Увечары 10 кастрычніка Ізраіль нанёс авіяўдар па цэнтры Бэйруту, каб зліквідаваць аднаго з лідараў «Хізбулы». У выніку атакі дзясяткі асобаў загінулі і атрымалі раненні, паведамляюць медыі.
Мішэнню Цагалю быў адзін з лідараў радыкальнай групоўкі «Хізбула» Вафік Сафа, зазначае «The Times of Israel». Ён быў асобай, набліжанай да генеральнага сакратара «Хізбулы» Хасана Насралы, які загінуў у выніку ізраільскага авіяўдару ў верасні. Сафа адказваў за кантрабанду, кантакты з сіламі бяспекі Лівану і міжнародныя сувязі групоўкі. Шмат гадоў быў пад санкцыямі ЗША.
«Reuters» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляе, што Вафік Сафа пасля авіяўдару выжыў. Паводле агенцтва, паветраная атака адбылася ў густанаселеным жылым квартале, пасля выбуху над цэнтрам Бэйруту падняўся густы слуп дыму.
Пра тое, што Вафік Сафа выжыў, кажуць і крыніцы CNN. Сведкі сцвярджаюць, што адзін з жылых будынкаў цалкам разбураны – у ім было шмат людзей, у тым ліку перамешчаных асобаў.
Міністэрства здароўя Лівану сцвярджае, што ў выніку паветранай атакі Ізраілю загінулі 22 асобы і 117 атрымалі раненні.
Улады Ізраілю сітуацыі з ударам па Бэйруце не каментавалі.
Нагадаем, год таму радыкальная шыіцкая групоўка «Хізбула» выступіла ў падтрыманне «Хамасу», які ўчыніў тэрарыстычны напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, і з таго часу рэгулярна абстрэльвала памежныя зоны Ізраілю. Спачатку сітуацыя трымалася ў рамках абмежаванага абвастрэння, аднак з канца вясны пачала назірацца ўстойлівая тэндэнцыя да эскалацыі канфлікту. У верасні 2024 году Ізраіль учыніў масавы падрыў прыладаў сувязі, якімі карысталіся камандзіры групоўкі, і паралельна стаў наносіць інтэнсіўныя паветраныя ўдары па аб’ектах «Хізбулы» ў Ліване. У ноч на 1 кастрычніка Цагаль распачаў абмежаваную наземную аперацыю.
Глеб Нержын belsat.eu