навіны

Тысячы чалавек параненыя ад выбуху пэйджараў у Ліване. Гэта аперацыя Ізраілю супраць «Хізбулы» – «Reuters»

Пэйджар, які выбухнуў у Іране 17 верасня 2024 года
Пэйджар, які выбухнуў у Ліване 17 верасня 2024 года. Фота: @iahmedsalih / Х
podpis źródła zdjęcia

Тысячы пэйджараў практычна адначасова падарваліся ў Ліване 17 верасня. Параненыя 2800 асобаў, паведамілі ўлады. Гэта была аперацыя Ізраілю супраць тэрарыстычнай групоўкі «Хізбула», паведамляюць крыніцы «Reuters».

«Хізбула» пацвердзіла гібель васьмі байцоў і заявіла, што пэйджары належалі яе «супрацоўнікам розных падраздзяленняў і ўстановаў». Крыніца паведаміла AFP, што забітая таксама 10-гадовая дачка чальца групоўкі.

«Хізбула» заявіла, што расследуе прычыны выбухаў, ускладае адказнасць на Ізраіль і абяцае адпомсціць. Групоўка дадала, што працягне, «як і ў любы іншы дзень, свае аперацыі для падтрымання Газы». Ізраільскія ўлады не каментавалі выбухаў.

Высокапастаўленая крыніца ў ліванскіх службах бяспекі і яшчэ адна крыніца «Reuters» паведамляюць, што ізраільская спецслужба «Масад» заклала выбуховае рэчыва ў 5000 пэйджараў, што былі ўвезеныя «Хізбалой» за некалькі месяцаў да выбухаў.

Крыніцы ў ліванскіх службах бяспекі таксама паведамілі BBC, што пэйджары, якія «Хізбула» выкарыстоўвае для сувязі, маглі быць узламаныя Ізраільскімі спецслужбамі.

Крыніца «Reuters» у службе бяспекі Лівану сказала, што пэйджары былі вырабленыя тайваньскай кампаніяй «Gold Apollo». Кампанія ж заявіла, што не яна вырабляла гэтыя прылады, а кампанія «BAC», у якой ёсць ліцэнзія на выкарыстанне брэнду «Gold Apollo».

Крыніца агенцтва ў ліванскіх службах бяспекі дала фатаграфію мадэлі пэйджара AP924, які, як і іншыя пэйджары, прымае і паказвае тэкставыя паведамленні, але не можа здзяйсняць тэлефонных званкоў. Байцы «Хізбулы» выкарыстоўваюць пэйджары для сувязі, каб пазбегчы адсочвання лакацыі. Крыніца адзначыла, што прылады былі мадыфікаваныя «Масадам» «на ўзроўні вытворчасці»:

«Масад» паставіў унутр прылады плату з выбуховым рэчывам, на якую прыходзіць код. Яе вельмі цяжка выявіць любымі сродкамі».

Са словаў крыніцы, 3000 пэйджараў выбухнулі, калі на іх было адпраўленае закадаванае паведамленне, што актывавала выбуховы механізм.

Кіраўнік «Gold Apollo» сказаў, што не ведае, як пэйджары маглі быць настроеныя на выбух.

Выбухі пакалечылі многіх чальцоў «Хізбулы», згодна з запісамі больніцаў, прагледжанымі «Reuters». У параненых былі пашкоджанні рознай ступені, адсутнічалі пальцы, былі раны на сцягне, дзе, меркавана, насіліся пэйджары.

Выбухі пэйджараў адбыліся на фоне росту напружанасці ў адносінах паміж Ізраілем і «Хізбулой», якія вядуць трансмежныя ваенныя дзеянні з пачатку канфлікту ў Газе ў кастрычніку мінулага года.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10