З Сумаў па гуманітарным калідоры эвакуююць мірных жыхароў


Людзей аўтобусамі перавозяць з Сумаў у Палтаву. Гэта пакуль адзіны гуманітарны калідор, пра які Украіне атрымалася дамовіцца з Расеяй.

З раніцы 8 сакавіка распачалася эвакуацыя мірных жыхароў з украінскага гораду Сумы. Разам з аўтобусамі з Палтавы ў Сумы выехалі медыкі, прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, а таксама 20 тонаў гуманітарнай дапамогі: лекі, ежа.

«У нас ужо ёсць інфармацыя пра тое, што расейскі бок запланаваў сарваць працу гуманітарнага калідору, – паведаміла на брыфінгу віцэ-прэм’ерка, міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірына Вэрэшчук. – Рыхтуюцца маніпуляцыі з маршрутам, каб прымусіць людзей паехаць іншым шляхам. Не ўзгодненым. Небяспечным. Заклікаем расейскі бок не распачынаць маніпуляцыйных дзеянняў і выканаць абяцанне, зафіксаванае дакументальна».

У Палтаву эвакуююць мірных жыхароў, у тым ліку іншаземных студэнтаў, а таксама грамадзянаў Індыі і Кітаю.

Hавiны
Завяршыўся трэці раўнд перамоваў Украіны і Расеі
2022.03.07 21:30

Гуманітарны калідор будзе працаваць увесь дзень 8 сакавіка, да 21-й гадзіны вечара паводле кіеўскага часу.

Сумы былі абстраляныя ўвечары 7 сакавіка. У выніку авіяўдару па жылым квартале загінулі 18 чалавек, з іх двое дзяцей.

Ірына Вэрэшчук зазначыла, што Украіна накіравала расейскаму боку распрацаваныя маршруты для іншых гуманітарных калідораў: Валнаваха – Запарожжа, Марыупаль – Запарожжа, Кіеў і Кіеўская вобласць у кірунку Заходняй Украіны, а таксама Харкаў і Харкаўская вобласць у кірунку Заходняй Украіны.

Hавiны
Украіна адмовілася ад расейскіх «гуманітарных калідораў» у Расею і Беларусь
2022.03.07 12:54

Расейскія вайскоўцы ўжо неаднаразова зрывалі гуманітарныя калідоры, страляючы ў людзей, якія рухаліся эвакуацыйным маршрутам.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў