Цэны на каву і какаву ў свеце б’юць рэкорды праз неўраджаі ў асноўных краінах-вытворцах. Растуць яны і ў Беларусі. Усё гэта з аднаго боку прыводзіць да падаражэння прадукцыі, а з другога – пагражае стратаю працы работнікам кавярняў і закрыццю бізнесаў. Да чаго ў звязку з гэтым варта рыхтавацца беларусам?
Як перадае «Reuters», удзельнікі штогадовага з'езду Нацыянальнай асацыяцыі кавы ЗША, які прайшоў у Хʼюстане на пачатку сакавіку, былі шакаваныя ростам на 70 % адносна лістапада 2024 года фʼючарсаў на каву арабіка на біржы ICE, якая ёсць арыентырам для здзелак адносна кавы ва ўсім свеце.
Але пакуль кошты істотна не ўпадуць, большую частку кававай галіны могуць чакаць вялікія праблемы. Паводле словаў генеральнага дырэктара адной з буйных кампаніяў ЗША, некаторыя з яго кліентаў не ўпэўненыя, што змогуць працягваць весці бізнес, бо «не ведаюць, ці змогуць прадаваць сваю прадукцыю паводле новых цэнаў». Не хочуць купляць каву з такімі цэнамі і шмат якія крамы, што ў выніку прыводзіць да яе дэфіцыту ў супермаркетах.
Dolce Vita не свеціць, або шакаладкі сціскаюцца
Амаль патроіліся за 2024 год і сусветныя цэны на какаву. Тут прычынай ёсць чацвёрты запар засушлівы сезон у Заходняй Афрыцы – праз экстрэмальныя ўмовы надворʼя і хваробы загінулі ўраджаі ў Кот-дʼІвуары і Гане, якія разам вырабляюць дзве траціны сусветнага абʼёму какавы. У выніку, расказаў «The Financial Times» Оран ван Дорт, сыравінны аналітык «Rabobank», цэны на шакалад дасягнулі «астранамічных узроўняў». І сёлета, паводле яго, рызыка росту захоўваецца.

,,«Мы імкнемся выпускаць прадукцыю для рознага спажыўца. Хтосьці хоча атрымаць свае сумленныя 100 грамаў, а хтосьці – купіць шакаладку танней. У нас ёсць запыт на 85 або 90 грамаў. Напрыклад, для той жа бабулі цана важнейшая за колькасць, а на 100-грамоўкі мы яе панізіць не можам. Затое можам на шакаладкі вагою паменш», – казала ў студзені начальніца ўпраўлення якасці беларускай «Камунаркі» Ганна Козыр.
Тым не менш, кампаніі-вытворцы шакаладу «Hershey», «Lindt» і «Mondelez» зафіксавалі зніжэнне аб’ёмаў продажу. Праз рост коштаў выраслі і праблемы ліквіднасці ў сектары. Генеральная дырэктарка кампаніі «Hershey» (брэнды «Cadbury», «Kit Kat» і іншыя) Мішэль Бак чакае, што рост коштаў на какаву акажа «значны ціск» і на прыбытак 2025 года.
Кававыя астравы могуць зачыніцца, а людзі – страціць працу
Рост цэнаў на каву і какаву ўплывае і на сітуацыю ў Беларусі. Як расказаў Onliner.by Андрэй Пятроў з праекту «River Roasters», паўгода таму кілаграм бразільскай кавы для іх каштаваў $ 7,5-8, цяпер – $ 9,5-10, а ў траўні яго кошт можа вырасці да $ 12 без уліку лагістыкі і іншых складнікаў цаны.
Прадстаўнікі галіны адзначаюць, што яшчэ напачатку года кубак капучына мусіў бы каштаваць 10 рублёў, але пакуль яшчэ атрымліваецца трымаць цэны на ўзроўні 7-8 рублёў. Але заснавальнік беларускай сеткі кавярняў «Кава Саўнд» Мікіта Чакаў прагназуе, што ў Менску кубак кавы можа падаражэць да 8,5-9 рублёў ужо ў сакавіку. Такі рост можа моцна ўдарыць па невялікіх кавярнях і кава-астравах у бізнес-цэнтрах, бо «пастаянныя наведнікі такіх невялікіх кавярняў стануць эканоміць і, хутчэй за ўсё, проста адмовяцца ад штодзённай пакупкі ў такіх месцах».
,,«Цалкам магчыма, што да канца 2025 года фармат кававых астравоў з барыста ў бізнес-цэнтрах Беларусі практычна знікне з рынку як клас і будзе заменены аўтаматызаваным гандлем без удзелу чалавека», – мяркуе Чакаў.
На яго думку, упэўнена будуць адчуваць сябе класічныя кавярні з вялікімі памяшканнямі і ўласнай кухняй, а таксама кавярні, якія працуюць паводле мадэлі фіксаванай нізкай цаны.
Чакае далейшага росту цэнаў на какаву і каву ў Беларусі і экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна. Яна адзначыла ў каментары «Белсату» са спасылкай на звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, што ў лютым 2025 адносна лютага 2024-га кава ў Беларусі падаражэла прыблізна на 25-26 %, шакалад – на 30 %. І ў 2025 годзе рост працягнецца, нягледзячы на жорсткае рэгуляванне цэнаў, «бо гэта ўсё адно рэгуляванне, а не фіксаванне».
Пытанне толькі ў памерах росту, які тым не менш будзе відавочна вышэйшым за сярэднія паказнікі ў краіне, сказала экспертка. Застаецца адкрытым пытанне і адносна таго, як будуць сябе паводзіць вытворцы ва ўмовах, «калі ўлады неахвотна ідуць на павышэнне цэнаў» – ці то спрабаваць іх усё ж павялічыць, ці то зменшыць аб’ёмы, ці то змяніць рэцэптуру.
Але ў любым разе дэфіцыту эканамістка не чакае. «Кава і шакалад будуць прадавацца», пытанне толькі ў цэнах, падкрэсліла Лузгіна.

Пакуль жа інфляцыйнага ціску ў Беларусі не вытрымліваюць нават шакаладкі «Президент». Калі ў студзені 2022 года яны каштавалі 2 руб. 91 кап. за 100 грамаў, то цяпер «Edostavka» прадае іх па цэнах ад 5 руб. 75 кап. да 6 руб. 37 кап. Рост за тры гады ў два і больш разы.
Лепей не будзе, будзе толькі горш
Як паказвае даследаванне кансалтынгавай кампаніі «Inverto», доўгатэрміновая тэндэнцыя да больш экстрэмальных зʼяваў надворʼя працягне ўплываць на ўраджайнасць у рэгіёнах, выклікаючы скокі цэнаў. І не толькі на какаву і каву, але і на іншыя прадукты. Напрыклад, праз засуху ў Балгарыі і Украіне сусветныя цэны на сланечнікавы алей у 2024 годзе выраслі на 56 %. Таксама істотна падаражэлі памаранчавы сок і масла (больш як на траціну), ялавічына (больш як на чвэрць).
,,«Вытворцы прадуктаў харчавання і раздробныя гандляры павінныя дыверсіфікаваць свае ланцужкі паставак і стратэгіі закупак, каб знізіць празмерную залежнасць ад любога рэгіёну, які пацярпеў ад неўраджаю», – сказала «The Guardian» Катарына Эрфарт з «Inverto».
Пра небяспечны ўплыў змены клімату на харчовую вытворчасць кажуць і эколагі. Як адзначыў Піт Фалан, эксперт харчовай бяспекі Метэаралагічнага бюро і Універсітэту Брыстолю (Вялікая Брытанія), варта рыхтавацца да працяглых узрушэнняў у сусветнай сельскагаспадарчай вытворчасці і зрыву ланцужкоў паставак, што спрычыніцца да праблемаў харчовай бяспекі.
Макар Мыш belsat.eu