Каардынацыйная рада ўзгадніла Коўшык і Сахашчыка як прадстаўнікоў Пераходнага кабінету


У Варшаве працягваюцца слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету Каардынацыйнай радай – «протапарламент» зацвярджае «протаўрад». 2 жніўня слухалі Аліну Коўшык і Валерыя Сахашчыка, вынікі галасавання пра іх ужо вядомыя.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Яраслаў Грыгор’еў задае пытанне Валеру Сахашчыку падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Як паведаміла Каардынацыйная рада, за працяг мандату прадстаўніцы ў справе нацыянальнага адраджэння (фактычна – «міністаркі» культуры і адукацыі) Аліны Коўшык прагаласаваў 71 дэлегат, супраць – 1, устрымаліся – 8.

Вынікі галасавання за працяг мандату прадстаўніка ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі (фактычна, «міністра» абароны) Валерыя Сахашчыка такія: за працяг – 57, супраць – 8, устрымаліся – 18.

Мандаты абодвух рэкамендуюць працягнуць на год, да 8 жніўня 2024-га.

Як гэта працуе

У сістэме, што стварылі праціўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя слуханні – нешта падобнае да справаздачы ўраду перад парламентам. Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 9 жніўня 2022 года стварыла Аб’яднаны пераходны кабінет, гэткі «ўрад у выгнанні» з прадстаўнікамі, адказнымі за пэўныя напрамкі. Каардынацыйная рада, утвораная яшчэ ў першы тыдзень па выбарах-2020, сёлета рэфармавалася і пашырыла склад, цяпер падобная да «протапарламенту» арганізацыяў і актывістаў дэмакратычнага руху.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Аліна Коўшык слухае пытанне падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Варшаве, Польшча. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Па выніках слуханняў Каардынацыйная рада можа як парэкамендаваць зацвердзіць чальцоў Кабінету, так і рэкамендаваць адхіліць іх ад пасады па выніках дзейнасці за год са стварэння Кабінету. Але канчатковае рашэнне за Ціханоўскай, якая прызначала «міністраў». Галасаванне аб кожнай кандыдатуры будзе трываць па 24 гадзіны пасля выступу. Усе вынікі маюць быць вядомыя 6 жніўня ці нават раней.

Агулам у Каардынацыйнай радзе 110 дэлегатаў, але галасы шасцёх не ўлічваюць праз неактыўнасць у апошнія два месяцы, расказалі «Белсату» ў КР. Такім чынам, для прыняцця нейкага рашэння трэба звыш паловы галасоў «за», а гэта цяпер 53 галасы.

2 жніўня слухалі Коўшык і Сахашчыка: да Коўшык вострых пытанняў не было, да Сахашчыка ж былі пытанні пра кепскія адносіны з палком Каліноўскага (Сахашчык кажа, гэта полк не ідзе на кантакт) і закрытасць працы (некаторыя заявы Сахашчыка праверыць з адкрытых крыніцаў цяжка ці немагчыма, бо ягоная вайсковая дзейнасць паўсакрэтная, але ён запрашаў чальцоў Каардынацыйнай рады асабіста праверыць працу ягонай каманды і сітуацыйна-аналітычнага цэнтру).

3 жніўня слухалі і распытвалі прадстаўніцу Кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольгу Гарбунову, увечары 3 жніўня – прадстаўніка ў замежных справах Валера Кавалеўскага. Слуханні транслявалі ў жывым эфіры на YouTube. 4 жніўня запланаваныя слуханні прадстаўніка ш справе транзіту ўлады Паўла Латушкі, пачатак трансляцыі анансаваны на 16:00 паводле варшаўскага часу (17:00 паводле Менску).

Дата слуханняў прадстаўніка для аднаўлення правапарадку Аляксандра Азарава пакуль вызначаецца. Азараў і Латушка былі ў незапланаванай паездцы ў Кіеў, не паспелі вярнуцца на слуханні ў запланаваныя даты, а фармат слуханняў не прадугледжвае онлайн-удзелу – таму ім прапанавалі вызначыць іншыя даты.

Hавiны
Каардынацыйная рада пачала слуханні прадстаўнікоў кабінету Ціханоўскай
2023.08.02 20:01
Абноўлена
Каардынацыйная рада працягнула слуханні Пераходнага кабінету. Слухалі Гарбунову і Кавалеўскага
2023.08.03 16:02

Навошта гэтыя слуханні

Калі Ціханоўская толькі стварала Кабінет, яна казала, што хацела б, каб яго склад зацвярджала Каардынацыйная рада. Так бывае ў мностве дэмакратычных краінаў: заканадаўчая галіна ўлады зацвярджае або прызначае выканаўчую ўладу.

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў ва ўступным слове сказаў, што слуханні – знакавая падзея, бо ўнутраная дэмакратыя, публічная і добраахвотная, не менш важная за тую агульную дэмакратыю, да якой імкнуцца праціўнікі Лукашэнкі. Групы дэлегатаў, адказныя за слуханні, складаліся з прадстаўнікоў усіх фракцыяў Рады, адзначыў ён.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Варшаве, Польшча. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Задача слуханняў – не толькі ацаніць дзейнасць прадстаўнікоў Кабінету, але і даць рэкамендацыі Кабінету ў дасягненні заяўленых мэтаў, казаў Ягораў.

Мэты, якія дэкларуе Кабінет, такія: абараняць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, рэпрэзентаваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі, аднавіць канстытуцыйную законнасць і правапарадак, распрацаваць і рэалізаваць захады для спынення незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення свабодных і сумленных выбараў, распрацаваць і выконваць рашэнні дзеля дэмакратычных пераменаў у Беларусі. У выніку руху да гэтых мэтаў павінны быць вызваленыя палітычныя вязні.

Разбор
Што такое Каардынацыйная рада, хто яе выбіраў і кім яна кіруе?
2023.03.15 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў