навіны

Суд заслухаў шакавальныя сведчанні імавернага забойцы беларускі Лізы і назваў дату выраку

img
Абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года Дор’ян С. у залі суда. Варшава, Польшча. 4 снежня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

4 снежня ў Варшаве пачаўся працэс у справе аб згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы. Суд заслухаў абвінавачанага Дор’яна С., а таксама сведак. Разгляд справы працягнецца 16 снежня, а вырак, як плануецца, агучаць 13 студзеня, перадаюць карэспандэнты «Белсату».

23-гадоваму Дор’яну С. пагражае ад 12 гадоў да пажыццёвага зняволення. Яго абвінавачваюць у згвалтаванні, забойстве і разбоі.


Першае паседжанне Акруговага суда Варшавы, на якім пабывалі карэспандэнты «Белсату», прайшло ва ўмовах узмоцненых захадаў бяспекі: паліцыянты бачылі пагрозу правакацыяў і самасуду.

Судовая калегія, якая разглядае справу аб забойстве беларускі Лізы. Акруговы суд Варшавы, Польшча. 4 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Фігурант справы аб згвалтаванні і забойстве беларускі прызнаў віну часткова

навіны

Фігурант справы адмовіўся даваць паказанні і адказваць на пытанні пракурора ці суддзі, ён даў згоду толькі адказваць на пытанні адвакатаў. З увагі на гэта суддзя зачытаў паказанні хлопца, якія ён даваў 27 лютага, праз два дні пасля злачынства.


На паседжанні сталася вядома, што Дор’ян С. навучаўся ў гімназіі, іншай адукацыі не атрымліваў. Нідзе не працаваў, не меў даходаў. Пэўны час лячыўся ад нарказалежнасці.


На злачынства пайшоў, бо былі патрэбныя грошы на аплату кватэры. Планаваў абрабаваць краму ці бар, узяў з сабою балаклаву і нож.


У адным з бараў выпіваў, у нейкі момант далучыўся да кампаніі ўкраінак, з якімі таксама піў. Пад раніцу выпадковыя знаёмыя з’ехалі на таксоўцы, а Дор’ян пайшоў пешшу. Тады ён пабачыў дзяўчыну – гэта была Ліза. Яна вярталася дадому і, як пазней на судзе пацвердзілі сведкі, таксама была нападпітку.

Судовая калегія, якая разглядае справу Дор’яна С., абвінавачанага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года. Варшава, Польшча. 4 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Судовая калегія, якая разглядае справу Дор’яна С., абвінавачанага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года. Варшава, Польшча. 4 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Маладзён падбег да Лізы і пачаў пагражаць нажом: хацеў спужаць, каб яна аддала яму грошы. У паказаннях пазначана, што, распавядаючы гэта, Дор’ян плакаў.


Дор’ян прызнаў віну ў згвалтаванні, але заявіў, што забіваць не хацеў:


«Я не хацеў яе забіць. Я прыціснуў яе да сцяны і загадаў аддаць мне грошы, але яна мяне не разумела. Тады я перайшоў на англійскую мову, і тады яна мяне зразумела, запыталася, колькі мне трэба грошай, я сказаў: усе. Яна сказала: добра – але папрасіла, каб я аддаў ёй тэлефон, які забраў. Калі яна ўзяла тэлефон, я падумаў, што яна будзе тэлефанаваць у паліцыю, і пачаў яе душыць рукамі, а потым зняў сваю папругу, абвязаў вакол ейнай шыі і прывязаў яе да брамы, каб мець пэўнасць, што яна не ўцячэ і не паведаміць у паліцыю». 


Дор’ян заціснуў папругу на шыі дзяўчыны і пачаў распранаць яе:

,,

«Я не ведаю, чаму я гэта рабіў. Яна была без прытомнасці. Я згвалціў яе. Быў адзін акт».


Пасля гэтага хлопец пакінуў Лізу ляжаць без вопраткі, забраў банкаўскія карты і тэлефон непрытомнай дзяўчыны і пайшоў дадому:


«Я не пазнаваў сябе. Я не ведаю, чаму згвалціў яе. Напэўна, тыя ўкраінцы мне штосьці падсыпалі, бо звычайна алкаголь так на мяне не ўплывае. Калі ішоў дамоў, да мяне пачало даходзіць тое, што адбылося».


Дор’ян запэўніваў следчых, што «адчуваў сябе дзіўна... не адчуваў ні страху, нічога, хоць агулам я баязлівы і эмацыйны».


З усімі ўласнымі паказаннямі, зачытанымі суддзёю, маладзён пагадзіўся.

Адвакаты Дор’яна С., абвінавачанага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года. Варшава, Польшча. 4 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Адвакаты Дор’яна С., абвінавачанага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года. Варшава, Польшча. 4 снежня 2024 года. Фота: Белсат

На судзе таксама выступілі сведкі. Ахоўнік, які першым пабачыў Лізу раніцай 25 лютага, у сваіх паказаннях паведаміў, што яна была без прытомнасці, ён выклікаў хуткую і спрабаваў рэанімаваць дзяўчыну:


«Ногі ў яе былі рассунутыя. Я пабачыў пачырваненні на ейнай шыі. Я спраўдзіў, ці дыхае яна, і патузаў яе за плячо, але яна не рэагавала. Пазваніўшы на нумар 112, я сказаў, што гэта падобна на забойства або спробу забойства».


Іншая сведка расказала, што заўважыла пару, якая займалася сексам, аднак падумала, што ўсё адбываецца з узаемнай згоды. Дор'ян крыкнуў, каб жанчына ішла далей. Сведка зрабіла выснову, што гэта «нейкія наркаманы».


Суд таксама заслухаў сведчанні ўкраінскай сяброўкі Лізы: яны разам бавілі час у тую злашчасную ноч. Дзяўчаты адпачывалі ў водным цэнтры, потым у розных барах, выпівалі. Пад раніцу рассталіся. У Лізы, паводле сведкі, не было грошай на таксоўку, а пазычаць у сяброўкі яна не захацела, таму пайшла пешшу.


З гэтых сведчанняў вынікае, што беларуска апошнім часам была ў дэпрэсіўным стане, які пагаршаўся пасля ўжывання алкаголю:


«Яна мне казала, што ў новай краіне цяжка заводзіць сяброўства. Пры гэтым яна заўсёды была вельмі прыязнаю да ўсіх. Я не ведаю, з кім у Лізы былі кепскія стасункі. У яе не было ворагаў».

Абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага 2024 года Дор’ян С. у залі суда. Варшава, Польшча. 4 снежня 2024 года. Фота: Белсат

«Не ведаю, чаму згвалціў, не пазнаваў сябе». Дор’ян С. распавёў, як забіў Лізу

навіны

Разгляд справы працягнецца 16 снежня. Тады вывучаць высновы псіхіятра і сексолага, выступяць бацькі абвінавачанага.


Плануецца, што 13 студзеня суд агучыць вырак.


Злачынства ў цэнтры Варшавы адбылося ў ноч на 25 лютага. Паводле следства, Дор'ян С. згвалтаваў беларуску і намагаўся яе задушыць. Дзяўчыну шпіталізавалі ў крытычным стане, праз шэсць дзён яна памерла. Лізу пахавалі на Паўночных могілках Варшавы.


Забойства беларускі зрабілася для польскага і беларускага грамадства нагодаю, каб зноў узняць пытанні жаночай бяспекі. Неўзабаве пасля здарэння ў Варшаве прайшоў марш «Яе звалі Ліза», а таксама акцыя супраць гвалту.

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Дар’я Форман, Ганна Ганчар, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10