З восені 2020 года ў Беларусі праз арышты прайшлі 23 адвакаты, шасцёра – дасюль за кратамі


Лукашэнкаўскія ўлады разгарнулі сістэматычныя і шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы кліентаў у палітычна матываваных справах або праліваюць святло на парушэнні правоў. Пра гэта гаворыцца ў вялікім дакладзе «Human Rights Watch», Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека і праекту «Права на абарону».

Зняволеныя адвакаты:
Фота: калаж «Наша Ніва»

У 95-старонкавым дакладзе «Урачыста клянуся чэсна і добрасумленна выконваць абавязкі адваката: палітычна матываваныя пераследы адвакатаў-праваабаронцаў у Беларусі» дакументальна пацвярджаецца як практычна поўны кантроль над адвакатурай у Беларусі, так і рэпрэсіі супраць адвакатаў-праваабаронцаў з боку ўраду Аляксандра Лукашэнкі.

З верасня 2023 г. да красавіка 2024 г. «Human Rights Watch» апытала 19 беларускіх адвакатаў і прааналізавала публікацыі на сайтах адвакацкіх калегіяў за апошнія тры гады. Разам з Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ) і праектам «Права на абарону» «Human Rights Watch» прааналізавала больш за 140 выпадкаў пазбаўлення адвакатаў ліцэнзіяў, вядомых з агульнадаступных крыніц і інтэрв’ю, і выявіла заканамернасці адвольнага і палітычна матываванага адклікання ліцэнзіяў.

Так, сярод высноваў, што прыводзяцца ў дакладзе, адзначаецца, што пераслед урадам адвакатаў-праваабаронцаў ёсць часткай шырэйшага задушэння любых формаў іншадумства, што ўчыняецца ўрадам пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Улады ствараюць шматлікія перашкоды, якія не дазваляюць адвакатам эфектыўна выконваць свае прафесійныя абавязкі з моманту, калі яны бяруцца за палітычна матываваную справу: у прыватнасці, адмаўляюць адвакатам у доступе да іхных кліентаў, а таксама падслухоўваюць і запісваюць канфідэнцыйныя размовы паміж адвакатамі і кліентамі.

З восені 2020 года лукашэнкаўскія ўлады адвольна арыштавалі сама меней 23 адвакатаў, а потым выкарыстоўвалі гэтыя арышты як падставу, каб адхіліць іх ад рэпрэзентацыі інтарэсаў іхных кліентаў у палітычна матываваных справах і адклікаць у іх ліцэнзіі.

Адвакатаў саджаюць за краты паводле палітычных абвінавачанняў дзеля помсты за абарону інтарэсаў іхных кліентаў у палітычна матываваных справах. Як мінімум шасцёра адвакатаў адбываюць цяпер тэрміны зняволення ад 6 да 10 гадоў паводле сфабрыкаваных палітычна матываваных абвінавачанняў. Сярод іх – Максім Знак, Аляксандр Данілевіч, Віталь Брагінец, Настасся Лазарэнка, Юлія Юргілевіч і Аляксей Бародка.

У дакладзе выстаўленае патрабаванне да ўладаў Беларусі неадкладна спыніць палітычна матываваныя пераследы, пакласці канец усім пераследам і нападкам на адвакатаў і стварыць умовы для таго, каб яны маглі выконваць свае прафесійныя абавязкі без умяшання з боку і не баючыся рэпрэсіяў.

Ад Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў дакладнікі патрабуюць пакласці канец палітычна матываваным рэпрэсіям, накіраваным на яе чальцоў, абараняць інтарэсы адвакатаў і іхных кліентаў, а таксама забяспечваць незалежнасць адвакатуры.

З поўным тэкстам дакладу можна азнаёміцца на сайце «Human Rights Watch».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў