Святлана Ціханоўская 11–12 сакавіка была з візітам у Страсбуры. Ейны галоўны дарадца расказаў «Белсату», пра што там размаўлялі – і якія вынікі з паездкі для дэмакратычных сілаў і шараговых беларусаў.
Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, падвёў у эфіры «Белсату» вынікі візіту выбранай прэзідэнткі ў Страсбур. Ён пералічвае: Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце, дзе яе слухалі сем сотняў дэпутатаў з усіх краінаў Еўразвязу; выступіла ў Радзе Еўропы, дзе прадстаўленыя 46 краінаў; сустрэлася з прэзідэнткай і віцэ-прэзідэнтамі Еўрапарламенту, дэлегацыяй па сувязях з Беларуссю.
Асноўныя дамоўленасці, паводле Вячоркі, такія:
- Беларускія дэмакратычныя сілы разам з Радай Еўропы будуць рыхтаваць заяву ў падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.
- У тых краінах, дзе Беларусі маюць праблемы з легалізацыяй і дакументамі, дэмакратычныя сілы падрыхтуюць дарожныя мапы для развязання на аснове механізмаў у Польшчы і Літве.
- На наступны аўторак запланаваная важная сустрэча з еўрапейскімі міністрамі па дапамозе грамадзянскай супольнасці Беларусі і незалежным медыям.
- Пра візы былі атрыманыя «добрыя сігналы» ад Іспаніі і Італіі пра пашырэнне выдачы візаў.
- Будзе пашыраная праца дэлегацыі па Беларусі ў Еўрапарламенце, запланаваны шэраг мерапрыемствам з дакладчыкам па Беларусі.
- У бліжэйшыя месяцы маюць прайсці слуханні па Беларусі ў адным з камітэтаў Еўрапарламенту.
,,«Ёсць салідарнасць з Беларуссю, – кажа Вячорка. – Але, на жаль, зараз няма разумення, якая роля Беларусі ў кантэксце мірных перамоваў па Украіне: што гэта зменіць для Беларусі, як успрымаць Беларусь».
«Вядома, усе размовы зараз пра мірныя перамовы па Украіне. Якая роля Беларусі пасля, як ставіцца да Лукашэнкі пасля, як успрымаць Беларусь? Нашая задача – гэта паставіць на парадак дня. Нам важна, каб Расея не змагла зафіксаваць свой кантроль над Беларуссю, каб еўрапейскія дэпутаты і еўрапейскія палітыкі казалі, што Беларусь не роўна Расея.
Нам вельмі важна, каб пытанне вызвалення палітычных вязняў было прыярытэтам, таму што цяпер, калі тысячамі паміраюць украінцы, вельмі цяжка пабачыць, чаму вызваленне беларускіх палітвязняў мае вялікае значэнне. Гэта важна для нас, але вельмі цяжка патлумачыць, чаму гэта важна таксама для еўрапейскіх чыноўнікаў і палітыкаў».
Вячорка адзначае, што цікавай была сустрэча ў Радзе Еўропы: толькі Азербайджан праігнараваў тую сустрэчу, астатнія ж выступілі ў падтрымку Ціханоўскай і беларускай пазіцыі. Нават Боснія і Герцагавіна падтрымала пазіцыю дэмакратычных сілаў Беларусі, хоць толькі на днях павіншавала Аляксандру Лукашэнку з перамогай на выбарах і ўручыла даверчыя лісты.
Спектр праблемаў, кажа Вячорка, быў вельмі шырокі – ад геапалітычных да вельмі канкрэтных. Ціханоўскую пыталі пра санкцыі, з ёй абмяркоўвалі пытанні павелічэнне выдачы шэнгенскіх візаў беларусам, пытанні транснацыянальных рэпрэсіяў супраць беларусаў праз «Інтэрпол», пытанні легалізацыі беларусаў за мяжой і выдачы ім падарожных дакументаў.
Дыскусіі працягнуцца ў наступны аўторак у Бруселі: Ціханоўская выступіць перад міністрамі па еўрапейскіх справах усіх краінаў Еўразвязу і еўракамісаркай па пашырэнні Еўразвязу. Там, паводле Вячоркі, Ціханоўская будзе казаць пра падтрымку рэпрэсаванай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў Беларусі: на тле скарачэння амерыканскай дапамогі Еўразвяз будуць прасіць выпрацаваць тэрміновае рашэнне.

Сярод іншага Ціханоўская казала, што 287 беларускіх прадпрыемстваў вырабляюць узбраенне для Расеі. «BELPOL» пацвердзіў гэтыя звесткі, але ўдакладніў: як мінімум 287, рэальна ж такіх прадпрыемстваў можа быць пад паўтысячы. Навошта Ціханоўская называе Беларусь ваенным плацдармам Расеі?
Вячорка тлумачыць: гэта Лукашэнка зрабіў Беларусь ваенным плацдармам. Беларусь у Еўропе цяпер успрымаюць як проксі Расеі, з прычынаў бяспекі адгароджваюцца сцяной, бо разумеюць, што вайна супраць Еўропы можа ў любы дзень пачацца з тэрыторыі Беларусі. Пакуль Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, Беларусь будуць надалей успрымаць як прыдатак Расеі, лічыць Вячорка.
У 2022 годзе з тэрыторыі Беларусі пачалася расейская атака на Украіну, з таго часу Лукашэнка ўсяляк падтрымліваў Расею ў вайне: не толькі даваў доступ на беларускую тэрыторыю і ў паветраную прастору, але і пастаўляў вайсковую тэхніку, дэталяў. Вялікая частка прамысловасці была пераведзеная на ваенныя рэйкі, вайскова-прамысловы комплекс Беларусі стаў пастаўнікам прадукцыі для расейскага войска.
,,«Калі мы кажам пра санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, мы кажам у першую чаргу пра санкцыі супраць ВПК, – тлумачыць Вячорка. – Каб не даць Лукашэнку магчымасці зарабляць на вайне».
Нейкія прадпрыемствы пастаўляюць гатовую тэхніку, нейкія – шасі, оптыку, асобныя дэталі. Але ўсе працуюць на вайну, даводзіць Вячорка, таму ўсе важна выяўляць, супраць усіх іх важна ўводзіць санкцыі, бо гэта дапаможа спыніць вайну.
Аліна Скрабунова, Алесь Наваборскі belsat.eu