Уначы Расея нанесла масаваны ракетны ўдар па шэрагу ўкраінскіх гарадоў


Уначы 28 красавіка расейскія войскі абстралялі некалькі ўкраінскіх гарадоў. Расейскія ракеты ўдарылі па Дняпры, Умані і Украінцы ў Кіеўскай вобласці. Пашкоджаныя жылыя дамы. Вядома аб прынамсі дзевяці загінулых, у тым ліку двухгадовае дзіця.

Прылёт ракеты ў горадзе Умань. Крыніца: news_chrkssy / Telegram

Раніцаю 28 красавіка быў атакаваны горад Умань Чаркаскай вобласці: ракета знішчыла цэлы пад’езд шматпавярховіка. Станам на 9:30 там сямёра загінулых. Вядома, што з-пад завалаў вынятыя шэсць целаў, адзін чалавек памёр у больніцы, яшчэ дзявяцера цяпер у шпіталі. Пад заваламі застаюцца людзі.

«Ёсць два траплянні крылатых ракетаў ва Умані: у жылы дом і складскія будынкі», – паведаміў старшыня Чаркаскай абласной вайсковай адміністрацыі Ігар Табурэц.

Таксама паведамляюць, што ва Умані адмененыя ўсе забаўляльныя імпрэзы на нявызначаны тэрмін, абвешчаная 3-дзённая жалоба па загінулых.

У Дняпры ад выбуху расейскай ракеты быў разбураны прыватны дом. Загінулі 2-гадовая дзяўчынка і 31-гадовая жанчына. Чатыры чалавекі пацярпелі. 58-гадовага мужчыну і 57-гадовую жанчыну ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў больніцу. 31-гадовая жанчына будзе лячыцца ўдома. Таксама пацярпела 70-гадовая жанчына, дактары надалі ёй дапамогу.

Украінскія вайскоўцы змаглі збіць 7 крылатых ракетаў, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак. Таксама ў горадзе разбураны будынак прыватнага прадпрыемства, успыхнуў пажар, яго пагасілі. Полымя ахапіла 400 квадратных метраў.

Вынікі ракетнага ўдару ў Дняпры. Крыніца: dnepr_operativ / Telegram
Вынікі ракетнага ўдару ў Дняпры. Крыніца: dnepr_operativ / Telegram

У паветранай прасторы Кіева сілы ПА збілі 11 крылатых ракетаў і два дроны. У Абалонскім раёне сталіцы абломкі пашкодзілі лакальную лінію электрасетак, пашкоджана дарога. Расейскія войскі абстралялі сталіцу ўпершыню за 51 дзень.

Таксама ў выніку ракетнага ўдару два чалавекі параненыя ў горадзе Украінка Кіеўскай вобласці, заявіў міністр унутраных справаў Ігар Клымэнка.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў