навіны

МКС выдаў ордары на арышт Нэтаньягу і Галянта

Бэньямін Нэтаньягу і Ёаў Галянт. Фота: יואב גלנט - Yoav Gallant / Facebook·
Бэньямін Нэтаньягу і Ёаў Галянт. Фота: יואב גלנט - Yoav Gallant / Facebook·
podpis źródła zdjęcia

21 лістапада Палата папярэдняга вядзення I Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) выдала ордары на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу і цяпер ужо былога міністра абароны краіны Ёава Галянта.

Палата выдала ордары на арышт Бэньяміна Нэтаньягу і Ёава Галянта, за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, учыненыя як мінімум з 8 кастрычніка 2023 года да як мінімум 20 траўня 2024 года. Пры гэтым быў адхілены зварот Ізраілю пра неправамоцнасць выдачы ордараў.

У чым вінавацяць

Як заяўляюць, Нэтаньягу і Галянт наўмысна і свядома пазбавілі цывільнае насельніцтва ў Газе харчоў, вады, лекаў і медычных сродкаў, а таксама паліва і электраэнергіі, перашкаджалі гуманітарным арганізацыям дастаўляць гэта. Пры гэтым такія абмежаванні разам з вымыканнем электрычнасці і скарачэннем паставак паліва сур’ёзна паўплывалі на даступнасць вады ў Газе і здольнасць шпіталяў надаваць медычную дапамогу.

Палата таксама адзначыла, што пастановы пра дазвол або павелічэнне гуманітарнай дапамогі прымаліся толькі ў адказ на ціск міжнароднай супольнасці або просьбы Злучаных Штатаў Амерыкі. І пры гэтым павелічэнне гуманітарнай дапамогі было недастатковае для паляпшэння доступу насельніцтва да тавараў першай неабходнасці.

Адвакат і юрыст Аарыф Абрахам прымае ўдзел у Спецыяльным трыбунале ў справе злачынства агрэсіі супраць Украіны. Кіеў, Украіна. 21 жніўня 2023 года. Фота: Volodymyr Tarasov / Ukrinform / Future Publishing / Getty Images
«Працэс практычна незваротны». Хто можа прыспешыць выдачу ордару на арышт Лукашэнкі? навіны

Палата мяркуе, што не было ніякай відавочнай ваеннай неабходнасці ці іншага абгрунтавання згодна з міжнародным гуманітарным правам для абмежаванняў, накладзеных на наданне гуманітарнай дапамогі. Як заяўляецца, Нэтаньягу і Галянт нясуць крымінальную адказнасць за ваеннае злачынства голаду як метаду вядзення вайны.

Палата прыйшла да высновы, што нястача харчоў, вады, электрычнасці і паліва, а таксама пэўных медычных сродкаў стварыла ўмовы жыцця, разлічаныя на знішчэнне часткі цывільнага насельніцтва ў Газе, што прывяло да гібелі цывільных асобаў, у тым ліку дзяцей, праз недаяданне і абязводжванне. Акрамя таго, Нэтаньягу і Галянт, перашкаджаючы пастаўкам у сектар Газа анестэтыкаў і наркозных апаратаў, «нясуць адказнасць за прычыненне вялікіх пакутаў праз бесчалавечныя дзеянні ў дачыненні асобаў, якія мелі патрэбу ў лекаванні». У выніку дактары былі вымушаныя апераваць параненых і праводзіць ампутацыі, у тым ліку ў дзяцей, без анестэзіі і/або былі вымушаныя выкарыстоўваць неадэкватныя і небяспечныя сродкі для седацыі пацыентаў, наносячы ім моцны боль і пакуты.

Палата таксама мяркуе, што згаданыя дзеянні пазбавілі значную частку цывільнага насельніцтва ў Газе іхных асноўных правоў, у тым ліку на жыццё і здароўе, насельніцтва было аб’ектам пераследаў на падставе палітычных і/або нацыянальных матываў.

Нарэшце, Палата заяўляе, што Нэтаньягу і Галянт нясуць крымінальную адказнасць як цывільныя начальнікі за вайсковыя атакі, наўмысна скіраваныя на цывільных асобаў, хоць «у іх былі даступныя захады для перадухілення або спынення здзяйснення злачынстваў або забеспячэння перадачы справы ў кампетэнтныя органы».

Вайна ідзе больш за год

Раніцаю 7 кастрычніка 2023 года на Ізраіль абрынуліся ракеты з сектару Газа, а пасля баевікі «Хамасу» ўварваліся на тэрыторыю Ізраілю, у тым ліку ў месцы, дзе праходзіў музычны фэст. У выніку атакі былі забітыя блізу 1200 ізраільцянаў і замежнікаў, а каля 250 закладнікаў былі вывезеныя ў Газу. Напад суправаджаўся жорсткімі катаваннямі і згвалтаваннямі. Здарэнне назвалі правалам ізраільскіх спецслужбаў.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Асад Ахмад Хан. Фота: icc-cpi.int
«Reuters»: Суд у Гаазе правядзе ўнутранае расследаванне ў дачыненні свайго пракурора. Яго абвінавачваюць у дамаганнях навіны

Аднак ужо 8 кастрычніка Ізраіль пачаў вайсковую аперацыю «Жалезныя мячы» і назваў тое, што адбываецца, вайною. Калі Ізраіль пачаў бамбаваць Газу, «Хамас» папярэдзіў, што будзе забіваць за гэта закладнікаў.

Неўзабаве міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт абвясціў наступ арміі абароны Ізраілю (Цагаль) на сектар Газа. У той жа час далучылася ліванская групоўка «Хізбула», якую падтрымлівае Іран; яна абстраляла ракетамі месцы, дзе былі ізраільскія вайскоўцы.

13 кастрычніка Цагаль заклікаў мірных жыхароў поўначы Газы, а гэта больш за 1 млн асобаў, эвакуявацца на поўдзень. Поўнамаштабная наземная аперацыя Ізраілю ў Газе пачалася 27 кастрычніка. Гэта ператварыла наступствы нападу «Хамасу» ў самы буйны ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе за апошнія 50 гадоў.

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10