Амаль 80 % з 39 апытаных беларусак за мяжой сутыкаліся з харасментам у беларускім асяроддзі. Пры гэтым палова з іх не распавядалі пра гэта. Такія вынікі апытання «Сексуалізаваны харасмент у беларускай грамадзянскай супольнасці за мяжой», якое правяла «Прававая ініцыятыва» і фемактывістка Наста Базар. Даведаліся, чаму харасмент пераехаў за мяжу разам з беларусамі, чаму жанчыны маўчаць і як вырашаць праблему.
Беларускі #MeToo актуалізаваў тэму харасменту
Наста Базар распавяла на прэзентацыі справаздачы, што прапанавала «Прававой ініцыятыве» зрабіць апытанне пасля таго, як у цэнтры Варшавы была згвалтаваная і забітая беларуска Ліза. Пад хэштэгам #ХопіцьГвалціць беларускі сталі масава распавядаць пра выпадкі харасменту, з якім сутыкнуліся.
У справаздачы пад харасментам разумеюцца любыя непажаданыя паводзіны сексуальнага характару, якія могуць быць разумна ўспрынятыя як абразлівыя і (або) зневажальныя для іншага чалавека, калі такія паводзіны перашкаджаюць працы або ствараюць варожую ці абразлівую працоўную атмасферу, якая запалохвае. А таксама паводзіны, якія накіраваны на прычыненне або могуць прывесці да фізічнай, псіхалагічнай, сексуальнай або эканамічнай шкоды.
Для падрыхтоўкі справаздачы былі праведзены апытанні сярод 39 жанчын, а таксама 8 глыбінных інтэрв'ю. У апытанні ўзялі ўдзел ад 25 да 34 гадоў – 53,6 % апытаных, ад 18 да 24 гадоў – 29,2 %, ад 35 да 44 – 7,3 %, старэйшыя за 56 гадоў – 2,4 %.
61,5 % апытаных на момант збору звестак пражывалі ў Польшчы, 15,4 % – у Літве, 10,3 % – у Грузіі, 5,1% – у Нямеччыне, 2,6 % у ЗША, Нідэрландах.
Яны з розных сфер дзейнасці. 25,6 % – са сферы адукацыі, 28,2% – НКА (некамерцыйныя арганізацыі, уключаючы Праваабарончы сектар) 17,9% – IT, 10,3% – журналістыка, 5,1% – беларускі бізнес за мяжой, 5,1% – сфера культуры, 7,7% – іншае.
Не ведалі, што нешта ідзе не так

Сярод апытаных 43,9 % сказалі, што не сутыкаліся з харасментам, а 56,1 % паведамілі аб падобным досведзе. Аднак пры адказах на далейшыя пытанні высветлілася, што 79 % усіх рэспандэнтак хоць бы раз у жыцці падвяргаліся харасменту.
,,«Гэта кажа пра тое, што жанчыны не заўсёды асацыююць дзеянні, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да іх, як харасмент», – падкрэсліваюць праваабаронцы.
Жанчыны падзяліліся, з якімі праявамі сексуалізіванага харасменту яны сутыкнуліся. Часцей за ўсё гэта сексуалізаваныя каментары (26,9%) і фізічны кантакт без згоды (абдымкі, спроба пацалаваць, дотык да інтымных месцаў і іншае) – 19,2%. Сустракаліся і больш сур'ёзныя выпадкі, напрыклад, секс без выяўленай згоды (7,7 %).
65 % рэспандэнтак змаглі расказаць, хто быў актарам харассменту. З гэтага ліку, 69% сказалі, што гэта быў кіраўнік на працы, а 31% – назвалі калег па працы.
Менш за палову пацярпелых распавялі пра харасмент у свой бок (44 %). Яшчэ 26% прамаўчалі, бо палічылі, што нічога не зменіцца, а 15% пабаяліся наступстваў. 9% апытаных проста не ведалі, каму расказаць. Яшчэ ў 6% выпадкаў жанчыны не палічылі ў той момант праблему сур'ёзнай.
«Адказы дэманструюць значны ўзровень недаверу да сістэмы рэагавання, нармалізацыю з боку грамадства праяў харасменту, страху перад наступствамі, а таксама недахоп дасведчанасці аб існуючых механізмах дапамогі і падтрымкі», – падкрэслівае «Прававая ініцыятыва».
Толькі 17 % пацярпелых распавялі пра здарэнне блізкім. Калі жанчыны скардзіліся кіраўнікам, то часцяком гэта альбо ігнаравалася, альбо ўжываліся недастатковыя меры.
Пагроза там, дзе яе не чакаеш

