Дзе бабахне ў 2024 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя новыя войны


Свет наўрад ці стане больш спакойным і мірным у 2024 годзе: нават калі завершацца нейкімі замірэннямі войны ва Украіне і Газе, сумнеўна, што не пачнецца новых канфліктаў. Мы не можам прадказаць, дзе пачнецца наступная вайна. Але можам пералічыць, дзе цяпер неспакойна.

2024 год
Малюнак згенераваны нейрасеткай. 2024 год. Выява: Dall-E / Bing.com

Год таму мы пералічвалі, дзе можа бабахнуць. Тады аналітыкі не прагназавалі перавароту ці грамадзянскай вайны ў Расеі, але паглядалі на публічную актыўнасць кіраўніка баевікоў групы Вагнэра Яўгенія Прыгожына – а ён у выніку ўчыніў правальны мяцеж. Беларусь не ўцягнулі яшчэ глыбей у вайну ва Украіне, затое «абдарылі» расейскай ядравай зброяй і вагнэраўцамі.

Нападаў Кітаю на Тайвань ці Сербіі на Косава, пра якія папярэджвалі некаторыя аналітыкі, не здарылася, але нечаканае развіццё атрымалі азербайджанска-армянскі і арабска-ізраільскі канфлікты. Здавалася б, новымі канфліктамі ў афрыканскім «пасе пераваротаў» ужо не здзівіш, але наўрад ці многія чакалі, што за адзін год палыхне ў Судане, Сьера-Леонэ, Буркіна-Фасо і Нігеры.

Чаго чакаць ад 2024 года? Як піша амерыканскі CNN, 2023 год быў «годам на мяжы», а 2024-ы можа быць нават горшым. «Politico» прадказвае, што словамі 2024 года могуць стаць «ізаляцыянізм» (калі на прэзідэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах пераможа Доналд Трамп), «выбары» (бо яны будуць не толькі ў ЗША і могуць шмат чаго змяніць), «раскол» (не толькі праз выбары і войны) і «мір» (на які, можа марна, будуць спадзявацца).

Расея, Украіна і расейскія сатэліты

Вучэнні расейскіх марскіх пехацінцаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні расейскіх марскіх пяхотнкаў. Мурманская вобласць, Расея. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Mil.ru

У вайне ва Украіне фронт амаль не рухаўся цягам 2023 года, нягледзячы на вялікія страты абодвух бакоў. Многія медыі сталі казаць пра тупік. У 2024 годзе гэтая вайна можа працягнуцца з рознымі сцэнарамі. Напрыклад, няўрадавая арганізацыя «GlobeSec» лічыць найбольш імаверным сцэнаром працяглую вайну на знясіленне, якая не завершыцца да 2026 года. Даволі імавернымі бачыць арганізацыя і варыянт «гібрыднай трэцяй сусветнай», у якой вайна ва Украіне «размыецца» на фоне іншых войнаў. Менш імавернымі – замірэнне праз патавую сітуацыю або паступовае вызваленне акупаваных тэрыторыяў.

Эксперт Атлантычнай рады заклікае Захад вызначыцца, ці хоча той, каб Украіна перамагла, бо для яе перамогі патрэбнае большае падтрыманне.

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Хоць афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль у нападзе на Украіну, войскі Беларусі пакуль непасрэдна не ўступілі ў вайну. Але ў наступным годзе могуць узнікнуць умовы для глыбейшага ўцягвання Беларусі ў баявыя дзеянні – напрыклад, калі Расея наважыцца зноў ісці на Кіеў.

На постсавецкай прасторы магчымыя і іншыя ўзброеныя канфлікты. Арменія не выключае, што Азербайджан рыхтуецца да новай вайны пасля перамогі ў Карабаху.

Можа разгарэцца канфлікт вакол падкантрольнай Расеі Паўднёвай Асеціі. У Малдовы ў дадатак да Прыднястроўя могуць з’явіцца праблемы з прарасейскай Гагаузіяй.

Як паказаў пагром аэрапорту ў Дагестане, раптоўныя беспарадкі могуць пачацца і ў самой Расеі нават без сувязі з вайною ва Украіне. Ды і пытанне незадаволенасці хадою вайны не знятае – і можа зноў абвастрыцца ў сакавіку падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Блізкі Усход

Ізраільскія вайскоўцы на вучэннях
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія вайскоўцы на вучэннях «Chariots of Fire». Травень 2022 года.
Фота: Israel Defense Forces / Flickr, CC BY-NC 2.0

Вайна ў сектары Газа можа прыпыніцца ці нават завершыцца, ды Ізраіль усё яшчэ размыта апісвае сваю мэту як перамогу над тэрарыстамі «Хамасу» – а як тая перамога мусіць выглядаць, незразумела. Але гэтая вайна можа перакінуцца на Ліван і нават Іран, які падтрымлівае тэрарыстаў «Хізбулы» і «Хамасу».

