навіны

«Хізбула» атакавала рэзідэнцыю прэм’ер-міністра Ізраіля

 «Хізбула» ўчыніла масаваны абстрэл паселішчаў на поўначы Ізраілю.
«Хізбула» ўчыніла масаваны абстрэл паселішчаў на поўначы Ізраілю. Фота: TAL_TALZ / X
podpis źródła zdjęcia

Ліванская радыкальная групоўка «Хізбула» 19 кастрычніка ўчыніла масаваны абстрэл паселішчаў на поўначы Ізраілю. Адной з мішэняў атакі стала прыватная рэзідэнцыя кіраўніка ўраду.


Раніцай адзін з беспілотнікаў, начыненых выбухоўкай, атакаваў прыватную рэзідэнцыю прэм’ер-міністра Бэньяміна Нэтаньягу ў Кэсарыі. Кіраўніка ўраду і ягонай жонкі ў доме на той момант не было. Пацярпелых ў выніку гэтага інцыдэнту няма, паведамляе «The Jerusalem Post».


Яшчэ два беспілотніка, якія запусцілі побач, былі перахоплены ізраільскай сістэмай супрацьпаветранай абароны.


Праз некалькі гадзінаў Нэтаньягу апублікаваў у сацсетках кароткае відэа, у якім заявіў, што яго «нішто не спыніць», і што Ізраіль «выйграе гэтую вайну». Пры гэтым саму атаку беспілотнікаў на сваю рэзідэнцыю ён у роліку не каментаваў.


Агулам 19 кастрычніка з тэрыторыі Лівану баевікі запусцілі каля 200 ракетаў і дронаў па поўначы Ізраілю. У выніку гэтай атакі 1 чалавек загінуў і 9 атрымалі раненні.


«9 канал» паведамляе, што ў раёне Акко ад атрыманых раненняў сканаў 50-гадовы мужчына - у ягоны аўтамабіль трапіў аскепак ракеты. У Кір’ят-Атэ ў выніку «прылёту» ў жылы дом раненне сярэдняй цяжкасці атрымаў 28-гадовы цывільны, а агулам у гэтым раёне пацярпелі тры чалавекі. У выніку абстрэлу адной з дарог у Заходняй Галілеі атрымалі раненні чатыры асобы, адзін мужчына быў шпіталізаваны з раненнямі сярэдняй цяжкасці.


«The Times of Israel» зазначае, што напад на дом Нэтаньягу адбыўся праз дзень пасля таго, як «Хізбула» заявіла, што ўступае ў новую фазу ў сваёй барацьбе супраць ізраільскіх войскаў, паабяцаўшы выкарыстаць новую зброю. «Хізбула» наносіць удары нягледзячы на тое, што групоўка за апошнія тыдні панесла вялікія страты і большасць яе кіраўніцтва загінула ў выніку ізраільскіх аперацыяў, канстатуе выданне.


Нагадаем, год таму радыкальная шыіцкая групоўка «Хізбула» выступіла ў падтрыманне «Хамасу», які ўчыніў тэрарыстычны напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, і з таго часу рэгулярна абстрэльвала памежныя зоны Ізраілю. Спачатку сітуацыя трымалася ў рамках абмежаванага абвастрэння, аднак з канца вясны пачала назірацца ўстойлівая тэндэнцыя да эскалацыі канфлікту. У верасні 2024 году Ізраіль учыніў масавы падрыў прыладаў сувязі, якімі карысталіся камандзіры групоўкі, і паралельна стаў наносіць інтэнсіўныя паветраныя ўдары па аб’ектах «Хізбулы» ў Ліване. У ноч на 1 кастрычніка Цагаль распачаў абмежаваную наземную аперацыю.


Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10