Удзельніцы апытання распавялі, што ў сферах дзейнасці з выяўленай сацыяльнай місіяй (медыя, НДА, сацыяльная праца і іншае) яны чакаюць бяспечнага асяроддзя і агульных каштоўнасцяў. Таму, калі яны ўсё ж сутыкаюцца тут з харасментам, то ўсвядоміць і расказаць пра падобнае складаней. Тое, што такое магчыма нават у праваабарончым асяроддзі, распавёў прадстаўнік «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усцінаў – у 2018 годзе ў гэтай арганізацыі быў выяўлены выпадак харасменту. Пасля гэтага «Прававая ініцыятыва» прыняла палажэнне аб забароне дыскрымінацыі, гвалту і харасменту. Таго, хто дазволіў сабе непрыстойныя паводзіны, звольнілі. Аднак такім чынам канчаюцца далёка не ўсе выпадкі харасменту.
,,«Мы змагаліся за рэвалюцыю, таму людзі баяцца расчаравацца і абараняюць тое, што адбываецца», – сказала адна з рэспандэнтак.
У справаздачы прыводзіцца мноства прыкладаў харассменту. Ад пляскання па ягадзіцах, масажу 19-гадовай дзяўчыне, якая была шакаваная і прамаўчала, да запалохванняў пагаршэннем умоў працы і абясцэньваннем.
«Я разумею, што калі пачну гаварыць, са мной спыняць супрацоўніцтва, а свет дзеліцца на лагеры "за" і "супраць". Гэта добраахвотная ізаляцыя», – тлумачыць свой выбар маўчаць пра харасмент іншая ўдзельніца апытання.
Улічваючы, што ўсе апытаныя знаходзяцца ў эміграцыі, гэта робіць іх яшчэ больш уразлівымі.
«Фінансавы момант вельмі важны. Я не магла знайсці працу, таму працягвала трываць», – кажа адна з рэспандэнтак.
Наста Базар адзначае, што часта грамадства не падтрымлівае і нават абвінавачвае ахвяру.
«Прычыны маўчання розныя. Адна з іх – тое, як мы ўсе выхаваныя і ў якім грамадстве. #ХопіцьГвалціць з'явіўся з-за гэтага. Калі ў цэнтры Варшавы былі згвалтаваная маладая беларуска, я спецыяльна паглядзела паблікі польскія і беларускія. Я была шакаваная, таму што ў польскіх пабліках была вялікая злосць і абурэнне ў дачыненні да таго, што гвалтаваў. А ў беларускіх пабліках усё як на падбор пісалі: чаму яна была адна, чаму былі п'яная, чаму ў яе была кароткая спадніца і гэтак далей. Калі яна памерла праз пяць дзён, каментары змяніліся на "бедная дзяўчынка". Мяне гэта двудушнасць вельмі моцна ўразіла», – сказала Наста Базар.
Як вырашыць праблему?

Адной з ключавых умоў для змены сітуацыі Наста Базар і «Прававая ініцыятыва» лічаць адкрытае абмеркаванне праблем.
«Як праваабаронцы мы стаім за цікавасці кожнага чалавека, правы якога парушаюцца, няхай гэта будзе хатні гвалт або сексуалізаваны харасмент. Якраз нядаўна была сітуацыя з адным беларускім журналістам з вельмі вядомага СМІ. Нас вельмі здзівіла, што толькі некаторыя СМІ адкрыта заявілі аб асуджэнні хатняга гвалту ў гэтай сітуацыі. Астатнія адмаўчаліся, нават тое СМІ, супрацоўнікам якога быў гэты чалавек. Вядома, супрацоўніцтва з ім спынілі, але сам факт замоўчвання нас уразіў», – кажа Сяргей Усцінаў.
Ён перакананы, што пара ад «закулісных размоў» пераходзіць да грамадскай дыскусіі.
Наста Базар дадае, што трэба даць магчымасць жанчынам гаварыць свабодна і без асуджэння ў іх адрас.
«На жаль, ёсць сітуацыі, калі жанчына звяртаюцца па дапамогу, але яе не атрымлівае. Таму трэба стварыць прастору для жанчын, каб яны маглі спакойна гаварыць. Ствараць інфармацыйныя кампаніі, каб жанчыны ведалі, куды яны могуць звяртацца па дапамогу.
Напрыклад, я бала на кансультацыі ў ЦБС, дзе мне расказалі, што ў Польшчы ёсць дзяржаўная структура – Państwowa Inspekcja Pracy. Туды можна прыйсці і сказаць, што ў мяне такая сітуацыя на працы. Гэтая інспекцыя павінна расследаваць, што там адбываецца. Калі мужчыны будуць ведаць, што жанчыны ведаюць пра такую магчымасць, то ўжо шмат чаго зменіцца», – падкрэслівае Наста Базар.
Яна звяртае ўвагу і на тое, што мусіць працаваць інстытут рэпутацыі, калі людзі дакладна ведаюць, што мае месца харасмент. Пакуль, на яе думку мужчыны часта «пакрываць адзін другога».
Актывістка раіць беларускам прыходзіць на трэнінгі па самаабароне і асертыўнасці WenDO.
«Гэта мінімум, каб не было траўлі, а было павольнае паляпшэнне да лепшага», – падводзіць рысу Наста Базар.
Арсен Рудэнка belsat.eu