навіны

«Нагадваем гледачам пра Беларусь». Фільм «Пад шэрым небам» атрымаў узнагароду на фестывалі ў Польшчы

img
Цырымонія ўзнагароджання 49-га Фестывалю польскіх мастацкіх фільмаў. Гдыня, Польшча. 28 верасня 2024 года. Фота: Radosław Nawrocki / Forum
podpis źródła zdjęcia

Гісторыю беларускай палітзняволенай Кацярыны Андрэевай і ейнага мужа Ігара Ільяша адзначылі на 49-м Фестывалі польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні. Рэжысёрка Мара Тамковіч атрымала прэмію за найлепшы дэбют.

«Гэта адна з самых, калі не самая важная фестывальная падзея ў ігравым кіно ў Польшчы, таму трапіць тут у галоўны конкурс, а яшчэ і атрымаць узнагароду – вялікі знак прызнання, знак прызнання індустрыі і гледачоў», – сказала «Белсату» Мара Тамковіч.


Журы ўзнагародзіла рэжысёрку стужкі «Пад шэрым небам» за «ўмелае вядзенне гісторыі пра цану маральнага выбару, пра тое, як быць чалавекам, і пра міфалогію на фоне драматычных падзеяў, што адбываюцца ля межаў Польшчы, за спелае стварэнне кранальнай гісторыі пра вялікую каштоўнасць чалавечай свабоды».

Дыплом Фестывалю польскіх мастацкіх фільмаў, атрыманы рэжысёркаю Марай Тамковіч за стужку «Пад шэрым небам». Фота Мары Тамковіч / Белсат
Дыплом Фестывалю польскіх мастацкіх фільмаў, атрыманы рэжысёркаю Марай Тамковіч за стужку «Пад шэрым небам». Фота Мары Тамковіч / Белсат

Тамковіч падкрэслівае, што прэмія такога значнага фэсту, як у Гдыні, дапамагае прасоўваць фільм:


«Такая перамога дае моцны сімвалічны капітал для далейшай працы персанальна для мяне, для наступных фільмаў. Маючы такую перамогу, можна спадзявацца, што наступныя праекты будуць падтрыманыя. Але таксама гэта вялікая сіла для дыстрыбуцыі фільму, вялікае інфармацыйнае падтрыманне».


Акрамя таго, кожны паказ стужкі – гэта нагадванне гледачам, у якой сітуацыі апынулася Беларусь. Гэта надзвычай важна ў час, калі пра трагедыю нашай краіны пачалі забывацца:

,,

«Кожны паказ фільму – аповед беларускай гісторыі, гэта шанец наблізіць тое, што адбываецца ў Беларусі, да гледачоў, якія прыходзяць на сеансы. Дарэчы, гэта вельмі часта гучала ў маіх размовах з гледачамі цяпер на фестывалі і таксама з'яўляецца ў польскіх рэцэнзіях, што Беларусь знікла з масавай свядомасці. Менавіта дзякуючы фільму людзі прыгадваюць, што адбываецца, а ў выпадку Польшчы гэта літаральна за мяжою».


Фільм «Пад шэрым небам» – гэта першая поўнаметражная праца Тамковіч. Стужка заснаваная на гісторыі журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), асуджанай у Беларусі на 8 гадоў 3 месяцы зняволення. Раней Тамковіч зняла кароткаметражны фільм «У жывым эфіры» («Na żywo») пра Андрэеву і Дар’ю Чульцову – іх затрымалі падчас стрыму з плошчы Пераменаў у 2020 годзе.

Рэжысёрка Мара Тамковіч у Варшаўскай школе фільмаграфіі. Варшава, Польшча. 19 красавіка 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
«Я шукала не фасадных герояў, а штодзённую цану прынятых рашэнняў» – размова з рэжысёркаю Мараю Тамковіч навіны

Стужку «Пад шэрым небам» кінакрытык Ірэна Кацяловіч называе «вельмі глыбокім, майстэрскім і далікатным выказваннем на балючую тэму беларускіх палітвязняў»:


«Гэта вельмі камерная, асабістая гісторыя мужа і жонкі, дзе жонка становіцца палітзняволенай, а муж мусіць змагацца за яе: каб інфармацыя пра яе не знікала з прасторы, каб яна мела магчымасць зрабіць выбар. Таксама гэта фільм пра выбар: сёння, у час актыўнай дыскусіі пра палітвязняў і спосабы іхнага вызвалення, можа быць вельмі цікавым такое псіхалагічнае пагружэнне ў тое, як людзі ўнутры могуць прымаць пэўныя рашэнні».


Паводле Кацяловіч, стужка вельмі ўмела перадае атмасферу Беларусі: «Ты паўсюль адчуваеш гэты „бетонны” таталітарны настрой, якому людзі мусяць даваць рады».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10