Святлана Ціханоўская прывітала рашэнне Еўракамісіі рэкамендаваць для Украіны статус дзяржавы-кандыдата ў ЕЗ


Святлана Ціханоўская прывітала рашэнне Еўракамісіі рэкамендаваць для Украіны статус дзяржавы-кандыдата ў Еўразвяз.

Гэта адбылося падчас перамоваў з кіраўніком МЗС Партугаліі ў Лісабоне.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Партугаліі. 17 чэрвеня 2022 года. Лісабон, Партугалія. Скрыншот з відэа: AP

«Я вітаю рашэнне Рады ЕЗ рэкамендаваць Еўразвязу надаць статус кандыдата Малдове і Украіне. Яны сапраўды гэтага заслугоўваюць. Украіна цяпер абараняе не толькі свае межы, але і еўрапейскія каштоўнасці. Мы таксама просім Раду Еўразвязу ў сваіх канчатковых высновах згадаць Беларусь – у тым, што пасля дэмакратычных пераўтварэнняў яна таксама можа разлічваць на еўрапейскую перспектыву», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Таксама Ціханоўская дадала, што Беларусь заўсёды належала да еўрапейскай сям’і, але перад уступленнем ў ЕЗ аб гэтым трэба запытацца ў беларусаў: «Што да кандыдатуры, па-першае, мы павінны спытаць беларускі народ. Ніхто ніколі не пытаўся ў людзей, куды яны хочуць, каб нашая краіна рухалася. У нас ёсць дыктатар, які сказаў нам, што мы блізкія з Расеяй, і ўсё. Гэта залежыць ад беларускага народу, і пасля дэмакратычных зменаў гэтае пытанне можа ўзнікнуць у беларусаў».

Да таго ж, Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Каардынацыйная Рада і іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў накіравалі супольны ліст лідарам ЕЗ.

У лісце яны заклікалі падтрымаць кандыдацтва Украіны, Грузіі і Малдовы ў ЕЗ, а таксама адлюстраваць у выніковым дакуменце Рады ЕЗ еўрапейскую перспектыву для Беларусі пасля дэмакратычных пераменаў. Ліст дасланы кіраўнікам Еўрапарламенту і Еўракамісіі ўсіх краінаў ЕЗ, Украіны, Малдовы, Грузіі.

«Украіна займае асаблівае становішча, бо яна абараняе сваё суверэннае права на свабоду ўступаць у саюзы – права, у якім Расея наўпрост адмаўляе не толькі Украіне, але і ЕЗ. Каб прызнаць ролю ўкраінскага народу ў абароне бяспекі Еўропы, мы лічым, што Украіне трэба неадкладна надаць статус кандыдата», – сказана ў лісце.

Рашэнне аб магчымым пашырэнні Еўрапейскага Звязу будзе прымаць 23 чэрвеня 2022 года Рада ЕЗ, куды ўваходзяць лідары ўсіх 27 краінаў – чальцоў Еўразвязу.

Абноўлена
Еўракамісія рэкамендавала надаць Украіне статус кандыдата на сяброўства ў ЕЗ
2022.06.17 14:19

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў