Кожная дзіцячая смерць у медычнай установе – гэта надзвычайнае здарэнне. Медыкі ў паніцы незалежна ад таго, ці зрабілі яны нейкія памылкі. У беларускай лякарні ўсе разумеюць: сістэма зробіць усё, каб прызначыць канкрэтных вінаватых, абвясціць трагедыю адзінкаваю выпадковасцю і не рабіць сістэмных зменаў.
Баюся, так будзе і са смерцю 14-гадовай дзяўчыны ў Ельску. І зусім не абавязкова, дарэчы, што вінаватымі прызначаць кагосьці з медыкаў – імаверна, ува ўсім абвінавацяць бацькоў, якія не займелі рэнтгенаўскага зроку і не ўбачылі пашкоджання лёгкіх, альбо саму дзяўчыну, якую ўжо вінавацяць у тым, што курыла і ўвогуле кепска сябе паводзіла. Галоўнае – не будзе прызнання сістэмных праблемаў у беларускай медыцыне.
Нагадаю, што адбылося: дзяўчына ў Ельску прыйшла ў паліклініку закрываць бальнічны, а доктарка пачула хрыпы ў лёгкіх і параіла шпіталізавацца. Праз некалькі гадзінаў бацькам пазванілі са шпіталю з інфармацыяй, што іхная дачка ў коме. Яшчэ праз некалькі гадзінаў па яе прыехаў рэанімабіль з Мазыра, але гэтыя медыкі палічылі стан дзяўчыны занадта цяжкім і выклікалі рэанімабіль з Гомля. Той прыехаў яшчэ праз некалькі гадзінаў, але пацыентку не забралі – яна памерла.
З іншымі дзецьмі з гэтай сям’і ў школе цяпер праводзяць размовы без ведама і прысутнасці бацькоў, пра дзяўчыну ўжо кажуць, як няправільна яна жыла, а каментатарам у інтэрнэце Следчы камітэт традыцыйна пагражае рознымі артыкуламі. Праўда, людзей гэта не спыняе: медычная тэма ўсё ж занадта набалелая.
Яно і ясна. Усе ж час ад часу сутыкаюцца з медычнаю сістэмаю хоць бы на ўзроўні паліклінікі і бачаць, як не стае медыкаў і абсталявання, як мала часу адведзена на прыём і як неэфектыўна адладжаныя шматлікія працэсы. Вынікі звычайнага біяхімічнага аналізу крыві ў дзяржаўнай паліклініцы трэба чакаць мінімум 10 дзён, і каб даведацца іх, трэба запісвацца яшчэ на адзін прыём! І мы маем такую сітуацыю, што дактары трацяць вялікую частку працоўнага дня, проста паведамляючы вынікі аналізаў. У тым ліку нармальныя, якія не патрабуюць далейшай увагі.
Чаму ў IT-краіне дасюль няма адзінай сістэмы, дзе ў кожнага чалавека будзе свой акаўнт з актуальнымі медычнымі звесткамі? У Латвіі, адной з самых бедных краінаў ЕЗ, мне не трэба чакаць дзесяці дзён і запісвацца на прыём да тэрапеўта, каб даведацца вынік біяхіміі: я бачу яго онлайн у сваім акаўнце ў той жа дзень, калі здавала кроў. А бальшыня праблемаў, якія не патрабуюць уласна фізічнага агляду, я развязваю нават не з сямейнаю доктаркай, а з ейнаю медсятрою праз тэлефон. Затое калі я праўда захварэла і мне трэба дапамога, на візіт я трапляю ў той жа ці максімум на наступны дзень, і ён доўжыцца так доўга, колькі нам трэба, каб дэталёва з усім разабрацца. Чаму ў Беларусі ні я, ні мая тэрапеўтка нават марыць пра такое не маглі?
А што адбываецца з хуткай дапамогай у Беларусі? Гэта ж увогуле катастрофа. Шмат дзе машыны старыя, медыкаў бракуе, і пры гэтым яны вымушаныя ездзіць на выклікі з тэмператураю 37,5 ці ціскам 140/90. Але здагадайцеся, каго караюць, калі праз няпрофільныя выклікі машына позна прыязджае на нешта сапраўды важнае. Не, не чыноўнікаў, якія распрацоўваюць інструкцыі, а альбо нікога, альбо тых, хто іх выконвае. Вельмі зручная схема, я думаю!

Не ведаю, чым менавіта скончыцца правяранне ў справе са смерцю дзяўчыны ў Ельску, але гатовая спрачацца, што пра глабальныя хібы ніхто не заікнецца. Гэта ж старая добрая беларуская традыцыя – прыхоўваць сістэмныя праблемы, каб не дай бог не ўзнікла пытання, якія пастановы да іх прывялі і ці не трэба нешта змяняць глабальна. Куды прасцей прызнаць любую трагедыю выпадковасцю, якая магла б здарыцца дзе заўгодна. Проста чамусьці, праз нешчаслівы збег акалічнасцяў, ізноў здарылася ў нас.
Але я вельмі спадзяюся, што хоць бы сям’ю дзяўчыны нарэшце пакінуць у спакоі. Немагчыма ўявіць, як ім цяпер балюча і страшна.