Аналітыка

BEROC перагледзеў прагнозы: эканоміка, заробкі і кошты будуць расці хутчэй

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Contributor / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Даследчы цэнтр BEROC палепшыў прагноз росту эканомікі і заробкаў. Праўда, кошты таксама будуць павялічвацца сёлета хутчэй, чым чакалася. Пра гэта карэспандэнт «Белсату» даведаўся на брыфінгу «Маніторынг эканомікі Беларусі».

Беларусы застаюцца аптымістамі, нягледзячы на праблемы ў эканоміцы. 30 % рэспандэнтаў, якія паўдзельнічалі ў апытанні даследчага цэнтру BEROC у канцы красавіка – пачатку траўня, заявілі, што чакаюць паляпшэння эканамічнай сітуацыі праз год. 23 % мяркуюць, што нічога не зменіцца, а 21 % прадказвае пагаршэнне. Пра гэта ў сваёй частцы брыфінгу «Маніторынг эканомікі Беларусі» паведаміла экспертка Віялета Панасевіч:

«Эканамічную сітуацыю ў параўнанні з годам таму пачалі ацэньваць крыху горш. У гэтай хвалі 29 % рэспандэнтаў сказалі, што эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршылася. У мінулай хвалі было 26 %».

23 % апытаных адзначылі, што іхныя сем'і цяпер жыць заможней, чым год таму, у 44 % матэрыяльнае становішча не змянілася, а 31 % рэспандэнтаў кажа, што зрабілася горш.

34 % чакаюць, што праз год матэрыяльнае становішча іхных сем'яў палепшыцца, 17 % мяркуюць, што будзе горш, а 35 % – што нічога не зменіцца.

Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC
Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC

На зніжэнне даходаў паскардзіліся 25,2 % апытаных, гэта на 0,5 % больш, чым падчас папярэдняга даследавання ў лютым. «Гэтая доля ўжо трымаецца на плато», – адзначыла Панасевіч.

Галоўнай прычынай таго, што грошай менш, беларусы назвалі рост коштаў. У выніку зніжэння даходаў людзі пачынаюць больш эканоміць на ежы:

«Калі мы спытаем у гэтай чвэрці рэспандэнтаў, а як менавіта вы спраўляецеся з падзеннем даходаў, то ў гэтай хвалі рэспандэнты пачалі часцей эканоміць на ежы, на жаль, пачалі часцей пераносіць абавязковыя плацяжы, радзей купляць адзенне і часцей адкладаць буйныя пакупкі. У той жа час, дастаткова незаканамерна, пачалі радзей эканоміць на вольным часе і пачалі радзей выкарыстоўваць свае зберажэнні».

Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC
Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC

Пра страту працы за папярэдні месяц паведамілі толькі 1,6 % рэспандэнтаў, 10 % сказалі, што звольнілі кагосьці са знаёмых. «Гэтыя значэнні цяпер – на мінімальных узроўнях», – падкрэсліла экспертка.

Пра недахоп работнікаў у сферы, у якой яны працуюць, заявілі 59 % удзельнікаў апытання:

«Пра гэта часцей паведамлялі жыхары Берасцейскай вобласці, хоць у мінулай хвалі часцей пра гэта казалі віцябляне і менчукі. Таксама ў гэтай хвалі значна больш шырокі спіс галінаў, у якіх занятыя рэспандэнты. У гэтай хвалі назіраецца дэфіцыт у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у адукацыі, у ахове здароўя».

Даследаванне таксама паказала прыкметны рост колькасці беларусаў, якія пачалі выдаткоўваць больш грошай за апошнія паўгода. Калі ў лістападзе мінулага года такіх было 40 %, у лютым гэтага года – 50 %, то цяпер – 58 %.

«Сярод гэтых 58 %, якія адзначылі, што яны пачалі траціць больш, асноўная прычына гэтых павялічаных выдаткаў – гэта не рост заробку і не рост даходу кагосьці са сваякоў, а ўзрослыя кошты», – удакладніла Панасевіч.

Падчас апошняга апытання эксперты высветлілі стаўленне беларусаў да штучнага стрымлівання коштаў. Аказалася, што 63 % лічаць рэгуляванне правільным, і гэта нягледзячы на тое, што менавіта ўмяшанне дзяржавы ў рынкавыя законы прывяло, напрыклад, да перабояў з бульбай.

Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC
Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC

«Беларускія рэспандэнты дрэнна разумеюць, што адбываецца, і гэта абсалютна нармальна. Яны не павінны ведаць эканамічнай сітуацыі ў краіне дасканала. Гэта проста людзі, якія жывуць сваё жыццё, і ім неабавязкова ведаць усе эканамічныя аспекты. Але з насельніцтвам у цэлым можна працаваць і распавядаць, як справы насамрэч ідуць», – патлумачыла такі вынік Віялета Панасевіч.

Эканаміст цэнтру BEROC Дзмітрый Крук паспрачаўся з калегай. Ён запярэчыў, што беларусы якраз разумеюць, што адбываецца, але разважаюць у нейкай ступені эгаістычна: так, потым, напэўна, будзе горш, але затое цяпер можна купіць нешта танней.

