Цэны на паліва трымаліся на адным узроўні з ліпеня мінулага года, цяпер вяртаюцца да піку канца 2022 года, а неўзабаве перавысяць яго.
Канцэрн «Белнафтахім» абвясціў аб павышэнні рознічных цэнаў на паліва з 15 сакавіка 2025 года. Цэны павышаюць адразу на 2 капейкі. Затым плануюць наступныя павышэнні: раз на тыдзень па плюс 2 капейкі, сумарна на 16 капеек за 1 літр.
З 15 сакавіка цэны будуць такія:
- АІ-92-К5-Еўра – 2,36 руб./л,
- АІ-95-К5-Еўра – 2,46 руб./л,
- АІ-98-К5-Еўра – 2,68 руб./л,
- дызельнае паліва – 2,46 руб./л.
Цэны на паліва ў Беларусі трымаліся нязменнымі з сярэдзіны ліпеня 2024 года. Яны былі на 2 капейкі ніжэйшыя за максімум канца 2022 года і пачатку 2023 года, цяпер вернуцца на той максімум.
Калі пералічваць у еўры паводле курсу Нацбанку Беларусі, літр АІ-95 будзе каштаваць 0,71 еўра. У Вільні літр такога бензіну каштуе 1,49 еўра, у Беластоку – 1,43 еўра, у Чарнігаве – 1,34 еўра, у Смаленску – 0,65 еўра.
Алесь Наваборскі belsat.eu