Гісторыі

Калі не казаць пра гвалт, то яго няма? Праваабаронца Наста Базар – пра забойства беларускі Лізы, гвалт і харасмент

Праваабаронца і феміністка Наста Базар
Праваабаронца і феміністка Наста Базар. Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Беларусы сочаць за судом у справе забойства беларускі Лізы ў цэнтры Варшавы. Ды праваабаронца Наста Базар лічыць, што ўвага недастатковая: тэма гвалту для беларусаў застаецца «страшнай» і непрыемнай. А калі ігнараваць тэму гвалту, то сітуацыя не зменіцца.

Абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года Дор’ян С. у залі суда. Варшава, Польшча. 4 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Прысуд забойцу Лізы мае стаць сігналам для ахвяраў згвалтаванняў, што змагацца варта – адвакатка

навіны

У ноч на 25 лютага ў цэнтры Варшавы была згвалтаваная і забітая 25-гадовая беларуска Ліза. Злачынства шакавала і беларусаў, і палякаў. Падазраванаму ў забойстве, 23-гадоваму Дор’яну С. пагражае ад 12 гадоў да пажыццёвага зняволення, ён прызнаў віну часткова. На першым паседжанні 4 снежня суд заслухаў шакавальныя сведчанні абвінавачанага і назваў імаверную дату выраку: 13 студзеня 2025 года. На другім паседжанні 16 снежня на судзе мелі заслухаць таксіколага, сексолага і псіхіятраў, а таксама бацькоў фігуранта; паседжанне закрылі для публікі.


«Праваабаронца года» паводле беларускай праваабарончай супольнасці, феміністка Наста Базар кажа ў эфіры «Белсату», што бачыла публікацыі «Белсату» і іншых медыяў пра суд над забойцам Лізы. Але агулам тэма гвалту вельмі «страшная» для беларускіх медыяў і грамадства, якія даўно «раслі ў сістэме нармалізацыі гвалту».

,,

«Ёсць трошкі такое, што калі мы будзем пра гэта меней гаварыць, то гэтага нібыта няма», – кажа Наста Базар пра беларускае грамадства і медыі.


Паводле яе, важна не толькі тое, як асудзяць аднаго канкрэтнага забойцу, бо гэта не адзінкавы выпадак гвалту. Базар згадвае, што толькі за лістапад размаўляла з чатырма беларускамі, якіх збілі іхныя мужы ці партнёры. Тры з тых мужчынаў беларусы, адзін – добраахвотнік і чалец Каардынацыйнай рады, другі – былы палітвязень. Пра гэта трэба казаць, бо хоць тэма непрыемная і няёмкая, сітуацыя не зменіцца, калі такія выпадкі не агучваць.


Наста Базар сярод іншага была сярод арганізатараў маршу памяці Лізы. Яна згадвае, як яе потым папракалі ў «піяры на крыві»: некаторыя каментатары скатваліся да кпінаў з ейнага прозвішча. На ейную думку, тое «паказнік таго, што мы гатовыя высмейваць, замоўчваць і рабіць выгляд, што нічога няма, толькі не гаварыць пра гэта».

,,

«Збольшага зрабілі выгляд, што ўсё прайшло – і дзякуй, больш гэтага не чапаем, – кажа Наста Базар пра гісторыю з забойствам Лізы. – Балюча прызнаваць у сабе саміх, што мы-то выехалі, але не толькі мы, а і нашыя звычкі, патэрны і гэтак далей».


Яна бачыць праблему ў тым, што «мужчыны пакрываюць мужчынаў». Кажа, прыходзіць жанчына да мужчыны і кажа, «глядзіце, праблема ёсць, вырашыце», а мужчына не можа вырашыць, бо справа тычыцца ягонага сябра. Хай сабе той мужчына і прызнае, што б’е жанчын, яго за тое не папракаюць.


Ды маршам гісторыя з забойствам Лізы не скончылася. У сацсетках запусцілі хэштэг #хопіцьгвалціць – Наста Базар называе яго «па факце беларускім #metoo», бо пад гэтым хэштэгам сталі з’яўляцца таксама і гісторыі харасмэнту (прыставання, пераследу або абразлівых паводзінаў) у беларускім грамадстве ў эміграцыі. 


