Блогер і былы палітзняволены Раман Пратасевіч распавёў, як была арганізаваная сустрэча з палітзняволенай Марыяй Калеснікавай, і паказаў відэа з ейным бацькам.
Аляксандр Калеснікаў 12 лістапада атрымаў спатканне з дачкой, палітычнай зняволенай Марыяй Калеснікавай, ад якой не было ніякіх вестак больш за 600 дзён. Да сям'і даходзіла інфармацыя, што палітзняволеная схуднела да 45 кілаграмаў пры росце 175 см, сваякі хваляваліся за ейнае жыццё і здароўе. Былы палітвязень, а цяпер праўладны блогер Раман Пратасевіч распавёў у сваім Telegram-канале, на якіх умовах арганізавалі спатканне.
Паводле Пратасевіча, ён неаднаразова сустракаўся і камунікаваў з Аляксандрам Калеснікавым, яны «ўрэшце сышліся на тым, што ён напісаў зварот на імя кіраўніка дзяржавы». Пратасевіч сцвярджае, што «скарыстаўся сваімі кантактамі», каб ліст дайшоў да Аляксандра Лукашэнкі. Дазвол ад Лукашэнкі, паводле Пратасевіча, быў атрыманы за дзень да паездкі, але Калеснікаў «літаральна за некалькі гадзінаў» паспеў сабраць перадачу для дачкі.
Аляксандр Калеснікаў на відэа Пратасевіча расказаў, што ўжо не хвалюецца за стан дачкі: «На момант сустрэчы адчувала сябе бадзёрай, прыгожай». Калеснікаў расказаў, што «пастараўся данесці» да яе «тыя змены, якія адбываюцца» і «расказаць пра акно магчымасцяў, што адкрыліся». Марыя, паводле яго, «сказала, што будзе думаць». Якія менавіта магчымасці адкрыліся і над чым думае Калеснікава, ён не сказаў, але дадаў, што чакае «зменаў, якія дазволяць нам быць бліжэй з Машай».
Калеснікаў таксама намякнуў, што іншым бацькам палітвязняў, якіх пакінулі без сувязі са зняволенымі, трэба «знаходзіць шляхі, каб вось такія сустрэчы сталі магчымымі».
Пратасевіч пазней паведаміў выданню «Зеркало», што «займаецца пытаннем» доступу сваякоў і адвакатаў да палітвязняў Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, кантактаваў з жонкай палітвязня Мікалая Статкевіча.
Гэта незаконна (як і само палітычнае зняволенне)
Спатканні са зняволенымі, паводле беларускіх законаў, не нейкі надзвычайны «бонус», на які патрэбны дазвол асабіста Лукашэнкі. Паводле арт. 83 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, асуджаным мусяць даваць кароткатэрміновыя спатканні на чатыры гадзіны і доўгатэрміновыя спатканні да трох дзён. Артыкулы 118–128 КВК рэгулююць колькасць спатканняў у розных умовах зняволення. Артыкулы 112 і 118 КВК дазваляюць пазбаўляць спатканняў «за парушэнні вызначанага парадку адбывання пакаранняў». Гэта выкарыстоўваюць для поўнага пазбаўлення спатканняў. Разам з тым, шэрагу палітвязняў не дазваляюць нават ліставацца са сваякамі – змяшчаюць у так званы рэжым інкамунікада, што парушае артыкул 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь абавязвалася выконваць.
Пра тое, што Калеснікаву пакінулі ў рэжыме інкамунікада, Лукашэнку нядаўна нагадваў журналіст BBC Стыў Роўзэнбэрг. Лукашэнка адказаў яму, што будзе разглядаць просьбы наконт спатканняў. Знайсці закон, які б надаваў такое права кіраўніку Беларусі, не ўдалося: Лукашэнка, паводле законаў, можа хіба разглядаць прашэнні аб памілаванні. З другога боку, пераслед за палітычныя погляды і актыўнасць фармальна таксама незаконныя ў Беларусі, але шырока распаўсюджаныя.
Марыя Калеснікава была затрыманая 7 верасня 2020 года і асуджаная на 11 гадоў калоніі. Ёй былі высунутыя абвінавачанні паводле арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), арт. 357 КК («Змова з мэтаю захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам») і арт. 361.1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Калеснікава ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі. У лістападзе 2022 года ёй зрабілі аперацыю пасля шпіталізацыі з перытанітам праз прабадную язву. Пры такім дыягназе неабходныя адмысловае харчаванне і асаблівая ўвага доктара.
Улетку 2024 года былая палітзняволеная распавяла праваабаронцам «Вясны», што адміністрацыя калоніі забараняе жанчынам кантактаваць з Марыяй. З ёю заўсёды ходзяць ахоўніцы, нават у прыбіральню. Сочаць за жанчынаю і іншыя зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.
Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская раней каментавала спатканне Калеснікавай з бацькам: казала, што вельмі радая бачыць яе побач з роднымі пасля амаль двух гадоў ізаляцыі. Спатканне пракаментавала таксама сястра Калеснікавай Таццяна Хоміч: напісала, што вельмі радая сустрэчы, што «галоўнае, што Маша жывая» і што яна ўдзячная ўсім датычным да арганізацыі сустрэчы.
Амбасада Нямеччыны тым часам нагадвала, што «Беларусь абавязаная выконваць мінімальныя гуманітарныя стандарты ў адносінах зняволеных, да іх належаць права на наведванне, атрыманне пошты і медычнае абслугоўванне». Амбасада таксама чарговы раз запатрабавала вызвалення ўсіх палітвязняў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Алесь Наваборскі belsat.eu