Беларуска Марыя (імя змененае), якая ўжо некалькі гадоў жыве ў Рыме, расказала «Белсату» пра атмасферу, якая панавала сярод жыхароў гораду ў сувязі з канклавам і выбарамі новага кіраўніка Каталіцкай царквы.
Марыя адзначыла, што хаця сама і не з’яўляецца каталічкай, але ўважліва сачыла за падзеямі, звязанымі з выбарамі новага Папы.
«У Рыме я адчуваю грамадства з традыцыйнымі каштоўнасцямі, мне гэта блізка. … Для мяне Ватыкан, як і ўсе славутасці ў Рыме, – гэта збудаванні гістарычнага, важнага для свету маштабу. Гэта прыгожа, велічна. Я ў Ватыкан езджу часта, ён знаходзіцца ў цэнтры Рыма. Прагулкі там для нас – звычайная справа. А калі ты верыш у Бога, няма розніцы ў якую царкву хадзіць. Бог адзін. Усё роўна, праваслаўны ці каталік», – адзначыла яна.
Паводле яе, пасля смерці Папы Францішка ніякіх асаблівых зменаў у жыцці Рыму, а тым больш жалобы, не было. А знаёмыя італьянцы агулам ніяк не рэагавалі на смерць папярэдняга папы, а таксама надта не рэагавалі на выбары новага. Праўда, ужо па канклаве з'явілася шмат мэмаў і іранічных відэа пра яго.
Марыя расказала, што турыстаў у Рыме і Ватыкане сёлета і так было шмат, яшчэ да смерці пантыфіка. Звязана гэта было з Юбілейным годам у каталіцтве і адкрыццём Святой брамы ў катэдры Святога Пятра. Таксама ўсе гэтыя падзеі супалі з адкрыццём турыстычнага сезону.
,,«Са смерцю папы прыехала шмат духавенства, людзей звязаных з царквой. Журналістаў вельмі шмат у Ватыкане. З усіх краін прыехалі. Шмат паліцыі ў Рыме стала яшчэ ў пачатку года з прычыны Юбілейнага года. А ў Ватыкане – так, колькасць людзей у форме розных масцяў у шмат разоў павялічылася», – паведаміла суразмоўца.
Але да росту цэнаў прыезд вялікай колькасці турыстаў не спрычыніўся. Як не паўплывала на рэшту Рыму адключэнне інтэрнэту на час канклаву – яно дзейнічала выключна ў Ватыкане.
«Падчас канклава хацелася проста быць у цэнтры гэтых важных падзей, яднанне грамадства зачароўвае. Глядзець на людзей з розных краін і бачыць розныя рэакцыі, адчуваць, што проста пры табе адбываюцца гістарычныя падзеі», – паведаміла беларуска.
Што датычыць вынікаў, то, паводле яе, «сталыя людзі былі засмучаныя, што Папам стаў амерыканец, чакалі, што будзе абраны італьянец». Тым больш, амерыканца нават букмекеры не чакалі.
А вось моладзь новаму Папу радая, бо ён адукаваны, ведае шмат моваў і не радыкальны – «казалі, што гэта ўсяляе надзеі на мір ва ўсім свеце і іншыя словы агульныя, якія звычайна вяшчаюць з тэлевізара».
,,«Яшчэ баяліся італьянцы, каб новы Папа не ўзяў імя Пій. Бо пры Папах з такім імем у Італіі было перажыта вельмі шмат дрэнных гістарычных падзей [пры Пію Х пачалася Першая сусветная вайна, Пію ХІ – прыйшлі да ўлады фашысты, а пры Пію ХІІ была Другая сусветная вайны – рэд. Belsat.eu]», – адзначыла Марыя.
8 траўня ў Ватыкане 267-м Папам Рымскім абралі нарадзінца Чыкага Робэрта Фрэнсіса Прэваста, які доўгі час служыў у Перу. Ён узяў сабе імя Леў XIV. У 2023 годзе Папа Францішак прызначыў Прэваста кіраўніком дыкастэрыі ў справах біскупаў. Раней у сваіх сацыяльных сетках іерарх неаднаразова крытыкаваў адміністрацыю Доналда Трампа і асабліва віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса перадусім за міграцыйную палітыку. Гэта не спадабалася шэрагу амерыканскіх трампістаў. Але сам Вэнс параіў не палітызываць новага Папу, бо «цяжка ўпісаць 2000-гадовы інстытут у палітыку Амерыкі 2025 года».
Якуб Хруст belsat.eu