,,

«Беларусы – адныя з самых фінансава пісьменных, добра разумеюць, што ў прынцыпе для эканомікі рэгуляванне коштаў дрэннае, але з улікам велізарнай нявызначанасці ў будучыні пераходзяць на кароткатэрміновую логіку: я лепш атрымаю выгады цяпер, таму што потым іх усё роўна можа не быць. Беларусы сябе паводзяць усё ж такі рацыянальна. Так, яны разумеюць, што гэта дрэнна для эканомікі, але пры гэтым, у нейкай ступені эгаістычна і рацыянальна, пазітыўна ацэньваюць такі крок».


У сваёй частцы брыфінгу Крук распавёў, што адбывалася ў эканоміцы ў першым квартале сёлета. Са словаў аналітыка, пасля запаволення ў канцы 2024-га эканоміка цяпер страпянулася, узровень выпуску выйшаў на новы гістарычны максімум, але гэта наўрад ці надоўга.

ВУП цягнуць уверх беларусы, скупляючы ўсё запар. Не адстаюць і прадпрыемствы, якія таксама выдаткоўваюць грошы: хапаюць крэдыты і ўкладаюцца ў развіццё вытворчасці.

«Галоўным лакаматывам росту эканомікі ёсць унутраны попыт. Доўгі перыяд раней безумоўным лідарам і галоўным донарам росту было нязменна спажыванне хатніх гаспадарак. Яно працягвае расці, але – пакуль хутчэй як гіпотэза – магчыма, у першым квартале мы ўбачылі першыя сігналы запаволення гэтага росту. Важная навацыя – дастаткова значнае паскарэнне росту ў інвестыцыйным попыце і рост укладу ў забеспячэнне росту ВУП менавіта з боку інвестыцыйнага попыту». 

Пры гэтым за мяжой пакупнікі не надта бяруць тавары беларускай вытворчасці: попыт упаў да мінімуму за два гады. У выніку Беларусь купляе імпартнага значна больш, чым прадае свайго іншым краінам.

«Дэфіцыт увайшоў у досыць устойлівую зону, якая ўяўляе пагрозу. Фізічныя аб'ёмы экспарту пасля дасягнення піку ў сярэдзіне 2024 года істотна скараціліся і ў пачатку 2025 года выйшлі на мінімальныя значэнні за два гады. Калі мы глядзім на сярэднетэрміновую перспектыву, скажам, пяці гадоў, экспарт адносна вялікі, але калі глядзець на больш кароткі перыяд, ён істотна знізіўся», – адзначыў Дзмітрый Крук.

Уласна, праблемы ў замежным гандлі і стрымлівалі яшчэ большы рост ВУП. А яшчэ такой гірай на нагах эканомікі вісіць так званы інфляцыйны навес і дрэнны фінансавы стан кампаніяў. Прычына абодвух фактараў – рэгуляванне коштаў. Акрамя таго, прадпрыемствы дадаткова цярпяць у звязку з неабходнасцю падвышаць заробкі, каб ва ўмовах недахопу кадраў не разбегліся работнікі.

Дарэчы, інфляцыйны навес цяпер ацэньваецца як 10 % – менавіта на столькі выраслі б кошты, калі іх цяпер адпусціць адным махам.

Тое, што з эканомікай не ўсё ў парадку, паказвае адзін з графікаў, падрыхтаваных экспертам. Ён патлумачыў, што лініі росту ВУП, а таксама ўнутранага і вонкавага попыту ў ідэале павінны быць максімальна блізкія адна да адной, а ў Беларусі цяпер – «урастапырку».

Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC
Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC

«Тое, што мы бачым у нас, – гэта вяртанне да хваробы, якая да 2015 года была досыць распаўсюджаная і рэгулярна ўзнікала, хоць і не ў такіх маштабах. Вось такі маштаб разыходжання паміж унутраным попытам і чыстым вонкавым попытам – гэта новае, гэта досыць трывожная тэндэнцыя з пункту гледжання макраэканамічнай збалансаванасці», – папярэдзіў аналітык цэнтру BEROC.

Галоўныя праблемы, з якімі вымушаная сутыкацца эканоміка, не мяняюцца: гэта, напрыклад, дэфіцыт працоўных рук, выкліканы эміграцыяй беларусаў і старэннем насельніцтва; падзенне экспарту; падвышаны ўнутраны попыт.

Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC
Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC

У працяг брыфінгу цэнтру BEROC эканаміст Анатоль Харытончык зазначыў, што «дысбалансы ў беларускай эканоміцы разрасталіся ў першым квартале, маштаб перагрэву эканомікі пашырыўся, і гэта выяўлялася ў павелічэнні праінфляцыйнага ціску і падтрыманні даволі істотнага дэфіцыту вонкавага гандлю таварамі і паслугамі».

