news
Агляд
Гагаузія можа абвясціць сябе рэспублікаю. Тлумачым, што гэта за рэгіён і чаму гэта важна
Гагаузія фактычна сталася непрызнанаю рэспублікаю са сваім прэзідэнтам, парламентам, міністэрствамі і нават войскам.
03.09.202308:00

Дэпутаты малдаўскай аўтаноміі Гагаузія ўжо ў верасні могуць абвясціць свой рэгіён рэспублікаю. Такую заяву зрабіў кіраўнік мясцовага парламенту. «Белсат» тлумачаць, што гэта за рэгіён і наколькі дзейнасць гагаузскіх дэпутатаў можа адпавядаць інтарэсам Расеі.

Гагаузія – невялікі аўтаномны рэгіён на тэрыторыі Малдовы плошчаю 1848 км², што параўнальна з плошчай Іўеўскага раёну Беларусі. Тут жывуць каля 134 тысячаў чалавек, або каля 4,6 % насельніцтва ўсёй Малдовы. Сталіца рэгіёну – горад Камрат, паводле колькасці насельніцтва параўнальны з беларускім Наваградкам.

Асноўнае насельніцтва Гагаузіі – цюркскі народ гагаузаў. У 2014 годзе яны складалі амаль 84 % жыхароў аўтаноміі супраць 4,7 % малдаванаў. Рэшта насельніцтва – балгары, расейцы, украінцы ды іншыя.

Паводле сваёй мовы гагаузы вельмі моцна адрозніваюцца ад суседніх малдаванаў. Калі апошнія размаўляюць на румынскай мове, што ў сваю чаргу паходзіць ад лаціны, то мова гагаузаў найбольш падобная да моваў крымскіх татараў або туркаў. Пры гэтым, у адрозненне ад іх, гагаузы, як і малдаване, пераважна праваслаўныя.

Тым часам варта адзначыць, што асноўная мова камунікацыі і навучання ў Гагаузіі расейская, а не гагаузская ці румынская.

Апроч Малдовы, вялікая частка гагаузаў – больш як 30 тысячаў – жыве ў суседняй Адэскай вобласці Украіны.

Гісторыя супрацьстаяння

Гагаузскі нацыянальны рух набыў моц падчас перабудовы ў СССР, у канцы 1980-х. 12 лістапада 1989 года Надзвычайны з’езд прадстаўнікоў гагаузскага народу абвясціў утварэнне Гагаузскай Аўтаномнай ССР у складзе Малдаўскай ССР. А 19 жніўня 1990-га прынялі дэкларацыю незалежнасці ды абвесцілі Рэспубліку Гагаузію ўжо ў складзе СССР. Але ўлады ў Кішынэве назвалі такія рашэнні неканстытуцыйнымі.

Тым не менш Гагаузія фактычна сталася непрызнанаю рэспублікай са сваім прэзідэнтам, парламентам, міністэрствамі і нават войскам.

Паралельна ў Малдове на тэрыторыях з вялікаю доляю расейскага і ўкраінскага насельніцтва абвесцілі Прыднястроўскую Малдаўскую ССР. У 1992 годзе гэта вылілася ў збройны канфлікт паміж Прыднястроўем і малдаўскімі ўладамі, ахвярамі якога сталіся больш за тысячу асобаў.

Падобны канфлікт мог узнікнуць і ў Гагаузіі. Найбольш гарачая фаза супрацьстаяння была ў кастрычніку 1990 года, калі ў рэгіён прыбылі з аднаго боку малдаўскія добраахвотнікі, якія выступалі супраць гагаузскага сепаратызму, а з другога – прыднястроўскія, якія яго падтрымлівалі. Але тады збройнага сутыкнення ўдалося пазбегчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гагаузскі сцяг і партрэт першага прэзідэнта Гагаузіі Стэпана Тапала ў кабінеце дырэктара тэлеканалу GRT.
Фота:  Ramin Mazur / Panos Pictures / Panos Pictures / Forum

А сама Гагаузія ў 1994 годзе пагадзілася на правах аўтаноміі інтэгравацца ў склад Малдовы. У Гагаузіі ёсць свой выбарны кіраўнік – башкан, свой парламент і выканкам, свае герб, сцяг і гімн.

Аднак вяртанне рэгіёну ў склад Малдовы не значыла знікнення непаразуменняў ды супярэчнасцяў паміж Кішынэвам і Камратам. Як і знікнення сепаратызму, які пры гэтым ідзе ў фарватары расейскай палітыкі.

Гэтак, у 2008 годзе гагаузскі парламент услед за Расеяй прызнаў незалежнасць грузінскіх рэгіёнаў Абхазія і Паўднёвая Асеція. А ў 2014-м у аўтаноміі прайшоў не прызнаны малдаўскімі ўладамі рэферэндум, на якім жыхары Гагаузіі прагаласавалі за «адкладзены» статус незалежнасці рэгіёну, за далучэнне да Мытнага саюзу на чале з Масквой і супраць інтэграцыі ў Еўрапейскі Звяз.

А што цяпер?

Чарговы канфлікт паміж уладамі ў Кішынэве і Камраце пачаўся ў 2022 годзе на фоне вайны ва Украіне і падачы Малдоваю заяўкі на ўступленне ў Еўразвяз. Абвастрэнню канфлікту спрыялі і выбары новага башкана аўтаноміі, якія прайшлі ўвесну 2023-га.

За крэсла кіраўніка Гагаузіі змагаліся васьмёра кандыдатаў. Амаль усе з іх крытыкавалі праеўрапейскі курс Кішынэва і заклікалі да захавання стасункаў з Расеяй. Кіроўная партыя Малдовы «Дзеянне і салідарнасць» свайго кандыдата на гэтых выбарах не вылучала, бо «цягам трох дзесяцігоддзяў гагаузы застаюцца пад уплывам расейскай прапаганды».

