навіны

«Intercars» следам за «Менсктрансам» прапанаваў бясплатную перасадку ў аўтобусах на мяжы з Польшчай

Аўтобус «Intercars» на маршруце «Менск – Варшава»
Аўтобус «Intercars» на маршруце «Менск – Варшава». Фота: Intercars / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Калі пад мяжой аўтобус чакае ў чарзе, а ў іншым аўтобусе той жа кампаніі, што стаіць бліжэй да мяжы, ёсць месца, то можна бясплатна перасесці. Так могуць рабіць пасажыры «Менсктрансу» і з 30 траўня – «Intercars'у».

Чарга на польска-беларускай мяжы з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Карына Пашко / Белсат
«Па жывой чарзе». Як «Менсктранс» арганізоўвае бясплатную перасадку ў аўтобусы на мяжы з Польшчай? навіны

Кампанія «ІП Баертранс», што працуе пад брэндам «Intercars», прапанавала сваім пасажырам бясплатную перасадку на мяжы з Польшчай. Акцыя дзее да канца летняга сезону.


Калі адзін аўтобус кампаніі стаў у чаргу пад мяжой, а перад ім ёсць іншы аўтобус кампаніі, можна падысці да таго другога аўтобуса і спытаць у кіроўцы, ці ёсць вольныя месцы. Калі ёсць, перасадка бясплатная. Кампанія нагадвае: трэба ўдакладняць у кіроўцы другога аўтобуса, куды той едзе.


«Intercars» мае аўтобусы ў польскім кірунку на Варшаву, на аэрапорт «Варшава / Модлін» пад Варшавай з заездам у Варшаву, на Брно, Катавіцэ і Прагу, праз Варшаву, а на Кракаў – праз ускраіны Варшавы.


27 траўня аналагічную паслугу прапанаваў «Менсктранс»: людзям далі магчымасць бясплатна перасаджвацца ў аўтобусы, бліжэйшыя да беларуска-польскай мяжы.


Раней кіроўцы міжнародных аўтобусаў прапаноўвалі перасадкі, але платна, за 30-50 еўраў. Знайсці абвесткі іншых кампаніяў пра бясплатную перасадку «Белсату» не ўдалося.


Паслуга была запатрабаваная нават за немалыя грошы з прычыны доўгага чакання на мяжы: паводле чатаў, 29 траўня на пераходзе «Берасце – Тэрэспаль» аўтобусы стаялі ў чарзе і праходзілі кантроль ад 5 да 16 гадзінаў. І гэта не рэкорд: у чарзе было толькі да 30 аўтобусаў, у пачатку тыдня бывала пад 50, а месяц таму бывала і за сотню аўтобусаў.


Днём 30 траўня чарга аўтобусаў пачала змяншацца, станам на 14:00 у ёй было толькі 14 аўтобусаў. Чарга легкавікоў усё яшчэ застаецца вялізнай, больш за 500 машынаў (на мінулым тыдні было за тысячу).


Памежны камітэт Беларусі вінаваціць у чэргах замежных калегаў: сцвярджае, што Польшча прапускае толькі 35 % машынаў ад нормы ў Тэрэспалі і 55 % грузавікоў ад нормы ў Кукурыках. Вінаваціць у невыкананні нормы і літоўскіх памежнікаў. Польскі бок працяглы час тлумачыць, што прапускае менш за норму з прычыны занятасці памежнікаў барацьбою са штучна створаным уладамі Беларусі міграцыйным крызісам.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10