Беларусаў сталі выклікаць на допыты ў будынак, дзе раней была філія 10-й дзіцячай паліклінікі. Расследавальнікі даведаліся, як Камітэт дзяржаўнай бяспекі здабыў гэты будынак.
«Digital Intelligence Team» апублікавала расследаванне пра будынак на Сядова, 8 у Менску. У гэты будынак блізу ДК МАЗ і станцыі метро «Аўтазаводская» беларусаў сталі з нядаўняга часу выклікаць на допыты. «BELPOL» здабыў дэталёвы план будынку.
Да 2017 года там размяшчалася філія 10-й дзіцячай паліклінікі. Раптоўна адразу пасля летняга касметычнага рамонту будынку спатрэбіўся капітальны рамонт. Мясцовыя жыхары, як пішуць расследавальнікі абураліся закрыццём паліклінікі, расказвалі пра вялізную перагружанасць паліклінік, дзе абслугоўваліся сотні дзяцей.
Да снежня 2020 года пастанавілі, што будынак і тэрыторыю вакол яго возьме сабе Камітэт дзяржаўнай бяспекі, а будынак выключаць з уласнасці паліклінікі – КДБ атрымаў будынак бясплатна, як вынікае са звестак пра дзяржаўныя закупы і з дакументу планавага задання рамонту будынку.
У рэканструкцыю будынку ўклалі не менш за 1,3 млн долараў – гэта звесткі толькі з адкрытых закупаў. Плошча будынку – 335 м², агульная плошча тэрыторыі – 611 м². У будынку, як адзначаюць расследавальнікі, 15 кабінетаў на 21 асобу, два «кабінеты для наведнікаў» і тры пакоі для адпачынку, не менш за 20 кандыцыянераў, 25 відэакамераў.
«Такі выбар прыярытэтаў уладаў дэманструе, што камфорт працаўнікоў КДБ значна важнейшы, чым здароўе дзяцей і патрэбы звычайных грамадзянаў», – робяць выснову расследавальнікі.
Планавае заданне зацвердзіў намеснік начальніка ўпраўлення КДБ ў справах Менску і Менскай вобласці Аляксандр Гарусаў. Паводле звестак «Кіберпартызанаў», цяпер ён працуе намеснікам дырэктара ў справе бяспекі ў кампаніі, што збіраецца адкрыць завод перапрацоўвання рыбы ў свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск». Ягоная жонка Іна Гарусава працуе ў Аператыўна-аналітычным цэнтры, яна сястра Ліліі Лукашэнкі – жонкі Віктара Лукашэнкі, старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі. Гарусавы не раз ляталі з сям’ёй Віктара Лукашэнкі ў «службовыя паездкі».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Алесь Наваборскі belsat.eu