Андрэй Калеснікаў, спецыяльны карэспандэнт расейскага выдання «Коммерсантъ», публічна папрасіў прабачэння ў Аляксандра Лукашэнкі пасля таго, як яго словы пра паводзіны беларускага кіраўніка на парадзе Перамогі 9 траўня ў Маскве выклікалі шырокі рэзананс.
У сваім першапачатковым рэпартажы Андрэй Калеснікаў сцвердзіў, што Аляксандр Лукашэнка не ўстаў, калі міма праходзілі беларускія вайскоўцы. Але пазней прызнаў памылку.
,,«Я ўчора ў рэпартажы “Перамога была за імі” пра парад напісаў, што Аляксандр Лукашэнка не ўстаў, калі міма праходзіў вайсковы разлік Беларусі. А тут пра гэта пачалі гаварыць у Беларусі, я паглядзеў відэа трансляцыі параду. Было, устаў. І кулак сціснуў і падняў. І сеў», – адзначыў расейскі журналіст пазней.
Калеснікаў сцвярджае, што ў мітусні, «калі беглі з двара Першага корпуса Крамля да краю цэнтральнай трыбуны, адкуль і назіралі падзеі ў першым радзе, нядзіўна было і запыхацца».
,,«Не, не ўбачыў. Так што варта папрасіць прабачэння ў прэзідэнта Беларусі. Справа сур’ёзная. Сам бы засмуціўся», – адзначыў Калеснікаў.
Нагадаем, што рэпартаж Калеснікава выклікаў сапраўдны выбух эмоцыяў у беларускім дзяржаўным эфіры. Прапагандыст Грыгорый Азаронак у жывой праграме «Азарёнок напрямую» зладзіў істэрыку, якая суправаджалася грубай лаянкай і пагрозамі ў бок расейскага журналіста.
У скандальным тэксце Калеснікаў звяртаў увагу на тое, як павольна перасоўваўся Лукашэнка на парадзе, як хітаў галавою і як нібыта не падняўся падчас праходу беларускіх вайскоўцаў — што і выклікала наплыў абурэння, перш за ўсё ў беларускіх прапагандысцкіх колах.
Раман Шавель belsat.eu