Еўрапейская выведка займела дакумент з патэнцыйнымі патрабаваннямі Расеі на перамовах адносна заканчэння вайны ва Украіне. Яны, сярод іншага, уключаюць у сябе «дэмантаж Кіеўскага рэжыму».
Як піша «Washington Post», дакумент, здабыты выведкай адной з еўрапейскіх краінаў, быў падрыхтаваны для Крамля аналітычным цэнтрам, які шчыльна працуе з пятай службай ФСБ, якое курыруе аперацыі ва Украіне, за тыдзень да перамоваў паміж Расеяй і ЗША ў Эр-Рыядзе 18 лютага.
Планы прэзідэнта ЗША Доналда Трампа дасягнуць міру за 100 дзён там названыя нерэальнымі, а мірнае развязанне крызісу ва Украіне – немагчымым да 2026 года. На думку аўтараў, без прызнання захопленых тэрыторыяў расейскімі вайна можа пачацца зноў, напрыклад, пры наступнай адміністрацыі ЗША. Дакумент настойвае не толькі на прызнанні расейскага суверэнітэту над акупаванымі тэрыторыямі, але і на стварэнні буфернай зоны на паўночным усходзе Украіны на мяжы з Бранскай і Белгародскай вобласцямі, а таксама дэмілітарызаванай зоны ў паўднёвых украінскіх рэгіёнах побач з Крымам. Гэтая зона ўключае ў сябе Адэскую вобласць.
Магчымыя саступкі Украіны, як то адмова ад сяброўства ў NATO і правядзенне выбараў, у якіх могуць удзельнічаць прарасейскія партыі, называюцца недастатковымі. Паводле дакументу, «неабходны яго поўны дэмантаж Кіеўскага рэжыму».
А міратворчыя сілы, нават неабавязкова еўрапейскія, у дакуменце названыя непатрэбнымі, бо яны будуць адчуваць на сабе «досыць моцны заходні ўплыў».
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў выданню, што яму «невядома пра такія рэкамендацыі» і што Крэмль «працуе з больш прадуманымі варыянтамі». Аднак выданне адзначае, што некаторыя дзеянні Масквы ў канцы лютага цалкам адпавядаюць прапановам з дакументу: так, 24 лютага Уладзімір Пуцін прапанаваў ЗША сумесна асвойваць радовішчы рэдказямельных металаў на захопленых украінскіх тэрыторыях, а на першых сустрэчах з прадстаўнікамі новай амерыканскай адміністрацыі Расея факусавалася на аднаўленні дыпламатычнай інфраструктуры.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 12 сакавіка правёў прэс-канферэнцыю на наступны дзень пасля перамоваў са Злучанымі Штатамі ў Саудаўскай Аравіі, на якіх Украіна пагадзілася спыніць агонь на 30 дзён, калі тое ж зробіць Расея. Ён патлумачыў, што «не мае ілюзіяў» адносна выканання Расеяй дамоўленасцяў, але на прыпыненне агню пагадзіліся, каб не падыгрываць заявам пра «нежаданне міру».
«Я неаднаразова падкрэсліваў: ніхто з нас не верыць расейцам – мы гэта праходзілі. Але з наратывам, што мы не хочам заканчэння вайны, які Расея вядзе і распаўсюджвае па ўсім свеце, гуляцца мы не будзем, – казаў Зяленскі. – Я настроены вельмі сур'ёзна, і для мяне гэта важна – спыніць вайну. Я хачу, каб прэзідэнт ЗША гэта бачыў, каб амерыканцы гэта бачылі і адчувалі. І каб Еўропа і ўсе былі адзіныя ў саюзе адносна таго, што трэба зрабіць усё, каб прымусіць Расею спыніць гэтую вайну».
На пытанне, калі можа распачацца 30-дзённае спыненне агню, Зяленскі адказаў: гэта залежыць ад Расеі. Калі Расея адмовіцца, то Зяленскі чакае ад Злучаных Штатаў «моцных крокаў» – кажа, можна разлічваць на «санкцыйныя дзеянні і ўзмацненне Украіны». Калі ж спыненне агню будзе дасягнутае, то, са словаў Зяленскага, 30 дзён будуць выкарыстаныя ў тым ліку на тое, каб «пакласці на паперу» ўзгодненыя крокі і фарматы гарантыяў бяспекі.
Якуб Хруст belsat.eu