Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў у суботу, што Індыя і Пакістан дасягнулі дамоўленасці пра «поўнае і неадкладнае спыненне агню» пасля чатырох дзён узаемных удараў па ваенных аб’ектах адзін аднаго. Аднак пазней стала вядома, што гэтае замірэнне было парушанае, пратрымаўшыся толькі пару гадзін.
Паводле Трампа, перамовы, пасярэднікам у якіх выступілі Злучаныя Штаты, працягваліся ўсю ноч.
,,«Пасля доўгай ночы перамоваў за пасярэдніцтвам ЗША я рады абвясціць, што Індыя і Пакістан пагадзіліся на поўнае і неадкладнае спыненне агню. Віншую абедзве краіны з тым, што яны праявілі здаровы сэнс і вялікі розум», – напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.
Міністр замежных спраў Пакістана Ісхак Дар таксама паведаміў у сацсетках, што спыненне агню ўступае ў сілу «неадкладна», падкрэсліўшы, што Пакістан заўсёды імкнуўся да міру ў рэгіёне, не адмаўляючыся пры гэтым ад сваёй суверэнасці, піша «Reuters».
Індыйскае МЗС паведаміла, што камандуючы ваеннымі аперацыямі Пакістана ў суботу ўдзень звязаўся са сваім індыйскім калегам, і бакі дамовіліся спыніць усе віды агню. Наступная размова паміж імі запланаваная на 12 мая.
Паведамленне пра замірэнне прагучала на фоне ўзмацнення напружанасці і асцярогаў, што канфлікт можа перарасці ў ядравы. Пакістанская армія нават абвясціла пра магчымую нараду органа, які курыруе ядравую зброю, аднак міністр абароны пазней абверг гэтую інфармацыю.
Абноўлена. Нягледзячы на словы аб замірэнні, у галоўных гарадах індыйскага Кашміра быі чутныя выбухі.
Збройнае супрацьстаянне пачалося ў сераду, калі Індыя нанесла ўдары па аб’ектах у пакістанскай частцы Кашміра, якія назвала «тэрарыстычнай інфраструктурай». Гэтыя дзеянні сталі адказам на нядаўні напад у індыйскім Кашміры, падчас якога загінулі 26 індыйскіх турыстаў. Пакістан адмаўляе сваю датычнасць да атакі.
З моманту пачатку эскалацыі краіны абменьваліся артылерыйскім агнём, запускалі дроны і ракеты ў паветраную прастору адна адной. Агульная колькасць мірных ахвяр на абодвух бакох дасягнула 66 чалавек.
Нагадаем, што раніцай 10 траўня ўрад Пакістану абвясціў пра пачатак маштабнай вайсковай аперацыі «Трывалая сцяна» супраць Індыі, назваўшы яе «адказам на агрэсію». Гэта адбылося праз гадзіну пасля таго, як афіцыйны прадстаўнік арміі Пакістану, генерал Ахмад Шарыф Чаўдры абвінаваціў Індыю ў ракетнай атацы на тры пакістанскія авіябазы, у тым ліку Нур-Хан за 10 км ад сталіцы Ісламабаду, што служыць штаб-кватэраю вайсковага камандавання краіны, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Пры гэтым Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў увечары 9 траўня стэлефанаваўся з камандуючым арміі Пакістану, генералам Асімам Мунірам і заклікаў Пакістан ды Індыю знайсці шляхі да дээскалацыі. Ён таксама прапанаваў дапамогу ЗША ў запуску канструктыўных перамоваў, якія дазволяць пазбегчы развіцця канфлікту ў будучыні.
Пасля гэтага міністр замежных справаў Пакістану заявіў мясцоваму тэлебачанню, што, калі Індыя спыніць эскалацыю, то Пакістар рагледзіць таксама магчымасць спынення агню.
Раман Шавель belsat.eu