У такіх умовах Нацбанку варта было б зрабіць хоць трохі больш жорсткай манетарную палітыку, гэта значыць зрабіць крэдыты больш дарагімі, каб астудзіць эканоміку. Але замест гэтага рэгулятар, наадварот, пастанавіў раздаць кампаніям пабольш грошай. Праз гэта давялося пераглядаць прагноз росту ВУП сёлета. Цяперашні хутчэйшы рост эканомікі адгукнецца потым. Беларусы зробяцца бяднейшымі:

«Зрух фокусу Нацбанку на крэдытнае падтрыманне эканомікі дазволіць, мяркуючы з усяго, забяспечыць больш высокі рост ВУП у бягучым годзе, чым раней чакалася: у раёне 2-3 % па выніках бягучага года. Але коштам гэтага будзе большы маштаб залішняга попыту ў эканоміцы, адпаведна, большы ціск на рост коштаў, захаванне значнага дэфіцыту знешняга гандлю. І ўсё гэта можа прывесці да даволі істотнага запаволення эканамічнага росту ў 2026 годзе, спалучанага з даволі моцным аслабленнем дынамікі даходаў насельніцтва». 

Пры гэтым, упэўнены Харытончык, Нацбанк робіць эканоміку безабароннай:

,,

«Устойлівасць эканомікі перад вонкавымі шокамі даволі істотна знізілася праз аслабленне палітыкі Нацбанку і дэ-факта яго адмову ад правядзення стабілізацыйнай манетарнай палітыкі».


Як сказаў аналітык, цяперашні рост ВУП на 4 % вышэйшы, чым павінен быў быць. Гэта і ёсць той самы перагрэў эканомікі, і гэта максімум з 2014 года. Эксперт, праўда, абмовіўся, што такое становішча не прывядзе да таго, каб «беларуская эканоміка рэзка кудысьці ўпала». Для гэтага павінен адбыцца «нейкі вонкавы шок», напрыклад, раптоўнае і вялікае скарачэнне экспарту.

Зрэшты, прыгожыя лічбы росту ВУП у першым квартале шмат у чым аказаліся святочнай мішурой: працавалі на склад.

«Вонкавы попыт слабеў, выпуск рос, і гэта суправаджалася даволі значным павелічэннем складскіх запасаў. Запасы ў прамысловасці адносна выпуску вярнуліся да пікаў апошніх гадоў, больш было толькі ў разгар пандэміі. І гэта яшчэ адзін ускосны індыкатар перагрэтасці беларускай эканомікі».

Узровень беспрацоўя ў Беларусі знізіўся да чарговага гістарычнага мінімуму. Калі не лічыць уплыву сезоннасці, то цяпер яна ацэньваецца на 2,7 %. Работнікаў моцна не стае, і гэта змушае прадпрыемствы працягваць напампоўваць заробкі:

,,

«Заробкі даволі хутка раслі ў першым квартале, і ў рэальным выражэнні, гэта значыць з карэкцыяй на змяненне коштаў, прыкладна на 35 % перавысілі сярэдні паказнік 2021 года».


Згодна з прагнозам эксперта, рэальныя заробкі (гэта значыць без уліку інфляцыі, якая з'ядае частку даходаў) вырастуць сёлета на 8–10 %, што таксама вышэй за прагнозы.

«Тым не менш цягам запаволення росту эканамічнай актыўнасці дынаміка заробкаў таксама будзе паступова згасаць, і ў будучым годзе чакаецца, што яе рост прыме значна больш умераны характар, у раёне 1-2 % у рэальным выражэнні, але тым не менш сам памер заработнай платы працягне заставацца высокім, перавышаць свае раўнаважкія значэнні», – сказаў Харытончык.

Раздача грошай работнікам правакуе нястрымны шопінг, а гэта, у сваю чаргу, падганяе рост коштаў. Інфляцыя ў Беларусі «прыкметна паскорылася», канстатаваў эксперт. Прагноз росту коштаў сёлета павялічаны на 1 %, гэта звязана з «вялікім чаканым маштабам залішняга попыту ў эканоміцы»:

«Пры чаканым у базавым сцэнары паступовым змякчэнні цэнавага кантролю праінфляцыйны ціск будзе паступова прасочвацца ў кошты, і інфляцыя павысіцца да 79 % да канца бягучага года і можа дасягнуць 911 % у будучым годзе па меры трансфармацыі назапашанага інфляцыйнага навесу ў кошты».

Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC
Матэрыялы брыфінгу эканамічнага цэнтру BEROC. 13 траўня 2025 года. Фота: BEROC

У першым квартале рубель заставаўся стабільным адносна кошыка валютаў – эканамісты арыентуюцца менавіта на гэты кошык, а не курсы асобна долара ці, напрыклад, еўра. Аднак дэфіцыт замежнага гандлю (перавышэнне імпарту над экспартам) можа гэтую стабільнасць пахіснуць:

«У асяроддзі захавання залішняга ўнутранага попыту і паслаблення знешняга дэфіцыту вонкавага гандлю захаваецца і чакаецца ў раёне 2 % ВУП у бягучым і будучым годзе. І ў такіх умовах беларускі рубель можа аслабнуць у тэрмінах кошыка замежных валютаў на 46 % па выніках бягучага года і прыкладна на 68 % у будучым годзе».

Сцяпан Кубік / АБ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10