Штодзённа да 25 снежня «Белсат адкрывае новыя цікавінкі пра знакамітых беларусаў і беларусак у сваім адвэнт-календары. Глядзіце святочныя анкеты і трымайце добры настрой ужо зараз!
У сённяшнім акенцы № 20 святочнага календара – нашая новая гераіня: беларуска-польская рэжысёрка, сцэнарыстка і аўтарка фільмаў з шэрагам міжнародных узнагародаў Мара Тамковіч.
У 2024 годзе Мара выпусціла поўнаметражную стужку «Пад шэрым небам», заснаваную на гісторыі журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай, засуджанай у Беларусі больш як на на 8 гадоў зняволення, і ейнага мужа Ігара Ільяша, якога сілавікі затрымалі сёлета. Фільм трапіў у конкурс прэстыжнага кінафестывалю «Tribeca» ў Нью-Ёрку, а таксама атрымаў узнагароду за найлепшы фільм на фестывалі «Паўночнае ззянне» у Талліне, за найлепшы апавядальны фільм – на «Solidarity Fest Festival» у Тэль-Авіве, за найлепшы дэбют – на Фестывалі польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні ды іншыя ўзнагароды.
13 шчырых адказаў Мары Тамковіч чытайце ніжэй.

1. Галоўная падзея гэтага года для вас. Прэм’ера майго поўнаметражнага дэбюту «Пад шэрым небам»
2. Апішыце гэты год адным словам. Падарожжа. Большую частку года я правяла ў паездках з фільмамі, тры месяцы дадаткова – на творчай рэзідэнцыі ў Берліне
3. Якім персанажам на Каляды вы б апрануліся? Вавёркай. У мяне ёсць досвед :)
4. Самы шчаслівы момант 2024 года. Польская прэм’ера «Пад шэрым небам». Хоць фільм да гэтага ўжо паказалі ў Нью-Ëрку, менавіта ў Гдыні сабралася вялікая частка каманды, прыехалі акторы, у зале было шмат сяброў: як з польскага і беларускага кінасветаў, гэтак і зусім не звязаных з кіно. У Гдыні я сапраўды адчула, што аддала фільм гледачам. Гэта быў шчаслівы дзень. Лепшым яго магло б зрабіць толькі тое, каб у зале былі Каця ды Ігар
5. А галоўны фэйл? Згубіць абодва ключы ад машыны, аднавіць іх за кучу грошай, а потым знайсці
6. Якая беларуская навіна ўразіла вас больш за ўсё ў гэтым годзе? Моцна эмацыйна закрануў арышт Ігара Ільяша
7. З кім з беларусаў вы вельмі хацелі б пазнаёміцца? З Кацяй Андрэевай
8. Якая песня ў вас гучала часцей за ўсё ў гэтым годе? «Я нарадзіўся тут» (Зміцер Вайцюшкевіч)
9. Хто з беларусаў стаў для вас асабістым адкрыццём года? Саша Філіпенка. Так-так, я адсталая
10. Ваш любімы калядны фільм. «Адзін удома»
11. Самае прыгожае месца, куды вы заўсёды гатовыя вяртацца. Прыгожых месцаў шмат, аднак калі вяртацца, то дадому.
12. Вашая мара на наступны год. На год атрымоўваюцца толькі планы, мары ўсе нейкія больш доўгатэрміновыя:)
13. Што б вы хацелі пажадаць беларусам у новым годзе? Свабоды.
Паглядзець папярэднія адказы герояў можна тут, а ўжо заўтра вас чакае чарговае акенца адвэнт-календара. Не пераключайцеся!
Тэса Анэйда belsat.eu