У Беларусі збіраюцца змяніць парадак увозу аўтамабіляў. Прычынаю сталася нібыта тое, што сёння на рынак трапляюць аўты, якасць якіх не адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі, а гэта прыводзіць як да праблемаў з рамонтам, гэтак і да рызык у эксплуатацыі. Як збіраюцца рэгуляваць пытанне? Абмежаваннямі. Але ў гэтай гісторыі важнае тое, хто выступае за такія абмежаванні.
Кітайскія таварышы – яны такія…
Насамрэч сакрэту ніякага няма: ініцыявала змены кампанія «БелДжы», якая выпускае кітайскія аўтамабілі «Geely» пад уласным брэндам. Як патлумачыў генеральны дырэктар Генадзь Свідзерскі, змены закрануць найперш аўтамабілі, якія трапляюць у нашую краіну паводле ўмоваў так званага спрошчанага парадку. Бо ёсць масавыя аўтамабілі, якія паступаюць на беларускі рынак і не праходзяць выпрабаванняў у Кітаі паводле 18 правілаў бяспекі, што дзеюць у нашай краіне.
«На наш погляд, гэта няправільна, бо карыстальнікі могуць сутыкнуцца не толькі з сэрвісам, але і наагул з эксплуатацыяй такіх аўтамабіляў. І таму на ініцыятыву нашага заводу і асацыяцыі мы ўнеслі прапанову ва ўрад, каб спрошчаны ўвоз транспартавых сродкаў сапраўды быў абмежаваны малымі партыямі, там, дзе мы жадаем праверыць рынак. І калі рынак ёсць, то потым цывілізавана працаваць на рынку, атрымліваючы УТС, так званае ўхваленне тыпу транспартавага сродку – тое, што сёння робяць афіцыйныя дылеры і што сёння робіць завод [«БелДжы». – Заўв. «Белсату»]», – растлумачыў Свідзерскі падчас прэс-канферэнцыі ў сярэдзіне красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Пры гэтым Свідзерскі адзначыў: пытанне змены парадку ўвозу ўжо «практычна ўзгодненае» з Міністэрствам прамысловасці, Дзяржаўным стандартам і Міністэрствам юстыцыі. Адпаведная пастанова мае выйсці ў хуткім часе. У ёй прапішуць, што для паставак аўтамабіляў больш як 150 штук будзе неабходна праводзіць «увесь цыкл выпрабаванняў», каб не прымушаць пакупніка рызыкаваць. Пакуль што гэтыя ўмовы будуць датычыць юрыдычных асобаў, але будзе прапрацоўвацца пытанне і для фізічных асобаў, якія ўвозяць аўты ў краіну.
Ёсць у гэтым адна важная акалічнасць, на якую звярнуў увагу генеральны дырэктар «БелДжы», і менавіта яна шмат што тлумачыць:
,,«Вядома, калі гэтыя ўмовы будуць няроўныя і можна будзе прывозіць з Кітаю праз дылераў машыны, якія не прайшлі дастатковых відаў выпрабаванняў і гарантыяў, то гэта будзе праблемаю нават большаю за тыя ўвозы, якія ў нас былі з Еўропы. Бо мы ведаем, што кітайскія таварышы – яны такія, гатовыя пастаўляць любую прадукцыю: і якасную, і танную, і ўсякую. І потым, атрымаўшы яе, зваротнай дарогі ўжо не будзе», – дадаў ён.
Такім чынам, Генадзь Свідзерскі наўпрост звярнуў увагу на тое, што ў Беларусь трапляюць аўтамабілі, якія не адпавядаюць усім патрабаванням бяспекі.

Бум кітайскага аўтапраму
«Белсат» не аднойчы пісаў, што пасля выхаду з Беларусі заходніх аўтамабільных брэндаў у краіне наступіў рай для кітайскіх аўтаў.
Паводле Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), у 2024 годзе з 53 178 машынаў, прададзеных афіцыйнымі дылерамі, амаль 70 % былі кітайскага паходжання.
