У сталіцы Бельгіі 11 чэрвеня пачалося пасяджэнне Кансультатыўнай групы Еўразвязу адносна Беларусі – пляцоўкі, якая яднае прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці і еўрапейскіх інстытутаў. Гэта ўжо пятая сустрэча ў такім фармаце, заявілі ў Офісе Святланы Ціханоўскай.
Сёлета абмеркаванні сканцэнтраваныя на такіх тэмах, як палітычная сітуацыя ў Беларусі і рэгіянальная бяспека, візавая мабільнасць беларусаў у Еўразвязе, стан незалежных медыяў і супрацьдзеянне прапагандзе, падтрыманне дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Рашэнні, якія выпрацоўваюцца ў межах групы, дапамагаюць каардынаваць дзеянні ЕЗ у падтрыманні дэмакратычнай Беларусі, падкрэслілі ў Офісе дэмакратычнай лідаркі.
Сама Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці пасяджэння, падкрэсліўшы, што Еўрапейскі Звяз – не проста саюзнік, а «мэта для дэмакратычнай Беларусі».
Палітык адзначыла, што ў Беларусі «рэжым перайшоў ад аўтарытарызму да таталітарызму, прыкрываючыся вайной і «ўнутранымі ворагамі». Яна нагадала таксама, што прынамсі 287 дзяржаўных прадпрыемстваў пастаўляюць тавары расейскай арміі, улады надаюць тэрыторыю і інфраструктуру для расейскіх дронаў.

«Рэжым здабывае выгаду з шчылінаў у санкцыях, рээкспартуючы забароненыя тавары ў Расею і прадаючы калій праз расейскія марскія парты. Гэтыя ваенныя даходы дапамаглі стабілізаваць эканоміку і павысіць ВУП. Менск пашырае сувязі з Кітаем, Іранам, Кубай і Паўночнай Карэяй, імкнучыся не толькі да рэсурсаў, але і да міжнароднай легітымнасці», – заявіла Ціханоўская.
Нагадаем, што кіраўнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак адзначыў рост арыштаў асобаў у справе былога маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», які адсочваў перасоўванне расейскіх войскаў у Беларусі. Такую ўвагу да гэтай катэгорыі ён патлумачыў рыхтаваннем «пуцінска-лукашысцкага агрэсіўнага плану вайны супраць NATO, такія арышты – абсалютна натуральны спосаб зачысціць бліжні тыл, якім стане тэрыторыя нашай краіны пасля пачатка баявых дзеянняў».
Якуб Хруст belsat.eu