У выніку 14 траўня перамогу атрымала Яўгенія Гуцул ад прарасейскай партыі «Шор», якую ў чэрвені ў Малдове прызналі антыканстытуцыйнай. Яна перамагла іншага прарасейскага кандыдата Грыгорыя Узуна, падтрыманага Партыяй сацыялістаў. За Гуцул на выбарах, сярод іншага, агітавалі расейскія зоркі Філіп Кіркораў, Мікалай Баскаў і Стас Міхайлаў.

17 траўня малдаўскія сілавікі пасля галасавання сканфіскавалі спісы выбарцаў у Гагаузіі ў межах справы пра подкуп выбарнікаў. Як заяўлялася, у спісах тых, хто прагаласаваў, значыліся асобы, якія на момант выбараў былі за межамі Малдовы, а таксама памерлыя грамадзяне. У адказ прыхільнікі партыі «Шор» выйшлі на пратэст ля ЦВК Гагаузіі. Падтрымаў іх мясцовы парламент.

Гагаузскія дэпутаты ўсіх узроўняў таксама прынялі рэзалюцыю, у якой запатрабавалі пашырыць паўнамоцтвы аўтаноміі, аднавіць у ёй дзейнасць рэгіянальных падатковай, статыстычнай, экалагічнай ды іншых службаў і дзяржаўных прадпрыемстваў, спыніць умяшанне цэнтральных уладаў у выбарчыя кампаніі. Дэпутаты дамовіліся правесці з’езд 9 верасня, «каб прыняць далейшыя рашэнні».

І вось цяпер кіраўнік Народнага сходу Гагаузіі Дзмітрый Канстанцінаў не выключыў, што на пасяджэнні разгледзяць абвяшчэнне Рэспублікі Гагаузія. Прычым зрабіў ён у гэта ў каментары прыднястроўскім медыям:

«Будзем вырашаць, як будзем далей рабіць. Не выключана [што могуць ізноў абвясціць рэспубліку Гагаузія. – Заўвага Belsat.eu]. Народ патрабуе гэтага, бо рэспубліка [цэнтральныя ўлады Малдовы. – Заўвага Belsat.eu] млява ставіцца да нашага заканадаўства».

Чаму гэта важна?

Гагаузія – частка маштабных планаў Расеі для дэстабілізацыі Малдовы. Прынамсі яна згадваецца ў дакументах, якія трапілі ў рукі групы міжнародных журналістаў-расследавальнікаў. Стратэгію палітычнага ды эканамічнага падпарадкавання Малдовы стварылі ў кіраўніцтве прэзідэнта Расеі ў пытаннях памежнай супрацы Адміністрацыі прэзідэнта і ўзгаднілі з расейскімі спецслужбамі. Дакумент сярод іншага заклікае лабіяваць інтарэсы Прыднястроўя і Гагаузіі.

Згодна з дакументам, РФ планавала перашкаджаць уладам Малдовы выключыць Расею з урэгулявання прыднястроўскага канфлікту і хацела захаваць расейскую вайсковую прысутнасць на непрызнанай тэрыторыі. Прапаноўваліся і іншыя крокі для павелічэння залежнасці Малдовы ад Расеі ды пашырэння электарату прарасейскіх малдаўскіх палітыкаў, фармаванне прарасейскіх настрояў сярод малдаўскіх элітаў, а таксама адмова ад палітыкі румынізацыі.

Таксама, паводле расследавання «The Washington Post», Федэральная служба бяспекі Расеі цяпер працуе над зрынаннем празаходняга ўраду Малдовы. За гэтым планам нібыта стаіць сын былога генеральнага пракурора РФ Ігар Чайка, які «супольна з прэс-сакратаром Крамля Дзмітрыем Пясковым распрацаваў падрабязныя планы падрыву пазіцыяў прэзідэнткі Малдовы Маі Санду і вяртання Малдовы ў сферу ўплыву Расеі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейская праваслаўная царква ў Камраце.
Фота: Daniel Mihailescu /AFP / East News

Як паведамляе «WP», ФСБ скіравала дзясяткі мільёнаў долараў для фінансавання сеткі прарасейскіх малдаўскіх палітыкаў. Вызначальную ролю адыгрывае буйны бізнесовец Ілан Шор, стаўленіца якога якраз і перамагла на апошніх выбарах у Гагаузіі. Таксама шораўцы занялі пасады ў гагаузскім выканкаме.

Цяпер жа пра змену статусу аўтаноміі заяўляе і кіраўнік Народнага сходу Канстанцінаў. Прычым амаль сінхронна з заявамі былога прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева пра магчымасць далучыць Абхазію і Паўднёвую Асецію да РФ. Гэта, вядома, не азначае, што Гагаузія станецца рэспублікай, а тым больш абвесціць сваю незалежнасць, пагатоў падобныя заявы тут рабіліся і раней.

Але гэта дэманструе, што паміж Кішынэвам і Камратам застаюцца сур’ёзныя супярэчнасці. Іх жа ў сваю чаргу можа выкарыстоўваць, а хутчэй ужо выкарыстоўвае, Масква дзеля далейшай дэстабілізацыі Малдовы і зрыву ейнай супрацы, а тым больш інтэграцыі з еўраатлантычнымі структурамі.

Аналітыка
«Патрэбны парасон NATO». Як не даць Расеі здзейсніць пераварот у Малдове і не пускаць туды расейскія ракеты
2022.11.02 13:41

На вокладцы: рабочы рамантуе рэкламны білборд са збляклымі на сонцы сцягамі Малдовы і Гагаузіі ў Камраце. Фота: Daniel Mihailescu /AFP / East News



Макар Мыш belsat.eu