Колькасць новых кітайскіх брэндаў, прывезеных у нашую краіну, сапраўды ўражвае: яшчэ ў кастрычніку 2024 года «Белсат» звярнуў увагу на тое, што ў спісе парталу domkrat.by з 41 аўтамабільныга брэнду, што прапануюць новыя аўтамабілі ў Беларусі, 22 кітайскія. Назвы шмат якіх беларусы пачулі ўпершыню. Што ўжо казаць пра тэхнічныя асаблівасці гэтых аўтамабіляў і звесткі пра іх бяспеку. У гэтых пытаннях беларусам часта даводзілася праводзіць самастойны пошук на замежных сайтах або папросту верыць на слова прадаўцам (афіцыйным ці неафіцыйным).
Тым не менш за кароткі час некаторыя кітайскія маркі ўсё ж заваявалі ўвагу беларусаў. Гэтак, у лідарах сярод імпартаваных у Беларусь кітайскіх брэндаў побач з «Geely» (або «БелДжы») апынуліся такія, як «Dongfeng», «Voyah», «Haval», «FAW Bestune», «Jetour» – менавіта яны фігуруюць у топ-10 найбольш папулярных аўтамабіляў цягам 2024 года.
Варта ўлічваць, што акрамя афіцыйных дылераў у краіну кітайскія аўтамабілі завозяцца так званымі альтэрнатыўнымі дастаўцамі – дробнымі кампаніямі, што гатовыя прыгнаць кітайскі аўтамабіль у Беларусь, узяўшы камісію за прывоз. Колькасць аўтаў, якія трапляюць у краіну такім чынам, не ўлічваецца ў статыстыцы, якой аперуе БАА. Найбольшым попытам у гэтай катэгорыі прадаўцоў карыстаюцца электракары і гібрыдныя аўты, увоз якіх да канца 2025 года не абкладаецца мытам і падаткам на дададзеную вартасць.
Тая плынь кітайскіх аўтамабіляў, што хлынула ў нашую краіну, сапраўды магла спарадзіць пытанні пра тое, наколькі гэтыя аўтамабілі бяспечныя.

Бяспечныя ці не?
Спецыяльнай статыстыкі ў Беларусі наконт таго, як часта кітайскія аўтамабілі трапляюць у аварыі, адшукаць не ўдалося. Таму скарыстаемся звесткамі з расейскага рынку (ясна, што з пэўнымі папраўкамі, але сітуацыя ў Беларусі можа быць падобная). Колькасць ДТЗ з удзелам кітайскіх аўтаў там істотна вырасла ўсяго цягам некалькіх гадоў. Калі ў 2022-м гэта было крыху больш за 2 % ад усіх ДТЗ за год, то ў 2024-м – ужо больш за 11 %. За некалькі месяцаў 2025-га – ужо 17%. Натуральна, у першую чаргу гэта звязана з ростам колькасці кітайскіх аўтаў.
Як патлумачыў генеральны дырэктар расейскага онлайн-аўкцыёну продажу аўтаў Аляксандр Караткоў, асабліва вылучаюцца ў плане бяспекі электрамабілі кітайскіх марак «Voyah», «Lixiang» і «Zeekr». Эксперты кампаніі насуперак распаўсюджаным міфам, што электракары часта загараюцца пасля аварыяў, не зафіксавалі ўсплёску пажараў пасля ДТЗ.
Сапраўды, у адрозненне ад кітайскіх машынаў ранейшых гадоў выпускаў, цяперашнія аўтамабілі абсталёўваюцца рознымі сродкамі бяспекі: мноствам спецыяльных датычкаў фіксавання пашкоджанняў, узмоцненым каркасам бяспекі, падушкамі бяспекі ды іншымі развязаннямі.
Гэтак, на сайце афіцыйнага дылера аўтамабіляў для мадэлі «Voyah Free», прызнанай аўтамабілем 2024 года ў Беларусі (паводле Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі), чытаем пра абсталяванне аўтамабіля 30 інтэлектуальнымі радарамі, 26 сістэмамі дапамогі кіроўцу, пра надзейную абарону батарэі гэтага электракара, якую праверылі на бяспеку больш за 100 разоў, а таксама пра тое, што машына зарабіла 5 зорак бяспекі C-NCAP (адмысловая праграма ацэньвання бяспекі новых аўтаў, запушчаная ў Кітаі ў 2006 годзе).
