8 студзеня Святлана Ціханоўская ўручыла ў Варшаве нацыянальныя ўзнагароды за дзейнасць на карысць Беларусі. Медалі Францыска Скарыны, а таксама медалі «За плённую працу на карысць Беларусі» і «Гонар і Годнасць» атрымалі 5 асобаў, у тым ліку выдавец Андрэй Янушкевіч і першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова. «Белсат» пабываў на цырымоніі ўзнагароджання, якая адбылася ў бальнай зале палацу Тышкевічаў у Варшаве.
Сярод узнагароджаных – чатыры грамадзяніна Польшчы. Медаль Францыска Скарыны атрымала беларусістка і першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі (1992–1995) Эльжбета Смулкова. Медалі «За плённую працу на карысць Беларусі» былі ўручаныя кіраўніку Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту Яну Маліцкаму, былому дэпутату польскага Сейму Роберту Тышкевічу і князю Мацею Радзівілу. Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч атрымаў медаль «За гонар і годнасць». Яшчэ адзін беларус – паэт Уладзімір Някляеў, якога Аб'яднаны пераходны кабінет уганараваў медалём Францыска Скарыны, на цырымонію, на жаль, прыехаць не змог.
«Моцны беларускі шчыт ад бульдозера «рускага міру»
Імпрэзу адкрыла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Польшчы з афіцыйным візітам.
У сваёй 10-хвіліннай прамове яна цытавала Адама Міцкевіча і Ўладзіміра Някляева, а напрыканцы згадала палітзняволенага палітыка Віктара Бабарыку, чыю ўсмешку беларусы зноў пабачылі пасля двух гадоў невядомасці. Але найперш выступоўца дзякавала Польшчы і польскім сябрам, якія дапамагаюць беларусам наблізіць дзень перамогі.
«Мы, беларусы і палякі, маем доўгую супольную гісторыю барацьбы за свабоду і незалежнасць, доўгую гісторыю пакутніцтва і важных перамогаў. Але галоўная перамога ў нас з вамі наперадзе. Гэтай перамогай будзе дзень, калі Беларусь і Польшча стануць суседзямі па Еўрапейскім Звязе. І сёння мы ўручаем узнагароды Аб'яднанага пераходнага кабінету людзям, якія зрабілі вельмі шмат для таго, каб наблізіць гэты дзень», – казала Святлана Ціханоўская.
Лідарка дэмакратычнай Беларусі звярнулася да кожнага з лаўрэатаў са словамі падзякі. Эльжбету Смулкову назвала «абаронцай беларускай мовы і польска-беларускага сяброўства». Роберту Тышкевічу дзякавала за тое, што «не баіцца называць дыктатуру дыктатурай, а канцлагер – канцлагерам». Мацею Радзівілу – за «шчодрую падтрымку беларускіх інтэлектуалаў у выгнанні». Яну Маліцкаму – за стварэнне Цэнтру Усходняй Еўропы і стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, «жыццёва важнай для беларусаў».

Выказваючы падзякі Андрэю Янушкевічу і Уладзіміру Някляеву, Святлана Ціханоўская зрабіла акцэнт на неабходнасці клапаціцца пра беларускую мову і культурную спадчыну.
«Дарагія сябры, ваш унёсак у беларускае жыццё неацэнны. Захаванне нашай нацыянальнай тоеснасці і культуры асабліва важныя сёння, калі ўсё беларускае зноў трапляе пад пераслед на нашай радзіме. Нашыя песні, кнігі, танцы, карціны, песні і фільмы – усё гэта разам утварае вельмі моцны беларускі шчыт ад бульдозера «рускага міру», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
«Мы больш ніколі не зробім гэтай памылкі»
«Беларусы зазналі, што такое гвалтоўная русіфікацыя і каланізацыя ў савецкія часы. І мы бачым, што тое ж самае адбываецца і цяпер – як на акупаваных тэрыторыях Украіны, так і ў Беларусі. Але я веру, што мы больш ніколі не зробім гэтай памылкі і ніколі не адмовімся ад таго, што належыць нам. Не пакінем свайго ў абмен на чужыя абяцанкі-цацанкі. Нашая беларуская мова – наш скарб… Мы павінны дзякаваць Богу за яе і ганарыцца ёю. Захаваць яе – наш святы абавязак», – зазначыла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету.

