім рангу выступаў Лукашэнка. Але, мусіць, ён пастанавіў: навошта гуляць у гэтыя гульні, усім і так усё зразумела, таму адкінуў усё маскаванне і прадэманстраваў, што ні ў кога няма сумненняў, якімі будуць вынікі, і ні ў кога няма сумненняў, што такое ўвогуле беларускія „выбары“».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10