МЗС Польшчы выклікаў амбасадара Расеі


МЗС Польшчы выклікаў амбасадара Расеі  і запатрабаваў тлумачэнняў. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар замежналітычнага ведамства Лукаш Ясіна. Адпаведнае паведамленне апублікаванае на сайце МЗС Польшчы.

«15 лістапада 2022 года адбыўся чарговы шматгадзінны масаваны абстрэл усёй тэрыторыі Украіны і яе аб’ектаў крытычнай інфраструктуры, які вялі Узброеныя сілы Расейскай Федэрацыі. У 15:40 у вёсцы Пшэводаў у Люблінскім ваяводстве ўпала ракета расейскай вытворчасці, у выніку чаго загінулі два грамадзяніны Рэспублікі Польшча», – адзначаецца ў паведамленні МЗС. «У сувязі з гэтай падзеяй міністр замежных справаў прафесар Збігнеў Раў выклікаў пасла РФ у МЗС і запатрабаваў неадкладных падрабязных тлумачэнняў», – паведамляецца ў ім.

Разам з тым, прэзідент Польшчы Анджэй Дуда пасля пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі і кансультацыяў з міжнароднымі лідарамі заявіў, што «на дадзены момант у нас няма дакладных доказаў таго, хто запусціў гэтую ракету», але «найбольш імаверна, што гэта была ракета расейскай вытворчасці». Ён паведаміў, што вядзецца следства, і гэтае пытанне цяпер у стадыі расследавання. Дзеля гэтага прыцягнутыя міжнародныя эксперты. «Мы ўзмацнілі гатоўнасць польскіх узброеных сілаў, у тым ліку СПА», – дадаў ён.

Каментар
Вайсковы эксперт: Польшча можа ўжыць артыкул 4 дамовы пра NATO
2022.11.15 23:03

Прэзідэнт Анджэй Дуда паведаміў, што амбасадар Польшчы ў NATO прыме ўдзел у пасяджэнні Паўночнаатлантычнай рады ў сераду ў 10:00 у штаб-кватэры NATO. Паводле яго, існуе верагоднасць, што амбасадар падасць заяўку на актывацыю артыкулу 4, гэта саюзніцкія кансультацыі. «Усе лідары, з якімі я размаўляў сёння, абсалютна запэўнілі мяне ў падтрыманні саюзнікаў, у выкананні ўсіх палажэнняў Паўночнаатлантычнай дамовы, у тым ліку артыкулу 5», – паведаміў ён.

Нагадаем, што паволе артыкулу 5 у выпадку, калі любая з дзяржаваў – чальцоў Альянсу становіцца ахвярай узброенага нападу, усе астатнія без выключэння чальцы NATO палічаць гэта нападам на іх усіх і зробяць захады, якія палічаць мэтазгоднымі, каб дапамагчы чальцу Альянсу. Артыкул 4 Паўночнаатлантычнай дамовы прадугледжвае кансультацыі з саюзнікамі ў NATO адносна прыняцця канкрэтных крокаў.

Прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі ў сваім выступе пасля пазачарговага пасяджэння ўраду, якое скончылася апоўначы, заклікаў палякаў захоўваць спакой, а польскіх палітыкаў – «да стрыманасці, да адказнасці». «Давайце будзем разважлівыя, не дамо сабой маніпуляваць», – сказаў прэмʼер.

Гелена Голуб  belsat.eu 

Фота вокладкі: Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна. Фота: PAP / Radek Pietruszka

Абноўлена
У Польшчы на мяжы з Украінай два чалавекі загінулі ад выбуху. Медыі: упалі дзве расейскія ракеты
2022.11.15 21:51
Стужка навінаў