Беларускае слова ніколі не знікне дзякуючы такім яе рупліўцам, як Уладзімір Някляеў і Андрэй Янушкевіч, сцвердзіла Святлана Ціханоўская. Яна працытавалі некалькі вершаваных радкоў, якія паэт і былы палітвязень Уладзімір Някляеў прысвяціў свабодзе, седзячы за кратамі пасля выбараў 2010 года: «Яна ў вязніцы выжывае У гэтым краі страт і скрух, Але расце, але мужае, І разам з ёй мужае дух…».
Пасля гэтых радкоў выступоўца згадала Віктара Бабарыку.
«Нягледзячы на ўсе выпрабаванні і катаванні сіла ягонага духу застаецца ранейшай. І мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб ён і астатнія палітвязні выйшлі на волю. Я веру, што беларусаў не зламаць і не перамагчы. З такімі хаўруснікамі, як прысутныя тут нашыя госці і сябры, мы яшчэ ўдвая мацнейшыя. І гэта гонар для мяне – быць сёння з вамі сярод людзей, якія твораць нашую супольную гісторыю. Няхай нашая праца на карысць абодвух народаў будзе такой жа плённай, як і дагэтуль. Niech żyje Polska! Жыве Беларусь!» – завяршыла свой выступ Святлана Ціханоўская.
«Каб любіць Беларусь – трэба ў сваім жыцці спаткаць беларусаў»
Імёны лаўрэатаў называў падчас цырымоніі выканаўца абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінету Павел Баркоўскі, уручала медалі сама Святлана Ціханоўская.
93-гадовая Эльжбета Смулкова, атрымаўшы медаль Францыска Скарыны, прызналася, што зусім не чакала ў такім веку ўзнагароды, бо ўсё жыццё «проста рабіла тое, што лічыла належным». Мовазнаўца, беларусістка і першая польская амбасадарка ў Беларусі, Смулкова напісала шмат кніжак пра беларускае памежжа, у прыватнасці кнігу пра Браслаўшчыну. Яна ўладальніца Кавалерскага крыжу Ордэна Адраджэння Польшчы.

Той жа пастановай АПК ад 21 лютага 2024 года з нагоды Дня роднай мовы медалём «За гонар і годнасць» узнагароджваюць Андрэя Янушкевіча. Стваральнік аднайменнага выдавецтва і кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве быў вельмі лаканічны.
«Гэта вялікі гонар для мяне. Але я хацеў бы перадусім падзякаваць беларускім чытачам, бо толькі дзякуючы ім беларускія кнігі дагэтуль існуюць. І канешне – беларускім пісьменнікам, перакладчыкам, дзякуючы якім кнігі з'яўляюцца на свет», – сказаў падчас узнагароджання Андрэй Янушкевіч.
Кіраўнік Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі, атрымоўваючы медаль «За плённую працу на карысць Беларусі», выбачаўся за тое, што прымае ўзнагароду з павязкай на галаве, аб якой мусіць дбаць пасля нападу, учыненага на яго ў снежні 2024 года. Маліцкі прызнаўся, што прысутнічаў на супольным пасяджэнні польскага Сейму і Сенату, на якім выступала Святлана Ціханоўская.

«Як грамадзянін Польшчы, я ганаруся тым, як польская дзяржава прымае абраную прэзідэнтку Беларусі. І ганаруся тым, што магу сёння з рук прэзідэнта-электа прыняць гэтую ўзнагароду», – сказаў Ян Маліцкі.
Роберт Тышкевіч з медалём у руцэ дзякаваў польскаму пісьменніку і публіцысту Багдану Скарадзіньскаму, чыя кніжка «Białorusini, Litwini, Ukraińcy» дапамагла яму ў 1985 годзе ўсвядоміць, чаму Беларусь – «гэта так важна».
«А праз некалькі год Скарадзіньскі ўжо асабіста казаў мне: «Малады чалавек, калі ты носіш такое прозвішча, то проста мусіш займацца Беларуссю», – успамінаў Роберт Тышкевіч.
Ён дзякаваў таксама беларусам Падляшша – за тое, што «навучылі любові да Беларусі». «Бо каб любіць Беларусь – трэба спаткаць беларусаў у сваім жыцці. І мне пашанцавала ў гэтым», – казаў палітык, выдавец і грамадскі дзеяч Роберт Тышкевіч.

«Адчуваю сябе грамадзянінам ВКЛ»
Князь Мацей Радзівіл, атрымаўшы медаль «За плённую працу на карысць Беларусі», згадаў свае візіты ў Менск і Нясвіж.
«Мая сям'я цягам некалькіх стагоддзяў займалася палітыкай на тых землях, а я цяпер займаюся культурай. Але культура ў Беларусі стала цяпер справай экзістэнцыяльнай. Я, як мог, падтрымліваў яе. Маю надзею, што яна не знікне. І веру, што мы неўзабаве вернемся ў Нясвіж, Мір і Менск», – казаў Мацей Радзівіл.
Ён прызнаўся, што адчувае сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, часткай якога была і Беларусь.
«І гэты медаль, які мне сёння ўрычылі, ёсць для мяне як медаль Вялікага княства», – падсумаваў нашчадак вялікага роду, мецэнат і грамадскі дзеяч Мацей Радзівіл.
Цырымонія ўзнагароджання ў палацы Тышкевічаў скончылася канцэртам музыкаў Варшаўскага вольнага аркестру. Гучала «Пагоня» і паланэз «Развітанне з радзімай».
Нагадаем, што паводле рашэння АПК ад 26 снежня 2024 года медаль Францыска Скарыны павінны атрымаць таксама гісторык Наталля Гардзіенка, даследчык беларускай эміграцыі Лявон Юрэвіч, выканаўчая дырэктарка Беларускага свабоднага тэатру Наталля Каляда і мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Халезін. Імя яшчэ адной асобы не апублічваецца.
У сакавіку 2023 года Аб’яднаны Пераходны Кабінет пасмяротна ўзнагародзіў медалём «Гонар і Годнасць» 27 загінулых удзельнікаў беларускіх пратэстаў, а таксама беларускіх ваяроў-добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны.
Зміцер Міраш belsat.eu