Нацыянальная пракуратура Польшчы раскрыла «Белсату», у якім злачынстве падазраецца грамадзянін Беларусі, якому пагражае пажыццёвае зняволенне.
Беларуса Яраслава С. затрымалі за спробу падпалу складу з фарбамі. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай пракуратуры Польшчы:
,,«7 лістапада працаўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымалі грамадзяніна Беларусі, які падазраецца ў спробе здзейсніць падпал аб'екту ў Гданьску. Затрыманы – Яраслаў С. Ідзецца пра склад фарбаў».
Мужчыну закідаюць удзел у арганізаванай злачыннай групоўцы і здзяйсненне дыверсіяў або тэрактаў на загад замежнай спецслужбы. Суд арыштаваў фігуранта на тры месяцы.
У пракуратуры адзначылі, што гэта чарговае затрыманне ў справе, што датычыць злачыннай групоўкі, мэта якой – «здзяйсненне злачынстваў супраць Польшчы».
«У студзені і траўні сёлета ў межах гэтага расследавання Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала 4 асобы – грамадзянаў Польшчы, Украіны і Беларусі, якія рыхтаваліся да падпалу аб'ектаў у Вроцлаве, а таксама падпальвалі аб'екты ў Гданьску, Гдыні і Марках», – паведамілі ў прэс-службе.
Як паведамлялася, летась у Гдыні падпалілі рэстаран «Casa Cubeddu», у Гданьску спрабавалі спаліць будаўнічы супермаркет, а ў Марках сёлета ў выніку падпалу згарэў склад. У Вроцлаве злачынцы намагаліся спаліць фарбавую фабрыку.
У датычнасці да дыверсіяў падазраюць расейскія спецслужбы. Выданне «Rzeczpospolita» раней пісала, што ахвочых яны шукаюць у Telegram. За падпалы ў буйных гарадах Польшчы прапануюць 10–15 тысяч еўраў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu