Сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч і міністр абароны Віктар Хрэнін сустракаліся з міністрам абароны і падтрымкі Узброеных сілаў Ірану Азізам Насірзадэ. Хутчэй за ўсё, абмяркоўвалі атрыманне зброі Іранам на фоне кантактаў прэзідэнта ЗША Доналда Трампа з Уладзімірам Пуціным, які падтрымлівае Іран, распавёў «Белсату» эксперт.
Беларуская дапамога Ірану: ад шасі да аптычнай выведкі
«Бакі абмяняліся думкамі наконт актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня і абмеркавалі перспектывы развіцця ўзаемадзеяння», – напісаў пра сустрэчу тэлеграм-канал Міністэрства абароны Беларусі.
Гэтае ўзаемадзеянне хутчэй за ўсё звязанае з продажам розных відаў зброі Ірану, мяркуе вайсковы эксперт, які пагутарыў з «Белсатам» на ўмовах ананімнасці.
«Супраца Беларусі і Ірану ў вайсковай галіне налічвае вельмі шмат гадоў. Беларусь традыцыйна займалася мадэрнізацыяй савецкіх сістэмаў СПА, пастаўленых яшчэ за часоў Савецкага Саюзу. Беларускія прадпрыемствы займаліся мадэрнізацыяй сістэмаў С-200, С-125, "Бук" [савецкія ракетныя зенітныя комплексы. – Заўв. рэд.].
,,Беларусь прадавала Ірану сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія дазвалялі перахопліваць кіраванне амерыканскімі беспілотнікамі і ажыццяўляць іх прымусовую пасадку на тэрыторыі Ірану», – кажа эксперт.
У Іране таксама выкарыстоўваліся беларускія радыёлакатары, якія дазвалялі выявіць цэлі на вялікай адлегласці і вышыні, для барацьбы з беспілотнікамі, дадае ён.
«Нават інфармацыйныя агенцтвы Ірану неаднаразова публікавалі здымкі беларускіх сістэмаў, якія вялі барацьбу з амерыканскімі беспілотнікамі. Акрамя таго, ёсць інфармацыя, што беларускія шасі ўжываліся для іранскіх сістэмаў супрацьпаветранай абароны, а беларускія абароненыя сродкі вайсковай сувязі выкарыстоўваліся іранскімі ўзброенымі сіламі», – працягвае суразмоўца.

Гаворка можа ісці і пра перадачу Ірану сродкаў аптычнай выведкі. Іх Беларусь ужо прадае Кітаю і Расеі, адзначае вайсковы эксперт.
«Такія сродкі дазваляюць адрозніваць на зямлі аб'екты памерам 30 сантыметраў з вышыні спадарожніка, які знаходзіцца на вышыні 500 кіламетраў. Выявы пераўтвараюцца ў лічбавы фармат – можна рабіць лічбавыя карты мясцовасці, якія можна ўжываць для навядзення высокадакладнай зброі.
,,Ва ўмовах, калі спадарожнікавая навігацыя можа быць перапыненая, навігацыя па лічбавых картах зямной паверхні дазваляе абараніць і ракеты і беспілотнікі ад паражэння сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Мяркую, гэта асноўныя напрамкі перамоваў», – распавядае суразмоўца.
Верагодна, Іран хоча закупіцца ў Беларусі на фоне кантактаў Доналда Трампа з Уладзімірам Пуціным, бо ЗША і Іран – даўнія ворагі.
«Магчыма, Іран цяпер зацікаўлены ў беларускіх сістэмах СПА, распрацоўванне якіх Беларусь заканчвае і ставіць сабе на ўзбраенне. Гэта новая версія ЗРК "Бук" – "Бук МБ2". Гэта ўласная беларуская распрацоўка.
Мне здаецца, Іран не хоча залежаць ад Расеі і праводзіць дыверсіфікацыю паставак узбраення. Ён асцерагаецца, відавочна, што Пуцін і Трамп могуць дамовіцца за ягонай спінай аб скарачэнні вайсковай дапамогі Ірану з боку Расеі. Я думаю, што ўсё ж Іран хоча мець яшчэ адну крыніцу атрымання сродкаў СПА», – кажа эксперт.
Ірану – перастрахоўка, Беларусі – беспілотнікі

Беларускі бок могуць цікавіць тэхналогіі вытворчасці беспілотнікаў, каб арганізаваць у сябе выпуск аналагаў або версіяў гэтых апаратаў. Аднак у хуткім часе гэтага чакаць не варта, лічыць эксперт.

Расея сабралася збудаваць у Беларусі завод беспілотнікаў. Гэта не немагчыма, але ёсць пэўныя сумневы
«У нас ёсць уласныя беспілотнікі. І ёсць праграма імпартазамяшчэння. Беларускія прадпрыемствы ВПК будуць змагацца, перш за ўсё, каб уласныя вырабы былі запушчаныя ў вытворчасць і прынятыя на ўзбраенне.
Што датычыць заводу для вытворчасці беспілотнікаў, якія з дапамогай Расеі збіраецца будаваць Беларусь, то гэта хутчэй за ўсё будуць расейскія беспілотнікі. Падчас перамоваў было сказана, што Расея хоча, каб былі адзіныя стандарты і платформа ў беларускіх і расейскіх беспілотнікаў, што дазваляе ажыццяўляць сумяшчальнасць пры абароне ці выкарыстанні беспілотнікаў ва ўзброеных мэтах.
Хутчэй за ўсё будзе будаўніцтва заводу паводле расейскіх стандартаў, за расейскія грошы і ў расейскіх інтарэсах», – заключае суразмоўца.
Арсен Рудэнка, Алесь Наваборскі belsat.eu