Па цэнтральных вуліцах Варшавы ідзе вялікі марш людзей, якія выступаюць супраць беззаконня, якое ў Беларусі адбываецца сёння пад назвай «выбары». Дадаём новыя фоты з месца падзеяў.
На чале калоны ідзе беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, а таксама прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінету і Каардынацыйнай рады.

Беларусы выказваюць сваё стаўленне да выбараў, падчас якіх яны фактычна былі пазбаўленыя права выбару: сярод кандыдатаў няма ніводнага апанента Аляксандру Лукашэнку. Тых жа беларусаў, якія мусілі былі выехаць за межы краіны, Лукашэнка пазбавіў магчымасці галасаваць адмысловым указам. Цэнтрвыбаркам з гонарам заяўляе, што для беларусаў, што жывуць за мяжой, была створаная магчымасць для галасавання: для гэтага ім трэба было прыехаць у краіну і прагаласаваць на адным з некалькіх участкаў, размешчаных у абласных цэнтрах. Хаця вядома, што часта людзі, якія вяртаюцца з-за мяжы, зазнаюць пераслед ад сілавікоў.
Паводле звестак ЦВК, 26 студзеня з ліку беларусаў, што прыехалі з-за мяжы, прагаласавалі больш за 60 асобаў. І гэта з улікам таго, што лік людзей, якія выехалі з Беларусі пасля 2020 года ў выніку рэпрэсіяў, ідзе на сотні тысячаў, што раўназначна насельніцтву абласнога цэнтру.

Як можна заўважыць, многія беларусы пратэстуюць, закрываючы твар. Гэта нездарма, бо лукашэнкаўскія спецслужбы пільна адсочваюць усіх удзельнікаў маршаў за мяжой і пагражаюць завядзеннем крымінальных справаў супраць іх (у Беларусі шырока распаўсюджаная практыка спецвядзення і завочных судоў) або іхных сваякоў.

Пратэстоўцамі быў разгорнуты вялікі 330-метровы бел-чырвона-белы сцяг.

Традыцыйна суправаджаюць маршы, асабліва гэтага праявілася падчас пратэстаў 2020 года, беларускія музыкі.

Плакаты, што паказваюць Лукашэнку ў выглядзе крывасмока і душыцеля, сталі таксама адною з неадменных прыкметаў любой акцыі пратэсту.

Раман Шавель belsat.eu