У Варшаве беларуска і ейны муж прынеслі ў лякарню знямоглае дзіця, а пасля ўцяклі


У Варшаве беларуска і ейны муж прынеслі ў лякарню дзіця, якому было толькі 10 тыдняў з моманту нараджэння. Дактары зрабілі заключэнне, што дзіця недаядае. Але пасля гэтага бацькі ўцяклі разам з дзіцём, піша выданне «Miejski reporter».

Грамадзянка Беларусі прынесла ў лякарню ў Варшаве знямоглае дзіця.
Фота: miejskireporter.pl

Інцыдэнт адбыўся ноччу 22 траўня ў дзіцячай лякарні на вуліцы Каперніка ў Варшаве.

Дактары выявілі, што дзіця важыць усяго 1,5 кілаграма, яно было вельмі зняможанае ў выніку недаядання.

Пачуўшы заключэнне лекараў, бацькі забралі дзіця і хуценька ўцяклі з лякарні, пасля чаго дактары паведамілі пра здарэнне ў паліцыю.

Сужэнцаў удалося адшукаць, іх затрымалі. Пры гэтым прыборы засведчылі ў абаіх стан алкагольнага сп’янення (1 праміле). Дзіця на машыне хуткай дапамогі даставілі ў лякарню.

Бацькам выставілі абвінавачанне ў давядзенні да небяспекі падапечнай асобы, што пагражае пакараннем ад трох месяцаў да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Паліцыя і пракуратура распачалі следчыя дзеянні.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў