За Аляксандра Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах нібыта прагаласавалі 87,6 % апытаных выбарцаў, сцвярджае праўладны экзітпол.
На другім месцы нібыта выбар супраць усіх (5,1 %), далей ідуць Сяргей Сыранкоў (2,7 %) і Алег Гайдукевіч (1,8 %), затым Ганна Канапацкая (1,6 %) і Аляксандр Хіжняк (1,2 %).
Паведамляецца пра 11 948 апытаных.
Выбарчыя ўчасткі зачыніліся ў Беларусі а 20:00.
ЦВК абяцае падзяліцца вынікамі каля 2-й ночы 27 студзеня. Алег Гайдукевіч ужо павіншаваў Аляксандра Лукашэнку.
У супольнай заяве вярхоўнай прадстаўніцы Еўразвязу Каі Калас і камісаркі ў пытаннях пашырэння ЕЗ Марты Кос гаворыцца, што беларускія выбары «пазбаўленыя ўсялякай легітымнасці». Бо цяпер у Беларусі няма празрыстасці ў правядзенні выбараў, не паважаюцца правы чалавека і ёсць абмежаванні на свабоду сходаў і слова.
«ЕЗ ёсць на баку беларускага народу, і нашае падтрыманне ў яго імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі, як часткі мірнай і росквітнай Еўропы, непахіснае», – адзначылі прадстаўніцы ЕЗ.
Арсен Рудэнка belsat.eu