навіны

«Мусім умацоўваць сувязі паміж людзьмі». Ціханоўская прамовіла ў Сейме Польшчы

img
Святлана Ціханоўская падчас прамовы ў Сейме Польшчы. 8 студзеня 2025 года. Фота: tsikhanouskaya / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Абраная прэзідэнтка Беларусі працягнула візіт у Варшаву прамоваю ў Сейме Польшчы на слуханнях, прысвечаных нашай краіне. Святлана Ціханоўская адзначыла, што ў Беларусі напярэдадні галасавання 26 студзеня ўзмацняюцца рэпрэсіі, і заклікала адрозніваць «беларусаў і рэжым».

Святлана Ціханоўская выступіла на супольным паседжанні Сейму і Сенату Польшчы, камітэтаў у замежных і еўрапейскіх справах, паведамляецца ў Telegram-канале абранай прэзідэнткі.


Удзел у падзеі ўзялі польскія дэпутаты, эксперты, палітыкі, а таксама прадстаўнікі беларускай супольнасці: Павел Латушка, Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Анжаліка Мельнікава, Маргарыта Ворыхава, Аліна Коўшык, Улад Кобец, Мацвей Купрэйчык.


Галоўнымі тэмамі прамовы Ціханоўскай былі палітвязні, супраца з дэмакратычнымі сіламі, пытанні рэгіянальнай бяспекі, а таксама падтрыманне беларусаў у Польшчы і «раздзяленне беларусаў і рэжыму». Лідарка заўважыла, што Польшча для беларусаў – сімвал свабоды, салідарнасці і еўрапейскай будучыні, за якую беларусы працягваюць штодзённа змагацца.

,,

«Пакуль дыктатары спрабуюць атруціць наш народ „рускім мірам“ і ізаляваць яго ад свабоднага свету, мы павінны ўмацоўваць сувязі паміж людзьмі: выдаваць візы, клапаціцца пра бяспеку адно аднаго, ладзіць абмены і прадастаўляць стыпендыі. Я заклікаю вас не класці Беларусь у адзін кош з Расеяй. Нашыя грамадствы і ўмовы, у якіх яны існуюць, адрозніваюцца. Беларускае грамадства ўжо зрабіла свой выбар».


Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу, што напярэдадні галасавання, прызначанага на 26 студзеня, у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі, і «Лукашэнка паводзіцца так, нібыта сотні тысячаў людзей стаяць ля ягонага палацу».

Слуханні ў Сейме Польшчы, прысвечаныя Беларусі. 8 студзеня 2025 года. Фота: tsikhanouskaya / Telegram
Слуханні ў Сейме Польшчы, прысвечаныя Беларусі. 8 студзеня 2025 года. Фота: tsikhanouskaya / Telegram

«Часам чую меркаванне, што, магчыма, варта дамовіцца з Лукашэнкам і абараніць яго ад Пуціна. Гэта памылка. Лукашэнка не абараняе незалежнасць Беларусі. Наадварот, ён з’яўляецца пагрозай для нашай незалежнасці. Яго адзіная мэта – захаваць уладу любымі коштамі», – заявіла абраная прэзідэнтка.


Яна адзначыла ролю беларусаў, якія знайшлі ў Польшчы бяспечны прытулак: яны ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, займаюцца валанцёрствам, робяць ахвяраванні на карысць Украіны і беларускіх добраахвотнікаў.


«Гэтыя людзі – скарб і важная частка нашага дэмакратычнага руху. Ім патрэбная падтрымка. Мы павінны спрасціць іх жыццё», – падкрэсліла Ціханоўская.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з Дональдам Тускам. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2025 года. Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Візы, мяжа, палітвязні: Ціханоўская сустрэлася з прэм'ер-міністрам Польшчы

навіны

Абраная прэзідэнтка Беларусі 8 студзеня пачала працоўны візіт у Варшаву і ўжо сустрэлася з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам


Палітыкі абмеркавалі развязванне праблемаў, з якімі сутыкаецца беларуская дыяспара, магчымасць пашырэння выдавання візаў беларускім грамадзянам, шляхі вызвалення актывіста польскай меншасці і журналіста Анджэя Пачобута ды іншых палітвязняў. Таксама ў цэнтры ўвагі была сітуацыя на беларуска-польскай мяжы, а яшчэ – далейшая супраца паміж польскімі ўладамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.


У наступных планах Ціханоўскай у Варшаве – сустрэча з прэзідэнтам Анджэем Дудам, міністрам замежных справаў Радославам Сікорскім і беларускай дыяспарай.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10