Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў 27 траўня падчас размовы з журналістамі пра прапановы Расеі праводзіць перамовы адносна вайны ў Беларусі. Але кіраўнік украінскай дзяржавы ад гэтага адмовіўся, перадае «Интерфакс-Украина».
Уладзімір Зяленскі адзначыў, што, прапануючы перамовы ў Беларусі, Расея б магла лепш сказаць, што проста не гатовая да іх або не хоча заканчваць вайну.
,,«Бо гэта несур'ёзна. Беларусь для нас на сёння ёсць краінай, з якой паляцелі ракеты, і, адпаведна, яна ёсць хаўруснікам краіны, якая на нас напала. І войскі заходзілі з Беларусі. Гэта проста немагчыма ў дачыненні да Беларусі», – падкрэсліў прэзідэнт.
Зяленскі адзначыў, што сярод пляцовак для перамоваў прапаноўваліся і краіны Афрыкі, і Мальта, але ён сам мяркуе рэалістычнымі тры краіны: Турэччына, Ватыкан і Швейцарыя. Аднак ён адзначыў, што сустрэчу ў Ватыкане падтрымліваюць усе, акрамя расейскага боку. Адносна Швейцарыі «ад расейцаў сігналаў не чулі».
Раней, 23 траўня, супраць перамоваў у Ватыкане выказаўся міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Паводле яго, «трошкі гэта не элегантна, калі праваслаўныя краіны будуць на каталіцкай пляцоўцы абмяркоўваць пытанні, якія тычацца ліквідацыі першапрычын [канфлікту]».
Адзначым, што Беларусь разам з тым выконвае пэўную нейтральную функцыю паміж Расеяй і Украіны. Менавіта на яе тэрыторыі адбываюцца абмены вайсковапалоннымі паміж дзвюма краінамі. У тым ліку і апошні – 1000 на 1000. Пра гэта было дамоўлена на перамовах у турэцкім Стамбуле.
Якуб Хруст belsat.eu