Усё больш імавернай выглядае вялікая вайна краінаў Захаду з хусітамі ў Емене, якія вядуць баявыя дзеянні быццам бы супраць Ізраілю, але фактычна перакрываюць марскі трафік праз Чырвонае мора. Еменскіх хусітаў падтрымлівае той жа Іран – і ў марскіх атаках падазраюць ужо і яго.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 15:27

Акрамя таго, трываюць баявыя дзеянні ў Сірыі і Іраку, у атаках на амерыканскіх вайскоўцаў падазраюць падтрыманых Іранам апалчэнцаў.

Паўднёвая і Паўднёва-Усходняя Азія

Кітайскія вайскоўцы на вучэннях
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кітайскія вайскоўцы на вучэннях страляюць з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Type 67». Хубэй, Кітай. 20 красавіка 2018 года.
Фота: Liu Zhixin / Chinamil.com.cn

Паўночная Карэя, як звычайна, пагражае вайной і балістычнымі ракетамі. У Паўднёвай Карэі хвалююцца не столькі праз «традыцыйныя» пагрозы з боку КНДР, колькі праз магчымыя атакі паводле тактыкі «Хамасу».

Да звыклых папярэджанняў пра магчымы напад Кітаю на Тайвань усё часцей дадаюцца папярэджанні пра кітайскія прэтэнзіі на амаль усё Паўднёва-Кітайскае мора (бо калісьці Кітай проста намаляваў на мапе дзевяць рысак і заявіў: «Маё»). Кітай ужо вінаваціць Філіпіны ў «правакацыях», мае прэтэнзіі таксама да Малайзіі і В’етнаму.

Агляд
7 мапаў, на якіх няма Расеі
2023.05.25 07:00

У М’янме грамадзянская вайна трывае з 2021 года, калі ўладу зноў захапіла вайсковая хунта. Але цяпер, падобна, Кітай можа гуляць у гэтай вайне за абодва бакі: на словах за хунту, на справах за паўстанцаў.

Не знікла пагроза новай вайны між Індыяй і Пакістанам – дзвюма ядравымі дзяржавамі.

Выбары ў Бангладэшы на пачатку студзеня могуць стаць прычынай вялікага канфлікту – яшчэ перад імі ў сутыкненнях паліцыі і дэманстрантаў загінулі прынамсі шасцёра асобаў.

Акрамя таго, Афганістан застаецца пад кантролем тэрарыстаў «Талібану», але ў краіне дзеюць паўстанцы.

Афрыка: «пас пераваротаў» і Афрыканскі Рог

Эфіопскі снайпер на баявым дзяжурстве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Эфіопскія вайскоўцы на баявым дзяжурстве. Блізу Гуліса, Эфіопія. 13 снежня 2023 года.
Фота: FDRE Defense Force / Facebook

Шмат дзе ў Субсахарскай Афрыцы сітуацыя ўжо цяпер катастрафічная праз войны і стыхійныя бедствы: пакутуюць мільёны людзей у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Эфіопіі, Нігеры, Самалі, Малі, Буркіна-Фасо, Судане і Паўднёвым Судане…

Да спісу можа дадацца Эрытрэя, да якой мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі Эфіопія. Або Рэспубліка Конга, у якой восенню 2023 года хадзілі чуткі пра магчымы пераварот. Або яшчэ доўгі шэраг афрыканскіх краінаў з топу «крохкіх дзяржаваў».

А яшчэ Гаяна, Гватэмала, Косава, Мексіка…

Косава па-ранейшаму непакоіцца, што Сербія можа напасці ў любы момант. Мексіканскія наркакартэлі становяцца ўсё больш брутальнымі – рэспубліканцы ў Штатах ужо заклікалі ўмяшацца ў тамтэйшую вайну. Венесуэла нібы адмовілася ад ідэі ўварвання ў Гаяну, але не адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў і фармальнай анексіі большай часткі суседняй краіны. Маштабны палітычны крызіс у Гватэмале ўжо называюць спробай перавароту, які спрабуюць учыніць непрыяцелі пераможцы выбараў, – і нельга выключаць, што крызіс не завершыцца мірна…

Брытанскі канал «TLDR News» тлумачыць: прычынамі цяперашніх войнаў становяцца не толькі тэрытарыяльныя прэтэнзіі (а Расея паказала, што іх усё яшчэ можна вырашаць гвалтам). Развязванню войнаў спрыяюць таксама і ўздым аўтарытарызму (дэмакратычных краінаў становіцца ўсё менш, а аўтакраты больш схільныя да канфліктаў), і арганізаваная злачыннасць (якая пагаршае канфлікты), і ўсё большая ўцягнутасць у канфлікты незаконных узброеных фармаванняў (напрыклад, у Афрыцы і на Блізкім Усходзе), і нават змена клімату (што прыводзіць да голаду, які вядзе да войнаў). А міжнародныя гуманітарныя высілкі не паспяваюць за ростам патрэбаў ахвяраў канфліктаў.

Аналітыка
Дрэнны прыклад заразлівы. Як Расея можа ўцягнуць свет у трэцюю сусветную
2023.12.19 07:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў