Нягледзячы на паведамленні пра «пазітыўны прагрэс» у перамовах «Хізбулы» з Ізраілем, сітуацыя ў Ліване застаецца вельмі небяспечная: Ізраіль наносіць новыя ўдары па тэрарыстах, але ад іх цярпяць і мірныя жыхары.
Міністэрства надзвычайных справаў Расеі эвакуявала з аэрапорту імя Рафіка Харыры, што ў Бэйруце, сталіцы Лівану, 19 грамадзянаў Беларусі, піша БелТА. Як расказвае ТАСС, транспартавым самалётам «Іл-76» былі эвакуяваныя таксама 37 грамадзянаў Расеі, усе эвакуяваныя «аказаліся ў цяжкой жыццёвай сітуацыі і пацярпелі ад ваенных дзеянняў». Сцвярджаецца, што самалёт перад тым прывёз у Ліван 24 тоны гуманітарнага грузу, у тым ліку муку, медыкаменты і прадметы першай неабходнасці.
Міністэрства замежных справаў Беларусі яшчэ месяц таму заклікала беларусаў устрымацца ад паездак у Ліван праз «працягам абвастрэння ваенна-палітычнай абстаноўкі». Для экстранай сувязі далі кантакты дыпламатычнай місіі ў Сірыі: тэлефоны +963 94 88 88 653 і +963 956 888 750, электронную пошту syria@mfa.gov.by.
«Абвастрэнне абстаноўкі» – гэта фактычная вайна Ізраілю з групоўкаю «Хізбула», вайсковае крыло якой мноства краінаў і Еўразвяз лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй. Шэраг краінаў лічыць такой усю групоўку, у тым ліку палітычнае крыло, якое легальна дзеіць у Ліване і ўваходзіць у парламент і ўрад. Арганізацыю актыўна падтрымлівае Іран, а «Хізбула» выступае за пабудову ісламскай рэспублікі на прыклад Ірану.
«Хізбула» падтрымлівае тэрарыстаў «Хамас» у іхнай атацы на Ізраіль. Першы час пасля наземнага нападу «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года падтрыманне была адносна невялікае, «Хізбула» вяла абмежаваныя абстрэлы. Але канфлікт абвастраўся і выліўся ў наземную аперацыю Ізраілю супраць «Хізбулы», аперацыю з падрывам пэйджараў тэрарыстаў, забойствы верхавіны «Хізбулы», яе лідара і ягонага пераемніка ды шматлікія абстрэлы. У кастрычніку 2024 года «Хізбула» ў тым ліку атакавала рэзідэнцыю прэм’ер-міністра Ізраілю, а Ізраіль нанёс авіяўдар па цэнтры Бэйруту.
Міністэрства аховы здароўя Лівану заяўляла, што атакі Ізраілю на «Хізбулу» прывялі да смерці прынамсі 3102 чалавек і ранення яшчэ прынамсі 13 819, з якіх значная частка была мірнымі жыхарамі. За бяспеку мірных жыхароў непакояцца і праваабаронцы: ад атак гінуць у тым ліку жанчыны і дзеці.
Ізраіль вядзе перамовы з «Хізбулою» пра магчымае спыненне агню – дзень раней паведамлялі, што ў гэтых перамовах ёсць пэўны прагрэс. Але на момант публікацыі ўзаемныя абстрэлы працягваюцца, пад агонь трапляе ў тым ліку Бэйрут.
І нават калі агонь будзе спынены, застаецца пытаннем будучыня ўсяго Лівану: вайна «Хізбулы» і Ізраілю пачалася ў час, калі Ліван быў у глыбокім палітычным і эканамічным крызісе, які толькі пагаршаецца ад баявых дзеянняў.
Алесь Наваборскі belsat.eu