навіны

Юрыст расказаў, якіх беларусаў могуць не ўпусціць у Грузію пасля візарану і што ім рабіць

Святкаванне Дня Волі ў Тбілісі. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Святкаванне Дня Волі ў Тбілісі. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

8 траўня беларускага актывіста Змітра Грынкевіча пасля візарану – кароткачасовага выезду з краіны для абнулення легальнага тэрміну знаходжання – не ўпусцілі назад у Грузію. Пра тое, якія катэгорыі беларусаў таксама могуць з гэтым сутыкнуцца і што ім варта рабіць, каб гэтага не было, «Белсату» расказаў юрыст, праваабаронца Раман Кісляк.

Суразмоўца адзначыў, што першы выпадак, калі беларуса пасля візарану не ўпусцілі назад у Грузію, адбыўся ў 2022 годзе. У 2023 годзе быў ужо рэзанансны выпадак – у краіну не змог вярнуцца Яўген Гацак, адзін з заснавальнікаў беларускай дыяспары Аджарыі. Але таксама, паводле юрыста, усё больш і больш здараецца непублічных выпадкаў, калі беларусаў не ўпускаюць пасля візарану ў Грузію.

Раман Кісляк падкрэсліў, што візаран – «гэта заўсёды латарэя», бо ўлады могуць не ўпусціць пасля выезду назад. А абскарджанне потым займае гады. Напрыклад, справа Гацака ўсё яшчэ знаходзіцца ў Вярхоўным судзе Грузіі, хоць сам ён ужо даўно жыве ў Польшчы.

,,

«Хутчэй за ўсё, што грузінскі ўрад, спецслужбы не хочуць бачыць тут моцную дыяспару. Усіх, хто больш-менш актыўны, хто навідавоку, хто не хавае сваю пазіцыю і актыўна ўдзельнічае ў справах дыяспары, уключаючы вядзенне блогаў, правядзенне акцыяў. Па ўсёй бачнасці, усе гэтыя людзі пад рызыкай не прайсці візаран, калі ў іх няма іншых прававых падстаў для знаходжання на тэрыторыі Грузіі», – заявіў праваабаронца.


Святкаванне Дня Волі перад будынкам парламенту ў Тбілісі 24 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат
Грузія пачала масава адмаўляць беларусам у прытулку – тыя не здаюцца і ідуць у суд Аналітыка

Каб не падвяргацца рызыцы ён параіў беларусам легалізавацца: або атрымаць від на жыхарства, або падацца на прытулак. Тым больш, што ўлады Грузіі якраз хочуць змяніць міграцыйнае заканадаўства.

«Быў досыць лёгкі парадак уезду і знаходжання, і ён трошкі падкупляе. Магчымасць год знаходзіцца, потым проста выехаць, з'ехаць, зрабіць візаран, гэта падкупляе. Але ў гэтай лёгкасці ёсць небяспека прыхаваная, што могуць не пусціць», – сказаў Кісляк.

Для звычайных турыстаў з Беларусі ён не прадбачыць праблемаў для паездак у Грузію, толькі для тых, хто стала жыве ў краіне на падставе бязвізавага ўезду – «у любы момант Грузія можа не пусціць на візаран».

Тым жа, хто бачыць, што яго могуць не ўпусціць у Грузію, юрыст раіць адразу на мяжы падавацца на прытулак, гэта мяняе прававы статус асобы. Калі ўсё ж не ўпусцілі, то або спрабаваць уехаць зноў, або ўладкоўвацца ў той краіне, дзе апынуўся, напрыклад, у Арменіі, або пераязджаць у нейкую трэцюю краіну, у Еўразвяз.

Актывіста Змітра Грынкевіча, які жыў у Батумі і займаўся продажам беларускай і ўкраінскай сімволікі, 8 траўня не пусцілі ў Грузію пасля візарану. Яго трымалі на грузінска-армянскай мяжы недзе паўтары гадзіны, «а пасля вынеслі паперу, сказалі, вывелі і ўсё». Праваабаронца Кісляк назваў забарону на ўезду Грынкевічу ўдарам па беларускай дыяспары Аджарыі.

Аліна Скрабунова, Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10