Паглядзелі на сайце афіцыйнага прадстаўніка кампаніі «Haval» абсталяванасць папулярнай мадэлі «Haval F7» (увайшла ў тройку лідараў 2024-га ў намінацыі «SUV года» паводле рэйтынгу БАА). Тут і адаптыўны круіз-кантроль, і дапамога ўтрымання ў паласе, і сістэма аўтаматычнага тармажэння, што дапамагае пазбегчы сутыкнення пры набліжэнні аўтамабіля.
Сур’ёзныя захады бяспекі можна ўбачыць і ў іншых кітайскіх брэндаў: напрыклад, мадэль «FAW Bestune T77», «JAC E30X», «Chery TIGo Pro Max» ды іншых. Дый наагул, як відаць, кітайскія машыны паказваюць вельмі някепскія вынікі розных тэстаў, якія праводзяцца як у Кітаі, гэтак і ў Еўропе.
Пры гэтым важна, што на сёння ўсё яшчэ актуальным застаецца расклад, пры якім кітайскія аўтавытворцы часта прапануюць вялікі набор функцыяў бяспекі і камфорту ўжо ў базавай камплектацыі, што адрознівае іх ад шмат якіх заходніх марак, дзе за аналагічныя тэхналогіі (напрыклад, адаптыўны круіз-кантроль, аўтаматычнае тармажэнне, кантроль сляпых зонаў і г. д.) трэба даплочваць асобна і нямала.

«Джылі-былі»
Такім чынам, выглядае, што кітайскія аўтамабілі сапраўды маюць някепскі ўзровень бяспекі (прынамсі гэтак яны заяўляюць). Пра абароненасць сваіх аўтаў гаворыць і кампанія «БелДжы» (нагадаем, што менавіта пад гэтым брэндам збіраюцца некалькі папулярных мадэляў кітайскай «Geely»), аўтамабілі якой сталіся «народнымі» ў Беларусі ды актыўна прадаюцца ў Расеі.
Толькі пры гэтым фактам ёсць і тое, што менавіта на адрас «БелДжы» апошнім часам чуюцца незадаволеныя выпады ў звязку з бяспекай. Адзін з апошніх выпадкаў здарыўся ў сакавіку, калі падчас аварыі ў Менску ў аўтамабілі «Belgee X50» не спрацавала ніводная падушка бяспекі. У выніку ўладальнік машыны выказаў намер судзіцца з беларускім вытворцам.
Дык ці не таму «БелДжы» раптам заклапацілася распрацоўваннем новага парадку ўвозу аўтамабіляў у краіну, што адчула пэўную небяспеку з боку канкурэнтаў?
На думку блогера і вядоўцы праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандра Кныровіча, за ідэяй змяніць правілы ўвозу аўтамабіляў у краіну стаіць спроба ўратаваць завод «БелДжы», які страчвае пазіцыі на рынку.
,,«Цяпер мы назіраем падзенне продажаў аўтамабіляў «БелДжы» ў Расеі і ў Беларусі таксама. Калі паглядзець на лічбы, то рынак у Расеі за першы квартал упаў на 11 %, а ў сакавіку – ажно на 25 %. У выніку «БелДжы» прадае на 40 % менш, як летась, калі лічыць месяц да месяца», – адзначае Кныровіч.
У Беларусі «Лада» зноў сталася лідарам, а «БелДжы» цяпер толькі на другім месцы. Гэта азначае, што пра планы, агучаныя Лукашэнкам і кіраўніком прадпрыемства Генадзем Свідзерскім – пабудаваць другі завод і падвоіць выпуск да 120 тысяч аўтамабіляў на год – можна забыцца.
«Гэтага, вядома, ужо не будзе, – кажа Аляксандр Кныровіч. – І, хутчэй, трэба казаць пра тое, што трэба ратаваць завод, бо няма попыту. А няма яго, бо ў Расеі значна змяніліся ўмовы для рэалізацыі. Найперш гэта крэдытныя стаўкі. Па-другое, паднялі ўтылізацыйны збор у Расе і ў Беларусі. І ў выніку змяніліся цэны».
На думку суразмоўцы «Белсату», спроба абмежаваць увоз іншых кітайскіх машынаў – спроба стымуляваць попыт на «БелДжы».
Раман Шавель belsat.eu