Суразмоўца наракае на абмежаваныя рэсурсы, але кажа, што калі б мела рэсурсы, ладзіла б сістэматычныя сустрэчы і курсы дзеля падтрымкі жанчын, заняткі па персанальнай бяспецы. Яна згадвае, што адной з беларусак, якую ў Польшчы збіў партнёр, не могуць знайсці шэлтэр (часовы прытулак): беларусы не маюць сваіх шэлтэраў, а польскія занятыя.

,,

«Я лічу, што абсалютна кожнай жанчыне на гэтай Зямлі трэба прайсці курсы самаабароны. На жаль, у такім свеце мы жывем», – адзначае Наста Базар.


Жанчыну пабіў добраахвоткік, жанчыну пабіў былы палітвязень – пра гэта неахвотна гавораць у дэмакратычным руху, бо гэта робіць пляму на ўсёй супольнасці. Наста Базар заклікае дэмакратычны рух «прызнаць, што мы ўсе розныя». Ёсць агульная мэта «супраць усяго кепскага, за ўсё добрае», але ў прыватных размовах і каментарах, кажа яна, высвятляецца, што «мы за свабоду і дэмакратыю, але без ЛГБТК», «мы за пабудову новай краіны, але правы жанчын потым», «мы за эканоміку-палітыку, а што рабіць пенсіянерам у эміграцыі, якія не могуць атрымліваць пенсіі?..»


Наста Базар адзначае, што адчувае пашану і падзяку тым жа беларускім добраахвоткікам, якія баранілі ці бароняць Украіну. Але разам з тым, ёсць «нябачныя» жанчыны-беларускі, якія засталіся ва Украіне пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, «якія разграбалі сваімі рукамі Бучу і Ірпінь», якія возяць машыны вайскоўцам і падарункі дзецям. Гэтыя жанчыны не лічацца добраахвотніцамі і гераінямі, а некаторыя мужчыны не бывалі на перадавой і толькі «пафоткаліся ў форме» – і яны лічацца добраахвотнікамі і становяцца «недатыкальнымі». Падобную сітуацыю суразмоўца бачыць і з былымі палітвязнямі.

Зміцер Панкавец. (Фота: Zmicier Pankaviec / Facebook)

Журналіст Зміцер Панкавец будзе судзіцца са сваёй былой жонкай

навіны

У гісторыі з добраахвотнікам «нічога не зрабілі», нават не апублікавалі заявы ад імя Каардынацыйнай рады, падкрэслівае Базар: не было заявы ў паліцыю, не было доказаў, а мужчына сказаў, што «гэтага не было». Суразмоўца наракае: мужчыну дастаткова сказаць, што такога не было, а жанчыне трэба выклікаць паліцыю, даказаць, што гэта не яна справакавала бойку, не была «п’яная ў кароткай спадніцы». І падкрэслівае: гэта не пра «мужчыны дрэнныя, жанчыны добрыя», гэта пра «мы людзі, мы розныя, бываюць розныя мужчыны і жанчыны» і пра «ніхто не мае права падымаць руку на іншага».


На судзе абвінавачаны ў забойстве Лізы сцвярджаў, што «не хацеў забіваць» і «не ведаў, чаму згвалціў, не пазнаваў сябе». Базар дапускае, што ён кажа праўду, «але ж вынік ёсць». Яна бачыць, што цяпер нівелюецца панятак адказнасці: «я выпіў, але ж я не хацеў забіваць, так атрымалася» або «я нясу адказнасць, але ж я не бачу, як мае дзеці растуць, таму магу не плаціць аліменты». Яе таксама ўразіла, як абвінавачаны спрабаваў «спіхнуць адказнасць» на дзяўчын пэўнай нацыянальнасці, якія яму нібыта нешта падсыпалі ў алкаголь у бáры, а медыі падхапілі гэта. На думку Базар, такога якраз нельга пераказваць, бо гэта толькі адводзіць увагу ад трагедыі і распальвае варожасць.


Працэс збольшага закрыты, але Насту Базар цешыць, што кіраўніца арганізацыі абароны ўкраінак у Польшчы «Martynka» Наста Падарожная дамаглася прысутнасці на судзе. Гэтая арганізацыя займалася пахаваннем Лізы і падтрымлівае ейнага партнёра – Базар спадзяецца, што Падарожная зможа расказаць і пра суд у справе забойства Лізы.


Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10