У Міжнародны дзень аховы дзяцей Беларускі статыстычны камітэт даў статыстыку пра самыя папулярныя імёны дзяцей у Беларусі.
Не будзем трымаць інтрыгу: дзяўчынак часцей за ўсё называюць Ганна, Ева і Сафія, а хлопчыкаў – Міхаіл, Мацвей і Цімафей.
Таксама Белстат паведаміў, што ў Беларусі на 1 студзеня 2025 года пражывалі больш за 1,764 млн дзяцей, а гэта 19,4 % ад усяго насельніцтва краіны.
81,2 % дзяцей пражываюць у гарадской мясцовасці і 18,8 % – у вясковай. На тысячу хлопчыкаў прыпадае 950 дзяўчатак.
Дарэчы, топ-5 дзіцячых імёнаў у Беларусі за апошнія гады не моцна змяніўся. Хлопчыкам часцей за ўсё давалі такія імёны, як Міхаіл, Мацвей, Цімафей, Арцём, Марк. А дзяўчатак часцей за ўсё называлі Сафія, Ева, Ганна, Марыя, Аліса.
Дзяцей беларусы нараджаюць усё менш. Беларусь мае сярод праблемаў і нізкую нараджальнасць, і з высокую колькасць разводаў. Акрамя таго, шмат каму бракуе ўласнага жытла: паводле Белстату, 558,4 тыс. сем’яў маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. За мінулы год жытло атрымалі толькі 20,7 тыс. такіх сем’яў. Дзяржава спадзяецца на дэўрбанізацыю.
Нацыянальны статыстычны камітэт пасля доўгага перапынку апублікаваў звесткі пра насельніцтва Беларусі. 1 студзеня 2025 года насельніцтва краіны складала 9 109 280 асобаў – на 46 698 менш за пачатак мінулага года. Гэтыя страты параўнальныя з насельніцтвам Слоніму.
Тэса Анэйда belsat.eu