Маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі трываюць чатыры з паловай гады, штодня становіцца вядома пра новыя затрыманні і суды. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 13 лістапада.
На Беларускай чыгунцы адбываецца чарговая хваля рэпрэсіяў, паведаміла «Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў». Дакладных звестак пра колькасць праверак або затрыманых няма, але выпадкі не адзінкавыя. Толькі ў адным аддзяленні – у менскім НАЧ-1 – у спісах на «гутаркі» больш за 60 чалавек. Бальшыню не караюць, а толькі запалохваюць, ды некаторым прапануюць «добраахвотна» наведаць КДБ. Таксама ў тым, з кім «гутараць», забіраюць тэлефоны і робяць з імі невядомыя маніпуляцыі.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі мае спецыяльную метадычку па палітычных рэйдах. Раней пра падобнае расказвала «Наша ніва», цяпер падрабязнасці здабытага дакумента раскрыла «Zerkalo»: сілавікоў інструктуюць шукаць не толькі фота з акцыяў пратэсту, падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы і нацыянальную сімволіку, але і «кантакты з прыхільнікамі пераменаў, якія выехалі з краіны».
Шмат навінаў пра рэпрэсіі прыйшло з Віцебскай вобласці – ад каналу «Витебск, я гуляю». За мінулы дзень праз адміністратыўныя палітычныя справы прайшлі 9 чалавек. У Лепелі за «анлайн-пікетаванне» судзілі супрацоўніцу мясцовых энергасетак і спартоўку Святлану Пасмурнец. У Полацку за тое самае судзілі інжынера электрсетак і прыхільніка «рускага міру» Дзмітрыя Пташца. У Воршы за «паспаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» судзілі маладую маці і тыктокерку Марыну Пруднікаву. Таксама ў Воршы ўжо трэці раз судзілі за «экстрэмісцкія матэрыялы» Юрыя Жука – імаверна, працаўніка чыгуначнага дэпо.
У Гарадзенскай вобласці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» за 13 лістапада мелі судзіць шэсць чалавек, пішуць праваабаронцы «Право имеют».
За «Распальванне варожасці» (ч.3 арт. 130 КК РБ) ў Менскім гарадскім судзе 13 лістапада мелі пачаць судзіць бізнесоўца і ўласніка вытворцы пенапласту «Анастан» Генадзя Саўрыцкага, разам з ім – ягоных жонку і дачку, даведалася «Наша ніва». Акалічнасці справы і сутнасць абвінавачвання невядомыя, але абвінавачаным пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Святара Генрыха Акалатовіча маюць пачаць судзіць за «Здраду дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК) 25 лістапада ў Менскім абласным судзе. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. 64-гадовы святар апошнім часам служыў у касцёле св. Язэпа ў Валожыне, перанёс інсульт і перахварэў на анкалогію, незадоўга перад затрыманнем яму правялі аперацыю на страўніку. Нягледзячы на патрэбу ў медычнай дапамозе, яго амаль год трымаюць у следчым ізалятары КДБ.
Следчы камітэт пахваліўся сканчэннем расследавання аб атацы дрона на базу менскага АМАП. Фігурантамі расследавання сталі ўдзельнікі ініцыятывы «Супраціў» Павел Кулажэнка і былы вайсковец Віталь Пацехін. Абодва яны знаходзяцца за мяжой. Ім інкрымінавалі 7 артыкулаў крымінальнага кодэкса. З доказаў паказалі дрон, бляшанку і раздрукаваныя на паперы скрыншоты перапіскі ў чаце, сляды ботаў і шынаў, а таксама запісы з камераў назірання, на якіх нейкія людзі кудысьці ідуць.
Міністэрства ўнутраных справаў назвала «экстрэмісцкім фармаваннем» аб’яднанне «Беларускі народны трыбунал», у якое ўключаныя Ігар Макар, Арцём Прыпісноў, Мікіта Леанюк і Вольга Катовіч.
Былы палітвязень, а цяпер праўладны блогер Раман Пратасевіч распавёў, на якіх умовах арганізавалі спатканне палітычнай зняволенай Марыі Калеснікавай з бацькам: паводле Пратасевіча, спатканне дазволілі пасля прашэння на імя Аляксандра Лукашэнкі. Гэта незаконна: кіраўнік Беларусі не мае паўнамоцтваў, каб дазваляць ці забараняць спатканні са зняволенымі. Але ў Беларусі незаконна пазбаўляюць палітвязняў кантактаў з вонкавым светам, ды й само палітычнае зняволенне таксама незаконнае.
Праваабаронцы «Вясны» тым часам непакояцца за палітвязня Аляксандра Францкевіча: у пачатку кастрычніка яго этапавалі ў калонію пасля разгляду апеляцыйнай скаргі, але ў якую – невядома дагэтуль.
У новым СІЗА ў Калядзічах праблемы з перадачамі, расказала «Медыязона»: каб паспець аддаць перадачу, сваякі прыязджаюць пад ізалятар а 4–5-й гадзіне раніцы, чарга можа заняць паўдня. Паводле праваабаронцаў «Mayday», гэта звязана з рамонтам турмы № 8 у Жодзіне, адкуль зняволеных перавялі ў Калядзічы
Міністэрства інфармацыі Беларусі «дзеля захавання маральных каштоўнасцяў і традыцыяў беларускага народу» запатрабавала, каб распаўсюднікі друкаванай прадукцыі самастойна правялі рэвізію друкаваных выданняў, якія рэалізуюць, і выключылі з продажу тыя, што могуць нашкодзіць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Прыпыніла працу найбуйнейшая ў Берасцейскай вобласці школа замежных моваў «АКЦ Мост», паведаміў «Позірк». Прычыны не патлумачылі, але офіс школы быў апячатаны. Улады Беларусі прынамсі ад пачатку 2024 года дамагліся закрыцця прынамсі дзясятка ўстановаў, якія навучалі польскай мове.
Але ёсць і ўмоўна добрыя навіны: «Гомельская вясна» даведалася пра вызваленне 15 кастрычніка палітвязняў Арцёма Бабкова і Мікалая Давыдава, якіх утрымлівалі ў калоніі № 3 «Віцьба». Першы правёў у няволі два гады за тое, што ў 2022 годзе здымаў перасоўванне расейскай вайсковай тэхнікі, другі – два гады за «Абразу Лукашэнкі», «Абразу прадстаўніка ўлады» і «Распальванне варожасці», суд над ім быў закрыты.
Алесь Наваборскі belsat.eu