Савецкі касмічны апарат«Космас-482», які дзесяцігоддзямі кружляў на зямной арбіце, раніцаю 10 траўня ўпаў на Зямлі. Пра гэта паведамляе Еўрапейскае касмічнае агенцтва (ESA).
Паводле ESA, апарат заўважылі а 6:30 і 8:04 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу над Нямеччынай. Але а 9:32 радары яго ўжо над Нямеччынаю не фіксавалі, хоць гэта і чакалася.
«Хутчэй за ўсё, вяртанне ўжо адбылося», – заявілі ў Еўрапейскім касмічным агенцтве.
«Роскосмас» паведамляе, што апарат увайшоў у шчыльныя слаі атмасферы а 09:24 паводле маскоўскага часу за 560 км на захад ад выспы сярэдні Андаман і ўпаў у Індыйскім акіяне на захад ад Джакарты.
Спусканы адсек савецкага касмічнага апарата, запушчаны для даследавання Венеры яшчэ ў 1972 годзе, «Космас-482», не дабраўся да мэты. Праз няспраўнасць разгоннага блоку ён не пакінуў калязямной арбіты і застаўся круціцца вакол Зямлі на вышыні да амаль 10 тысяч кіламетраў. 10 траўня ён пачаў некантралявана зніжацца на планету. Яго падзенне чакалася ў тым ліку на тэрыторыях Нямеччыны і Польшчы.
Якуб Хруст belsat.eu