26 верасня ў Гдыні адбудзецца польская прэм’ера фільму «Пад шэрым небам», натхнёнага гісторыяй кахання і выпрабаванняў беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. Чаму гэтую стужку варта пабачыць – чытайце ў матэрыяле «Белсат».
«Для замежнікаў гэта гісторыя пра тое, куды свет можа прыйсці»
Стужка «Пад шэрым небам» беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч прымае ўдзел у 49-м Фестывалі польскіх мастацкіх фільмаў (Festiwal Polskich Filmów Fabularnych) – вядомай кінападзеі Польшчы. У чэрвені фільм ужо быў паказаны на кінафестывалі «Tribeca» ў Нью-Ёрку. Наступны крок – прэм’еры на фестывалях у Еўропе, потым у планах паказы для шырокай аўдыторыі.
Паволе словаў рэжысёркі, замежнікі ўспрымаюць фільм як антыўтопію.
– Мяне здзівіла, што гледачы са Злучаных Штатаў рэзанавалі менавіта з палітычным аспектам гэтага фільму. Для іх у свабоднай краіне гэта была гісторыя пра тое, куды свет можа прыйсці, – распавядае «Белсат» Мара Тамковіч. – Але гэты фільм не публіцыстычная праца і не палітычны маніфэст, гэта гісторыя двух людзей, якія праходяць вельмі зразумелыя на чалавечым узроўні выпрабаванні і прымаюць вельмі зразумелыя рашэнні. Беларускі кантэкст тут – дадатак, магчымасць зазірнуць у нашую рэчаіснасць, але знаёмства з гэтым кантэкстам не неабходнае, каб зразумець фільм.

«Фільм вельмі ўмела перадае атмасферу Беларусі, гэты «бетонны» таталітарны настрой»
Кінакрытык Ірэна Кацяловіч называе кінастужку «абсалютным must see»
– Гэта вельмі камерная, асабістая гісторыя мужа і жонкі, дзе жонка становіцца палітзняволенай, а муж мусіць змагацца за яе: каб інфармацыя пра яе не знікала з прасторы, каб яна мела магчымасць зрабіць выбар. Таксама гэта фільм пра выбар: сёння, у час актыўнай дыскусіі пра палітвязняў і спосабы іх вызвалення, можа быць вельмі цікавым такое псіхалагічнае пагружэнне ў тое, як людзі ўнутры могуць прымаць пэўныя рашэнні.
На погляд кінакрытыка, «Пад шэрым небам» – гэта вельмі глыбокае, майстэрскае і далікатнае выказванне на балючую тэму беларускіх палітвязняў.
– Гэты фільм – абсалютны must see. Ён вельмі ўмела перадае атмасферу Беларусі, неглядзячы на тое, што здымаўся ў Польшчы: ты паўсюль адчуваеш гэты «бетонны» таталітарны настрой, якому людзі мусяць даваць рады", – кажа Кацяловіч.

«Гэтыя падзеі ўплеценыя ў сучасную гісторыю Беларусі і ёсць іх неад’емнаю часткаю»
Нагадаем, журналістку «Белсат» Кацярыну Андрэеву затрымалі пасля трансляцыі разгону пратэсту на плошчы Пераменаў 15 лістапада 2020 года. У 2022 годзе па выніках закрытага суда ёй быў вынесены вырак – 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму за здраду дзяржаве.
Стужка «Пад шэрым небам» – гэта не дакладная біяграфія беларускіх журналістаў. Хутчэй, гісторыя Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша – гэта прататып вялікай колькасці беларускіх сем’яў, якіх падзяліла турма.

«Рэжысёрка Мара Тамковіч паставілася да нашай гісторыі з велізарнай адказнасцю і беражлівасцю. Падчас працы над фільмам мы шмат размаўлялі, абмяркоўвалі падзеі апошніх гадоў, я распавядаў дэталі, пра якія ніхто не ведае. І мае заўвагі звычайна ўлічваліся. Пры гэтым я не настойваў на дакументальнай дакладнасці, добра разумеючы, што гэта мастацкі твор, – казаў пасля прагляду Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў Facebook. – Я ўвогуле мяркую, што гісторыя Каці ўжо не належыць толькі ёй і ейнай сям'і – гэтыя падзеі ўплеценыя ў сучасную гісторыю Беларусі і ёсць іх неад’емнаю часткаю. А на мастацкае асэнсаванне гісторыі краіны ні ў каго манаполіі быць не можа. Таму галоўная парада для ўсіх, хто будзе глядзець стужку ўпершыню: улічвайце, што фільм толькі «натхнёны сапраўднай гісторыяй». Імёны галоўных герояў – не Каця і Ігар. Гэта ўсё-такі асобныя персанажы».
Праграма Фестывалю ігравых польскіх фільмаў і квіткі
Тэса Анэйда belsat.eu